Марш адбудзецца ў Менску. Прадпрымальнікі спадзяюцца, што ўлады зьвернуць увагу на іхнія абставіны: ад 1 студзеня, калі пачне дзейнічаць Указ № 760, бяз працы застануцца каля 120 000 чалавек.
Нагадаем: пракуратура вынесла папярэджаньне Віктару Гарбачову аб недапушчэньні парушэньня Закону аб масавых мерапрыемствах. Прадпрымальніка папярэдзілі, што за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.
Пракуратура таксама папярэдзіла Віктара Гарбачова аб крымінальнай адказнасьці, калі той будзе выступаць ад імя не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.
Віктар Гарбачоў паведаміў “Свабодзе”:
“Чыноўнікі добра памятаюць акцыі прадпрымальнікаў у сьнежні 2007-га і сёлетнія ў студзені. Яны адчулі, што зноў узьнікаюць праблемы з прадпрымальнікамі, і пачалі ціснуць на найбольш актыўных удзельнікаў прадпрымальніцкага руху. Прадпрымальнікі пасьля выступу намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура пачалі тэлефанаваць адзін аднаму. Усе гатовыя выйсьці на акцыю”.