Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Drum Extasy — канцэрт зь перапынкам у год


Drum Ecstasy
Drum Ecstasy
Сёньня ў менскім клюбе “Найт Стар” — канцэрт групы Drum Extasy. Гурт грае “жывую” музыку, якую самі музыкі вызначаюць як ”цяжкую танцавальную” з выкарыстаньнем розных шумоў на бас-гітары, падтрыманай масіўным фундамэнтам з трох ці болей барабаншчыкаў.

Лідэр Drum Ecstasy Філіп Чмыр адказаў на пытаньні “Свабоды”.

Філіп Чмыр: “Год назад, прыкладна, мы гралі апошні раз у Беларусі. У Менску, у клюбе „Ізюм“, — апошняе выступленьне, куды можна было патрапіць па білетах. Няма клюбаў нашага фармату. Усе клюбы ў нас — гэта дыскатэкі для „здыму“ і п’янства. На вялікі жаль, клюбаў нармальнага фармату, як у Эўропе ці нават Расеі, куды дзеля канцэрту можа прыйсьці моладзь, клюбаў на 200—300 месцаў, у нас няма. Іх у Беларусі зьнішчылі. Вось з чым зьвязана прычына нашай адсутнасьці”.

Карэспандэнтка: “А па-за межамі Беларусі гастрольная дзейнасьць як выглядае?”

Ф. Ч.: “У асноўным Расея, Украіна… Наагул, шмат катаемся. Вось на 2009 год ужо плян расьпісаны, удзел у фэстывалях плянуецца, так што пакажамся на вялікай публіцы”.

Карэспандэнтка: “Альбом нейкі новы?..”

Ф. Ч.
: “Так. Ужо закаталі 5 трэкаў, 2 яшчэ, у прыватнасьці сёньня падчас канцэрту, спраўдзім на публіцы — паглядзім, як людзі рэагуюць на нашы абнаўленьні… У нас ёсьць сайт, на сайце выкладзена ў вольным доступе цалкам уся наша творчасьць. Мы не зарабляем на музыцы. Продаж дыскаў — гэта страты. Кампанія ў Беларусі можа заплаціць максымум 2 тысячы даляраў за продажы. А выдаткі групы — 13—15 тысяч. Таму мы заўсёды выкладаем музыку ў інтэрнэт. Дарэчы, калі мы пішам музыку для кіно, заўсёды мы робім яшчэ трэк для сябе і адпаведна для слухача — і таксама выкладаем яго ў інтэрнэт”.

Карэспандэнтка: “А ў якіх фільмах пачуць можна?”

Ф. Ч.: “Прынцыпова кажучы, у тых фільмах, якія я і глядзець не пляную… „Гітлер капут“, „Самы лепшы фільм“, у „Начным Дазоры“ і „Дзённым Дазоры“… „Дазоры“, праўда, нельга назваць ганебнымі праектамі, куды трапляла наша музыка. Ну… купляюць музыку, і дзякуй Богу — грошы ідуць…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG