Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Есьман, Ільіна, Паўлючук — падмурак рэжыму”


Аляксандар Лукашэнка загадаў звольніць трох судзьдзяў Цэнтральнага раёну Менску — Валеры Есьмана, Алену Ільіну і Тацяну Паўлючук, якія падазраюцца ў карупцыі. Раней гэтыя судзьдзі вызначыліся абвінаваўчымі прысудамі, вынесенымі ў палітычных справах супраць апазыцыянэраў.

У Цэнтральным судзе пакуль ніякіх зьменаў: шыльды з прозьвішчамі Есьмана, Ільіной і Паўлючук, як і раней, знаходзяцца на дзьвярах іх кабінэтаў.

У судзьдзі Паўлючук багата спраў
Судзьдзя Паўлючук займалася прыёмам грамадзянаў па адміністратыўных справах. Спадар Есьман таксама быў на працы, але адмовіўся даваць якія-небудзь камэнтары. Пра месцазнаходжаньне судзьдзі Ільіной сакратар нічога не паведаміў. Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Злата Гурыновіч сказала, што судзьдзі пакуль ня звольненыя:

“Рашэньне прымаецца ў адпаведнасьці з законам. Судзьдзі прызначаюцца і здымаюцца з пасады ўказам прэзыдэнта”.

Карэспандэнт: “А яны не арыштаваныя?”

Гурыновіч: “Не. А за што?”

Карэспандэнт: “Яны ж падазраваныя ў карупцыі”.

Гурыновіч: “Ну, праводзіцца праверка гэтых спраў”.

Есьмана, Ільіну і Паўлючук Аляксандар Лукашэнка згадаў у зьвязку з “кватэрнымі махінацыямі”. А менавіта — з гісторыяй пра тое, як пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір набываў сабе кватэру. Кватэра была набытая з парушэньнямі. І калі асоба, якая жыла ў ёй, зьвярнулася ў суд Цэнтральнага раёну, то судзьдзя Ільіна “ўзгадняла праз тэлефон са Сьнегіром пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў”. А судзьдзі Есьман і Паўлючук “прынялі рашэньне накласьці спагнаньне на наймальніка кватэры за нібыта самавольную перапляніроўку гэтай кватэры”. Аляксандар Лукашэнка загадаў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу вызваліць ад займаных пасадаў судзьдзяў Ільіну, Есьмана і Паўлючук.

Усе трое вызначыліся таксама ўдзелам у палітычных справах супраць апазыцыянэраў. Да прыкладу, спадар Есьман стаў вядомы яшчэ пакараньнямі ўдзельнікаў дэманстрацый увесну 1996 году. А судзьдзя Алена Ільіна пазбавіла волі Андрэя Кіма на паўтара года. Былы палітвязень адзначае:

Андрэй Кім
“Тут пытаньне ў тым, што гэтыя судзьдзі — той падмурак рэжыму, які патрэбен нашым уладам, каб трымацца. Бо яны займаліся незаконнымі асуджэньнямі. І гэтым яны былі знакамітыя. Паўлючук — гэта наагул асобная песьня. Колькі разоў я быў у яе на судах, у якасьці абвінавачанага і проста гледача, і, канечне, гэта быў жах. Складалася ўражаньне, што ім нехта кажа, колькі сутак даць, і яны гэта робяць. Я ўпэўнены, што сама судзьдзя Ільіна, якая выносіла мне крымінальны прысуд, вельмі добра разумее, што яна мне дала паўтары года і гэта несправядліва. Гэта проста ні ў якія вароты!”

Аляксей Марачкін
Мастак Аляксей Марачкін, да прыкладу, быў асуджаны напярэдадні 25 сакавіка судзьдзёй Паўлючук да арышту нібыта за тое, што нецэнзурна лаяўся. Ён лічыць, што вынесены прысуд быў несправядлівым:

“Я ішоў на тое, што ніхто ж не паверыць, што я карыстаюся гэтымі брыдкімі словамі. Яна так прабарабаніла, так хутка, што я нават не разабраўся. Так страчыла, што цяжка было разумець. І раптам тут жа сказала — 6 сутак. Такі канвэер”.

Валянцін Стэфановіч
Паводле праваабаронца Валянціна Стэфановіча, спадар Есьман мусіў разглядаць справу зьняволенага Аляксандра Баразенкі. Спадарыня Ільіна таксама разглядала “справу 14-ці”, а Паўлючук “фактычна мела дачыненьне да канвэеру па інтэрнаваньні апазыцыянэраў”. Спадар Стэфановіч лічыць цяперашнюю сытуацыю паказальнай:

“Бо гэта паказвае сыстэму. Тут справа не ў пэрсаналіях. Калі судзьдзі ў нас настолькі залежныя, што вельмі часта яны выносяць рашэньні, зыходзячы не з палажэньняў закону, а ўзгадняючы — няважна з кім: з пракурорам, старшынёй аблвыканкаму ці з кім заўгодна. Гэта сыстэма. Тэлефоннае права, якое зараз агучылі, на жаль, вельмі распаўсюджанае. І гэта будзе датуль, пакуль ня будзе праведзена нармальная судовая рэформа, якая сапраўды будзе гарантаваць незалежнасьць судовай сыстэмы, незалежнасьць судзьдзі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG