Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г. Вік: Эканамічныя рэфомы ў Беларусі прывядуць і да дэмакратыі


Доктар Ганс-Георг Вік лічыць пазытыўным працэс паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу – пры ўмове, што беларуская лібэралізацыя ня стане чарговым фарсам.

Афіцыйны Менск заявіў, што Беларусь пазытыўна ставіцца да палітыкі Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу. Напярэдадні Эўракамісія агучыла свой намер прапанаваць Беларусі разам з пяцьцю іншымі постсавецкімі краінамі ўдзельнічаць у асацыятыўным супрацоўніцтве і ў стварэньні новай эўрапейскай эканамічнай зоны.Эўрапейскія назіральнікі пры гэтым дадаюць, што канчатковае рашэньне Эўразьвязу можа быць прынятае ў залежнасьці ад прагрэсу Беларусі ў дэмакратызацыі краіны.

Вядомы нямецкім дыплямат, колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі доктар Ганс-Георг Вік назваў вельмі пазытыўным цяперашні працэс двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу пры ўмове, што апошнія крокі афіцыйнага Менску па лібэралізацыі сваёй унутранай палітыкі, не зьяўляюцца чарговым фарсам.

Вік: “Натуральна, што пакуль нейкія дзеяньні і рашэньні Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі вельмі абмежаваныя. Ад Менска чакаюць адпаведных і сур’ёзных крокаў, якія сьведчаць пра тое, што Беларусі ўжо пачаліся адпаведныя трансфармацыйныя працэсы...
Менавіта тады з боку ЭЗ можна будзе чакаць рэальных зьменаў у галіне той жа візавай палітыкі.

Адзначу, што першыя крокі насустрач абодвума бакамі ўжо зробленыя. Беларускія ўлады прынялі рашэньне аб распаўсюджваньні недзяржаўных выданьняў праз дзяржаўныя сеткі. Вельмі пазытыўным сыгналем можна назваць выступ кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімера Макея на нямецка-беларускім “Менскім форуме”.
Першыя крокі насустрач абодвума бакамі ўжо зробленыя.


У сваю чаргу, беларускія чыноўнікі былі запрошаныя на эканамічны форум ў Лёндане, дзе ў тым ліку абмяркоўвалася пытаньне паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі з тым, каб краіна не была цалкам залежнай ад расейскага паліва. Усе гэта надасьць новыя імпульсы для разьвіцьця беларускай эканомікі.

Я думаю, наколькі палепшыцца агульны настрой ў грамадзтве, калі ў Беларусі з’явяцца заходнія інвэстары, фірмы, усе іхныя крамы, усё гэта надасьць постсавецкаму Менску зусім іншы эўрапейскі твар. Дарэчы, зусім не чужы для Менску. Такі імідж адпавядае гэтаму гораду”.

Карэспандэнтка: “Вы сказалі наступныя словы, “калі гэтыя лібэральныя крокі Менску не чарговы фарс, не чарговая імітацыя... Вы самі больш схіляецеся ў бок чаго?”

Вік: “Раней, прыкладна год таму, я гаварыў, што Лукашэнка мусіць ведаць, куды ён хоча. Зразумела, крочыць у бок Эўропы і дэмакратыі – гэта вельмі цяжка для яго. Я думаю, што гэтыя крокі па лібэралізацыі, і найперш, па лібэралізацыі эканомікі, адыходу ад стэрылізаванай плянавай эканамічнай сыстэмы, ён вымушаны зрабіць. Чым раней адбудуцца гэтыя эканамічныя рэформы, тым раней будзе разьвіцьцё у бок дэмакратычных і справядлівых выбараў”.
Лукашэнку вельмі цяжка крочыць у бок Эўропы і дэмакратыі.


Карэспандэнтка: “Для вас відавочна, што Лукашэнка імкнецца да лепшых дачыненьняў з Эўразьвязам і ЗША. Якія на гэта прычыны, на вашую думку?”

Вік: “Тут можна бачыць два моманты. З аднаго боку, пэўным чынам на гэтыя імкненьні ўплывае ціск цэнаў на газ і нафту, хаця зь іншага боку невядома, якімі яны будуць надалей. Адна цяпер гэта прымушае Беларусь думаць пра канкурэнтаздольнасьць уласных тавараў на эўрапейскім рынку і, зразумела, шукаць выхады на эўрапейскі рынак. Другі момант з новым палітычным разьвіцьцём у Расеі – дуэтам Мядзьведзеў-Пуцін ( хутчэй Пуцін-Мядзьведзеў), якія згодна са сваёй зьнешнепалітычнай канцэпцыяй зрабілі магчымым прадаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, а таксама прадэманстравалі, як з дапамогай ваеннай сілы можна абараняць зону ўласных інтарэсаў за мяжой. Усё гэта супярэчыць таму міжнароднаму прававому парадку. І гэта ня можа не прымусіць Лукашэнку да таго, каб мець збалянсаваныя дачыненьні з Эўропай і ЗША, а не канфрантаваць зь імі.

Што да абнаўленьня эканомікі, яе канкурэнтаздольнасьці, то гэта рынкавае патрабаваньне для Беларусі, незалежна ад таго, зь кім Беларусь больш зьвязаная з Расеяй ці ЭЗ.

Абнаўленьне эканомікі Беларусі нясе ў сабе дэмакратычныя пераўтварэньні.


Гэта для Беларусі стане вельмі адметным працэсам, бо ён нясе ў сабе дэмакратычныя пераўтварэньні. Мы ўвесь час рэзка крытыкуем беларускі рэжым у дачыненьні яго стаўленьня да правоў чалавека, грамадзянскай супольнасьці. Калі цяпер пачнецца эканамічная мадэрнізацыя, то неўзабаве можна будзе гаварыць і пра дэмакратычную трансфармацыю”.

Карэспандэнтка: “Некаторыя нямецкія аглядальнікі схільныя лічыць, што паварот Брусэлю да беларускіх уладаў зьвязаны найперш зь ягоным расчараваньнем у апазыцыі.”

Вік: “Я шмат разоў чуў гэты аргумэнт. Я не згодны з гэтым. Па-першае, апазыцыя ва ўмовах дыктатарскага, усё яшчэ, рэжыму ня можа быць моцнай, яна ня можа прыйсьці да масаў, як і масы, насельніцтва ня могуць ісьці ў апазыцыю, таму што маюць пэўны досьвед пра перасьлед з боку ўладаў. Зьмена дыктатарскага рэжыму, як паказвае досьвед, прыходзіць толькі ў выніку свабодных выбараў. Даволі часта назіральнікі ўказваюць на тое, што ва Ўкраіне ўсё адбылося, а ў Беларусі няма ніякіх зрухаў.
Перамовы з урадам ня могуць і не павінны выключаць падтрымкі апазыцыі.


Аднак яны забываюцца пра тое, што ва Ўкраіне па-ранейшаму прадстаўленая апазыцыя ў парлямэнце. У Беларусі пасьля 1996 году назіраецца зусім іншая сытуацыя. І паралельна са штодзённым клопатам пра хлеб, адзеньне, абутак, думкі пра эўрапейскую будучыню даволі праблематычныя.
Асуджэньне апазыцыі – несумленная пазыцыя. Перамовы з урадам ня могуць і не павінны выключаць падтрымкі апазыцыі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG