Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаранная мода: відэлец, лыжка, серп і молат


У Менску шмат якія з рэстаранаў і бараў робяць акцэнтам рэклямнай канцэпцыі савецкую спадчыну. Ад матрошак да плякатнага мастацтва і візуальнага суправаджэньня кінастужкай “Іван Васільевіч мяняе прафэсію”. Гэта мода, выпадковае капіяваньне расейскай рэстараннай традыцыі альбо сухі маркетынгавы разьлік?

“Напился, ругался, сломал деревцо, — стыдно смотреть людям в лицо” — плякат з гэтымі словамі, якія вымаўляе строгі дзядзька, пагражаючы наведнікам калектыўным асуджэньнем, — адзін зь дзясяткаў на сьценах сеткавых бараў “Пінта” ў Менску.

Дзяўчаты-афіцыянткі — у чырвоных піянэрскіх гальштуках. На экране тэлевізара легендарныя савецкія кінастужкі.

Назвы страваў мэню таксама вытрыманыя ў настальгічным постсавецкім тоне. Разуменьне ў наведнікаў гэтая стылістыка знаходзіць не заўсёды, распавядае адміністратарка адной зь ”Пінтаў” Тацяна:

“У некаторых гэта выклікае настальгічную замілаванасьць, а некаторых вельмі злуе. Прыкладам, ня ўсім падабаюцца крэатыўныя назвы страваў у нашым мэню. Кшталту, „Крылья советов“, стэйк „Пионер“, „Доброволец“, „Голос Америки“ — гэта закуска зь сьвіных вушэй”…

Стаўленьне да “савецкага крэатыву” залежыць ад узроставай катэгорыі наведнікаў, заўважае Тацяна:

“Моладзі адно важна — піва ёсьць, астатняе абыякава — пасьмяяліся, пажартавалі, ды ўсё. А зь людзьмі сталага веку па-рознаму: нехта гумар разумее, а нехта абураецца страшэнна. У мяне быў такі выпадак аднойчы: людзі столькі скандалілі — і як назвы такія можна стравам было даць, і як можна было тыя плякаты, што ў нас вісяць (“Ён ня п’е гарэлку”), павесіць… Мне, па шчырасьці, тады ніякавата стала”…

Адзін з арганізатараў рэклямных фэстываляў у Беларусі Аляксандар Мікалайчук лічыць савецкую стылістыку ўсяго толькі маркетынгавым ходам, імкненьнем “адасобіцца” ад канкурэнтаў:

“Усе рэстаратары, якія імкнуцца ўвайсьці ў гэты бізнэс, хочуць быць не падобнымі да рэстарана за вуглом на суседняй вуліцы. Каб іх немагчыма было зблытаць зь некім яшчэ. Таму адкрываюцца гэткія кавярні, як „Товарищ“. Атрымалася ў іх няблага, я там быў. Але, мне здаецца, гэтая стылістыка савецкая — гэта сьцёб проста над тым, што было некалі, тут няма нічога сур’ёзнага ці ідэалёгіі нейкай”…

На думку супрацоўніка рэклямнай агенцыі “Пінгвін” Андрэя Сталярова, варыяцыі на тэму “Back in USSR” у рэкляме і маркетынгу — гэта старамодна. А “канцэптуальная настальгія па СССР” — гэта папросту выйсьце для лянівых ці сквапных:

“Прасьцей за ўсё чырвоны плякат на сьценку павесіць, просьценькі абрус на стол, графін, апрануць дзяўчат у савецкім стылі — і гатова. Ня трэба нічога думаць, нічога выдумляць… Ёсьць, прыкладам, у Менску недзе ў раёне Парніковай вуліцы рэстаран „Савецкі“. Калі людзі настальгію адчуваюць, дык туды ходзяць. Я там ніводнага разу ня быў, бо ніякага жаданьня ісьці за тым, каб мне селядзец кінулі на стол — няма”…

А вось у “сьвежаадкрытай” кавярні “Товарищ” у менскім Доме вэтэранаў кажуць, што савецкі стыль быў абраны асэнсавана і мэтанакіравана:

“Цяпер мода на брэнд „СССР“ досыць папулярная — яна існуе ва ўсім: і ў вопратцы, і ў кулінарыі, і ў рэстаранным бізнэсе. Таму мы менавіта на яе арыентаваліся і ў выбранай намі стратэгіі не расчараваліся”.

Савецкія сымбалі могуць мець супрацьлеглае маркетынгавым задумам значэньне: плякат, прысьвечаны галадамору ва Ўкраіне
Успрымаюць савецкую атрыбутыку як нешта сьмешнае і прышпільнае тыя, хто не асабліва ўнікаў у гісторыю, — дзеліцца назіраньнямі Франак Вячорка, адзін зь лідэраў моладзевага крыла Партыі БНФ:

“Траціна насельніцтва Эўропы і Беларусі нарадзілася пасьля перабудовы, калі Савецкі Саюз ужо перастаў асацыявацца са Сталіным, трагедыяй, тэрорам, голадам… Для многіх сёньня СССР — міт, і апранаючы майкі з гэткім надпісам, маладзёны часта ўпэўненыя: прыкольна і модна, гэта стала элемэнтам стылю „рэтра“. І ў кожнай эўрапейскай сталіцы можна сустрэць юнака ці дзяўчыну ў майцы зь сярпом і молатам”…

Госьці з замежжа савецкую атрыбутыку часта разумеюць як беларускую аўтэнтыку. Але гэты “постсавецкі сындром” можна скарэктаваць, лічыць сп. Вячорка:

“Для многіх замежнікаў шапкі-вушанкі, матрошкі і гарэлка ёсьць беларускімі сымбалямі. Мы стараемся разьбіць гэтыя стэрэатыпы. Замест гарэлкі прапанаваць крамбамбулю ці медавуху, замест шапак-вушанак — нашы вырабы з ільну… І гэткім чынам постсавецкі сындром можна разьбіць”…

Постсавецкая Літва разьбіла постсавецкі сындром больш рашуча: улетку літоўскі сойм прыняў закон, паводле якога савецкая сымболіка забараняецца нароўні з нацысцкай. Так што выкарыстаньне сярпоў, молатаў і “чырвоных” зорак можа быць пакарана штрафам да 290 эўра.

Аднак, на думку маіх суразмоўцаў, беларускаму парлямэнту пакуль да абмеркаваньня забароны “чырвонай” сымболікі — далёка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG