Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі інвалід-вазочнік ня змог агледзіць Хатынь


“Правы інваліда для Беларусі ня менш важныя за вызваленьне палітвязьняў”. Так лічыць дэпутат Бундэстагу ад фракцыі левых, сябра парлямэнцкай групы “Беларусь” і каардынатар у пытаньнях правоў інвалідаў і турызму нямецкі палітык Ілія Зайфэрт.


Сёлета Ілія Зайфэрт ўпершыню пабываў у Менску. Як інвалід-вазочнік ён ня змог паўнавартасна азнаёміцца з мэмарыяльным комлексам Хатынь, меў шмат іншых бытавых праблемаў, у тым ліку, у часе пасяленьня ў гатэлі, прагулак па горадзе, наведаньня месцаў грамадзкага харчаваньня ды прыбіральняў.

Наша сустрэча адбываецца ў Бэрліне, у дэпутацкім бюро Іліі Зайфэрта ў Бундэстагу. Вядомы левы палітык, чыя фракцыя прызнала апошнія прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў Беларусі, справядлівымі і дэмакратычнымі, лічыць сябе недастаткова кампэтэнтным у пытаньнях вонкавай палітыкі. Аднак ён гатовы падзяліцца сваімі галоўнымі ўражаньнямі ад таго, што ўбачыў у Беларусі. Сёлета ён ўпершыню пабываў ў гэтай краіне, прычым тройчы. Апошні раз напачатку лістапада, калі ў сталіцы Беларусі адбывалася сумесная нямецка-беларуская імпрэза “Менскі форум”.

Менавіта ў часе форуму было ўзьнятае і ўхваленае пытаньне адносна рэканструкцыі мэмарыяльнага комплексу Хатынь з тым, каб знаёміцца зь ім маглі ня толькі здаровыя наведнікі, аднак і людзі з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі.

Ілія Зайфэрт вельмі шкадуе, што яму так і не ўдалося атрымаць паўнавартасныя ўражаньні ад помніку, які нямецкім турыстам гэтак жа важна наведваць, як і Асьвенцім, Арадур ды іншыя...

Тое, што Хатынь не прыстасаваная для такіх як ён наведнікаў Зайфэрту нават і не прыходзіла ў галаву.

калі пачаліся розныя лесьвічныя прыступкі, пра знаёмства з ўражлівым помнікам Хатынь прыйшлося забыць
Зайфэрт:
“На жаль, але мне фактычна давялося адмовіцца ад экскурсіі амаль на самым пачатку, нягледзячы на тое, што мяне суправаджалі два асыстэнты, якія некаторы час спрабавалі пакаціць мой вазок па траве. Аднак, калі пачаліся розныя лесьвічныя прыступкі, пра знаёмства з ўражлівым помнікам Хатынь прыйшлося забыць.

Сярод удзельнікаў эксурсіі было нямала беларусаў. Абурэньне сытуацыяй паступова пераўтварылася ў генэрацыю ідэяў. У выніку мы пачалі абмяркоўваць пытаньне як зрабіць Хатынь, даступнай для турыстаў – інвалідаў. Па сутнасьці, гэта магло б стаць пачаткам да кардынальна іншага стаўленьня да інвалідаў у беларускім грамадзстве. Цяперашнюю сытуацыю з інвалідамі ў Беларусі я ацэньваю як складаную».

Цяперашнюю сытуацыю з інвалідамі ў Беларусі я ацэньваю як складаную
Паводле Іліі Зайфэрта, нават у такім вялікім горадзе як Менск вельмі цяжка ўбачыць інвалідаў на вуліцах. Такое адчуваньне, кажа ён, што гэтыя людзі хаваюцца дома... Далёка ня кожны зь іх мае больш-менш сучасны вазок, на якім самастойна можна рухацца па вуліцах. Далёка не кожным вазку можна трапіць у пад’езд дома, праём ліфта...Ня трэба таксама выключаць і тое, што ліфты ў высотных менскіх дамах часта сапсуюцца ды й рамантуюцца далёка ня ў самыя хуткія тэрміны.

Зайфэрт: Я быў тройчы ў Менску і ў часе сустрэчаў на самых розных узроўнях я заўсёды казаў пра тое, што людзі з абмежаванымі магчымасьцямі павінны адчуваць сябе свабоднымі людзьмі ў грамадзтве. Я імкнуся супрацоўнічаць і зь беларускімі незалежнымі грамадзкімі арганізацыямі, і зь дзяржаўным саюзам інвалідаў, і таксама ўсталяваць кантакты на парлямэнцкім узроўні. Я заўсёды падкрэсьліваю, што выступаю за правы чалавека-інваліда, якія адлюстраваныя ў дэклярацыі правоў чалавека ААН. З майго гледзішча, выкананьне гэтых правоў ня менш важнае за вызваленьне палітвязьняў.

“Якія моманты вас найбольш насьцярожваюць?” –пытаюся ў майго суразмоўцы

Зайфэрт: “Паводле мах меркаваньняў, гэтыя людзі не адыгрываюць у беларускім палітычным і грамадзкім жыцьці аніякай ролі. Інвалідаў –вазочнікаў няма ані ў парлямэнце, ані ва ўрадзе.

інвалідаў –вазочнікаў няма ані ў парлямэнце, ані ва ўрадзе
Напэўна, гэта залежыць ад мясцовага мэнталітэту -- самасьвядомасьць, амбіцыі саміх інвалідаў ня надта высокія. Зь іншага боку, вашыя мэдычныя, сацыяльныя, палітычныя установы маглі б больш пільна ставіцца да інтэграцыі інвалідаў у грамадзтве. Гэтыя людзі павінны мець сваю нішу на рынку працы, бо стварыць працоўныя месцы для інвалідаў, ня так ужо і цяжка. Трэба на дзяржаўным ўзроўні думаць пра тое, што гэтыя людзі маюць права жыць у тых жа дамах і кватэрах, што і здаровыя, толькі праёмы ў дзьвярах павінны быць шырэйшымі, гэтыя людзі маюць права наведваць тыя ж рэстарацыі ды кавярні, толькі там трэба зрабіць адпаведныя прыступкі, а таксама падумаць пра спэцыяльныя прыбіральні. Дарэчы, ў такім вялікім будынку, як Дом ураду, дзе я сустракаўся са сваімі калегамі-парлямэнтарамі, няма аніводнай прыбіральні для інвалідаў. Таксама няма яе і ў будынку нацыянальнай бібліятэкі. Спэцыяльную прыбіральню я змог убачыць хіба што ў Менскай філярмоніі. Адчуваньне, што гэтыя тэмы аніяк не абмяркоўваюцца ані палітыкамі, ані грамадзкімі дзеячамі. І ужо зусім выглядае экстрымальнай тут такая тэма – дарэчы, вельмі нармальная і жыцьцёвая – права інвалідаў на сэкс. Для многіх гэта гучыць як абсурд”.

выглядае экстрымальнай тут такая тэма – дарэчы, вельмі нармальная і жыцьцёвая – права інвалідаў на сэкс. Для многіх гэта гучыць як абсурд
У часе сваёй самай апошняй паездкі ў Менск Ілія Зайфэрт меў перамовы адносна сумеснага праекту па мадэрнізацыі мэмарыяльнага комплексу Хатынь. З гэтай нагоды ён нават прывёз у Беларусі некаторыя накіды.

Зайфэрт: “Пакуль усё няпроста.Стварэньне адмысловых дарожак для інвалідаў–вазочнікаў пэўным чынам можа адбіцца на канцэпцыі мэмарыялу. Для гэтага патрэбная дакумэнтальная згода аўтара праекту – архітэктара Леаніда Левіна. Мне давялося пазнаёміцца зь ім гэтым летам пасьля беспасьпяховай паездкі ў Хатынь. Ён сказаў: «О, цягам 40 гадоў мне ніхто нічога падобнага не гаварыў». Ён пазытыўна ўспрыняў ідэю нашага праекту, і мы дамовіліся пра сустрэчу ў лістападзе. Аднак ў часе нашай апошняй паездкі Левін хварэў і ня змог сустрэцца з намі. Потым на Менскім форуме мы гутарылі з Уладзімерам Макеем, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыіі. Азнаёміўшыся з нашымі накідамі, ён сказаў, што для ажыцьцяўленьня патрэбная дакладная калькуляцыя і, безумоўна, дакумэнтальная згода аўтара праекту. Гэтага мы пакуль ня маем. З нашага гледзішча, фінансаваньне праекту і вырашэньне розных юрыдычных пытаньняў – гэта прэрагатыва беларускага боку.Мы ж у любыя час гатовыя даслаць сваіх спэцыялістаў. Адзначу як пазытыўны момант: у часе працы Менскага форуму было прынята рашэньне адносна падтрымкі гэтага праекту»



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG