Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дае Беларусі 2 мільярды даляраў пад адзіную валюту?


13 лістапада Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне аб прадстаўленьні Менску крэдыту ў 2 мільярды даляраў. Палова, як чакаецца, паступіць у Беларусь неўзабаве, рэшта – у пачатку наступнага году.

Пры гэтым Расея і Беларусь плянуюць распрацаваць плян супольных дзеяньняў датычны, у тым ліку, і стварэньня адзінай валюты. У Міністэрстве фінансаў Расеі агенцтву РИА Новости ўдакладнілі, што другі мільярд будзе выдзелены пасьля падпісаньня пляну сумесных дзеяньняў.

З расейскага боку дакумэнт падпісаў віцэ-прэм’ер, міністар фінансаў Аляксей Кудрын, зь беларускага – міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Крэдыт прадстаўляецца на 15 гадоў з 5-гадовым льготным пэрыядам па выплаце асноўнага доўгу.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба лічыць, што расейскі крэдыт ратуе беларускую эканоміку:

Барыс Жаліба
"Сёньня гэты расейскі крэдыт Беларусі неабходны, таму што ў нас мінусовае сальда плацёжнага балянсу, і калі ўдакладніць: гандлёвага балянсу за 9 месяцаў – мінус 4 мільярды даляраў ЗША. Найбольшая напружанасьць у Беларусі – валютная, таму, я лічу, Расея гэтым 2-мільярдным крэдытам ратуе нашу эканоміку і менавіта валютную пазыцыю, таму што першы мільярд даляраў ідзе ўжо ў лістападзе. Ён будзе выкарыстаны, я лічу, на падтрыманьне абменнага курсу беларускага рубля да даляра ЗША. Па шчырасьці, Расея сёньня ратуе Беларусь ад наступстваў сусьветнага фінансавага крызісу.

Тут, канешне, ёсьць пытаньні. Напрыклад, наш сукупны зьнешні доўг на сёньня – 14 мільярдаў даляраў, і калі да яго будуць дададзеныя 2 мільярды расейскага крэдыту, калі будуць яшчэ 2 мільярды ад МВФ – ён дасягне 18 мілярдаў даляраў. Гэта нямала, і тут трэба задумацца, хто і калі будзе вяртаць гэты зьнешні доўг.”

У канцы 2007 году Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне аб прадстаўленьні Менску 15-гадовага стабілізацыйнага крэдыту ў 1.5 мільярда даляраў з пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу. Беларусь запрошвала гэтыя грошы, у прыватнасьці, на аплату энэргапаставак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG