Гай Пікарда сваё жыцьцё прысьвяціў вывучэньню музычнай культуры Беларусі і быў яе папулярызатарам у сьвеце. Менавіта ён аднавіў старажытныя беларускія музычныя сьпевы і харалы беларускіх кампазытараў. Сябраваў зь беларускай эмігранцкай супольнасьцю, уваходзіў у беларускую грэка-каталіцкую парафію ў Лёндане. За сваю руплівую дзейнасьць спадар Пікарда быў узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.
Гай Пікарда памёр 21 красавіка 2007 году ў Лёндане.
Марыя Міцкевіч, старшыня дабрачыннага фонду “Сакавік”, сяброўка Гая Пікарды, расказала "Свабодзе" пра апошнюю волю ангельскага беларусіста:
“Гай Пікарада вельмі хацеў, каб ягоны прах быў пахаваны ў Беларусі, бо шмат гадоў ён займаўся гісторыяй беларускай музыкі, напісаў шмат артыкулаў на гэтую тэму, шмат гадоў удзельнічаў у журы фэстываляў “Магутны Божа”, і ў ягоным тастамэнце была запісаная воля быць пахаваным у Беларусі”.
Прах Гая Пікарды быў пахаваны звонку Чырвонага касьцёлу, тамсама ўстаноўлена мэмарыяльная шыльда.
Службу ў Чырвоным касьцёле вялі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч разам з апостальскім візытатарам для грэка-каталікоў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Сабраліся людзі, якія ведалі Гая, захапляліся ягоным талентам. Родзічаў Гая на цырымоніі не было.