“Мы павінны разьняволіць чалавека, лібэралізаваць нашае жыцьцё, зрабіць яго больш свабодным для чалавека...
... Неабходна забясьпечыць прастору ў эканоміцы, каб людзі маглі больш апэратыўна і свабодна дзейнічаць, каб іх нічога ня стрымлівала ... Абараняць правы людзей на годны заробак, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае – вось галоўная задача прэзыдэнта”.
Што азначаюць гэтыя дзіўныя заявы? Ну, па-першае, магчыма, што кіраўнік дзяржавы прыйшоў да высновы (сам ці з чыейсьці парады – няважна), што рыторыка часам больш важная, чым рэальныя справы, і можа нават замяняць іх. Раздражненьне Захаду і айчыннай прагрэсіўнай грамадзкасьці выклікалі ня толькі і можа ня столькі справы (у якіх Лукашэнка зусім не самотны) , а выразны пастсавецкі антураж рэжыму. Скажа ён, як ў свой час пры адкрыцьці нацыянальнай бібліятэкі, што “Ленін і Сталін – сымбалі нашага народу”, дык адразу і на Захадзе і ва многіх ў Беларусі – адпаведная ідэалягічная стойка. А навошта так дражніць? Вось расейскі калега Дзьмітры Мядзьведзеў кажа :”Свабода лепш чым несвабода”, і хаця практычныя справы гаспадара Крамля не зусім, мякка кажучы, адпавядаюць гэтай максіме, ўсе ламаюць галаву наконт плянаў і намераў Мядзьведзева, а некаторыя і дагэтуль запісваюць яго ў лібэралы. Карысны досьвед, чаму б не скарыстаць?
Нельга зрабіць эканоміку вольнай, не пашырыўшы прастору свабоды чалавека, не абмежаваўшы магчымасьці дзяржавы ўплішчвацца ў справы сваіх грамадзянаў. Магчыма, гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, прамаўляючы свой віцебскі маніфэст свабоды
Дарэчы, такая мадэль – мінімум ці адсутнасьць палітычных свабодаў, але даволі шырокія грамадзянскія, асабістыя правы – не такая ўжо і рэдкасьць у сьвеце. Найбольш вядомы прыклад: Чылі часоў Піначэту, можна прыгадаць і досьвед Сынгапуру, Тайваню, у пэўным сэнсе – сучаснага Кітаю. Гэтая мадэль эканамічна даволі эфэктыўная, а палітычна – дастаткова стабільная. Па ідэі на пэўным этапе яна вядзе і да палітычнай лібэралізацыі, але не абавязкова вядзе і, як правіла, ня хутка.
Некаторыя камэнтатары кажуць наконт лібэралізацыйных крокаў і заяваў улады, што гэта, маўляў, падман і ня мае нічога агульнага з сапраўднай свабодай. Але гэта – спроба ўламіцца ў адчыненыя дзьверы. Пры аўтарытарнай сыстэме сапраўднай свабоды ня можа быць паводле вызначэньня. Пры аўтарытарнай сыстэме магчымая толькі ласка ўлады – яна можа ціснуць, а можа і ня ціснуць. Магчымае таксама будаўніцтва больш ці менш прыгожых “пацемкінскіх вёсак” , муляжоў свабоды.
Гэта брыдка і няшчыра? Ну пэўна ж так. Свабода і сапраўды лепш за несвабоду. Але ж людзі жывуць у сваім жыцьці, а не ў гісторыі. Лепш, калі іх не саджаюць у турмы, лепш, калі газэты легальна выдаюцца ў краіне, а не дастаўляюцца і распаўсюджваюцца, як ленінская “Іскра”. Да таго ж ласка – гэта пэўнае пары. А раптам наступствы яе будуць значна большымі, чым уяўляе сабе ўлада? У рэшце рэшт ласка з цягам часу можа і ператварыцца ў свабоду, па меншай меры, ў нешта такое, што неяк няёмка, немагчыма адабраць пры чарговай зьмене настрою.
Існуе, зразумела, і меркаваньне, што чым горш - тым лепш, што пачварны, непрыкрыты твар аўтарытарызму робіць сытуацыю маральна больш яснай, што ў такіх умовах народ хутчэй усьвядоміць сваё становішча і ўзьнімецца на “апошні і вырашальны бой”, кажучы словамі “Інтэрнацыяналу”. Ну а калі ня ўзьнімецца? Ну а калі ўзьнімецца, то чаго такі гвалтоўны пераварот будзе каштаваць грамадзтву?
А што да свабоды, то трэба разумець, што яе заваяваньне – справа выключна свайго народу. Бессэнсоўна папракаць замежнікаў тым, што яны з прычыны іх амаральнасьці і цынізму ня робяць беларусам такую “невялічкую” паслугу, як вызваленьне іх ад дыктатуры. Максымум, чаго могуць дамагчыся замежнікі ад рэжыму, гэта менавіта ласкі.
што да свабоды, то трэба разумець, што яе заваяваньне – справа выключна свайго народу
Некалькі соцень маладзёнаў на плошчы спараджаюць адчуваньні менш моцныя. Тады толькі і застаецца, што разьлічваць на ласку. І спадзявацца, што грамадзтва выйграе пары з уладай.