Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі правёў перамовы з прэм’ер-міністрам Латвіі Іварсам Годманісам. Абодва прэм’еры ўзялі ўдзел у адкрыцьці Нацыянальнай выставы Беларусі ў Рызе. Бакі выказаліся за далейшае разьвіцьцё эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва паміж краінамі.
Сяргей Сідорскі адзначыў на прэс-канфэрэнцыі, што ў беларускім урадзе разглядаецца пытаньне пра набыцьцё часткі Вэнтспілскага порту. Таксама абмеркаваны пытаньні супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры і будаўніцтва беларускай АЭС.
На прэс-канфэрэнцыі Іварс Годманіс заявіў, што Латвія актывізуе супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў рамках Усходняй ініцыятывы Эўразьвязу. Таксама ён адзначыў, што як сябра Эўразьвязу Латвія хоча дапамагаць Беларусі ня толькі ў сфэры эканомікі. Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Эдгарс Вайкуліс адзначыў:
“Спадар Годманіс заявіў, што Латвія, як краіна ЭЗ, можа стаць адным з галоўных рухавікоў супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю ў рамках праграмы суседзяў Эўразьвязу. Гэтае супрацоўніцтва — важны фактар для эканамічнага разьвіцьця абедзьвюх краін. Якраз цяпер, калі мы перажываем нэгатыўныя фактары глябальнага фінансавага крызысу, эканамічнае супрацоўніцтва можа зьменшыць
Прэм’ер-міністры Латвіі і Беларусі не сустракаліся амаль 10 гадоў
Наагул, прэм’ер-міністры Латвіі і Беларусі не сустракаліся амаль 10 гадоў. Гэта было зьвязана з эўрапейскай палітыкай санкцыяў адносна афіцыйнага Менску. Аднак у ліпені гэтага году адбылася таемная сустрэча Сідорскага і Годманіса на латвійскім баку КПП “Урбаны-Сіленэ”. Калі гэтая інфармацыя трапіла ў мэдыі, то спадар Годманіс патлумачыў, што перамовы зь Сяргеем Сідорскім былі ў дзяржаўных інтарэсах Латвіі. А прэсавая служба латвійскага міністэрства замежных спраў назвала гэтую сустрэчу “асаблівым выпадкам”.
Сяргей Сідорскі не ўваходзіў у сьпіс непажаданых у Эўразьвязе чыноўнікаў. Аднак пасьпеў пабываць толькі ў Літве. Адмыслоўцы ў Латвіі цьвердзяць, што візыт у Рыгу тычыўся толькі двухбаковых стасункаў дзьвюх краінаў-суседак.
Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў:
“Латвія, безумоўна, зацікаўленая ў разьвіцьці эканамічных стасункаў зь Беларусьсю, бо даволі доўга ідзе спрэчка паміж Латвіяй і Літвой за беларускі транзыт. Альбо Клайпеда, альбо Вэнтсьпілс. Яны прапануюць розныя палёгкі, і Беларусь можа выбіраць. Я ня думаю, што гэты візыт павінен мець нейкі палітычны рэзананс. Сідорскі, як вядома, асоба не палітычная. І таму гэта чыстая эканоміка”.