Беларускія банкі, якія ў апошнія гады актыўна забясьпечвалі фізычных асобаў спажывецкімі крэдытамі, у тым ліку на набыцьцё кватэраў і аўтамабіляў, рыхтуюцца падвысіць працэнтныя стаўкі. Фармальна гэта тычыцца ня толькі новых кліентаў, але і тых, хто ўжо выплачвае пазыку. Ці варта асьцерагацца, што працэнтная стаўка за ўжо атрыманы крэдыт будзе пералічана?
Сёлета стаўку рэфінансаваньня зьмянялі ўжо чатыры разы, апошні раз — у сярэдзіне кастрычніка. З аднаго боку, такі крок стымулюе падвышэньне прыбыткаў па банкавых укладах, зь іншага — аўтаматычна растуць выплаты па крэдытах.
У бальшыні банкаў запэўніваюць: перагляд працэнтнай стаўкі будзе тычыцца толькі новых кліентаў, якія не пасьпелі пракрэдытавацца да фінансавага крызісу. У крэдытным аддзеле банку “Масква-Мінск”, аднаго зь лідэраў што да колькасьці крэдытаў, выдадзеных фізычным асобам, паведамілі: умовы пагашэньня крэдыту для сталых кліентаў застануцца ранейшымі.
“Калі ў нас падымаліся працэнтныя стаўкі па крэдытах, распаўсюджваліся яны на новаўзятыя, нанава аформленыя крэдыты. Каб павялічыць працэнтную стаўку (хоць дамовай абумоўлена, што мы маем права аднабакова яе падвысіць), трэба ў абавязковым парадку з кожным кліентам заключыць дадатковае пагадненьне. Толькі пасьля таго як падпісана пагадненьне, атрымана згода крэдытаатрымальніка, мы маем права павялічыць яму працэнтную стаўку. А як у нас вялікая колькасьць кліентаў, дык, думаю, ня вельмі рэальна нешта зьмяніць”.
Ад пачатку кастрычніка банкі свае тарыфы перагледзелі ўжо двойчы
Ад пачатку кастрычніка некаторыя банкі свае тарыфы перагледзелі ўжо двойчы. Па спажывецкіх крэдытах стаўкі ў сярэднім вырасьлі на 10%, аўтакрэдытаваньне ў валюце падвысілася на 7—9%, на жыльлё — на 5—8%. Пры гэтым карэкцыю зазналі максымальныя памеры крэдытаў. Так, “Прыорбанк” крэдыт на кватэру абмежаваў 35 тысячамі даляраў, тым часам як яшчэ нядаўна верхняя плянка складала 150 тысяч. Шэраг банкаў увогуле прыпыніў выдачу валютных крэдытаў, а рублёвыя падштурхоўваюць да пытаньня пра іх мэтазгоднасьць. Прыкладам, аўтакрэдыт у ВТБ-банку можна ўзяць пад 22—24% гадавых, на жыльлё — пад 21,5%. Павялічыліся тэрміны разгляду заявак — ад некалькіх дзён да 3—4 тыдняў.
Аналітык фінансавага парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова лічыць, што новыя стаўкі сапраўды могуць напалохаць кліентаў, аднак ранейшым крэдытаатрымальнікам перагляд тарыфаў наўрад ці пагражае. Пакуль што:
“Насамрэч у дамовах многіх банкаў прапісана ажно да таго, што па крэдытах захоўваецца “плаваючая стаўка”. То бок нават калі зьмяняецца сытуацыя на рынку — і гэта не зьвязана толькі са стаўкай рэфінансаваньня, а ўвогуле проста даражэе крэдыт, — нібыта банк можа падвышаць стаўку. Аднак, наколькі мне вядома, такіх прэцэдэнтаў па фізычных асобах пакуль не было. Што тычыцца юрыдычных асобаў, ведаю, што сапраўды падвышэньне працэнтаў па крэдытах заднім чыслом адбываецца. А адносна фізычных банкі так ня робяць. Увогуле гэта ідзе ўразрэз з Грамадзянскім кодэксам і будуць пэўныя праблемы для банкаў у далейшым. Калі фізычная асоба падасьць у суд, то будзе для банку ня вельмі прыемная рэч. Варта пайсьці аднаму чалавеку і выйграць суд, а шанцы выйграць, шчыра кажучы, ёсьць, за ім пацягнецца калёна ахвотных. Навошта гэта катораму з банкаў патрэбна?”
У Беларускай асацыяцыі банкаў кажуць, што ў кантэксьце сусьветнага фінансавага крызісу будуць і іншыя, непапулярныя з гледзішча абываталя, захады ўрадавых структураў. Аднак усе гэтыя навацыі выкліканыя аб’ектыўнымі працэсамі і накіраваныя на забесьпячэньне стабільнасьці ў дзяржаве:
“Тое, што прынята Нацбанкам, — адзін з захадаў па ахове эканомікі ад праяваў крызысу. Гэта ня ёсьць нейкай сэнсацыяй, захады абсалютна правільныя, бо няма іншых шляхоў, каб абараніць эканоміку. Гэта робяць усе, усе дзяржавы прыкладаюць розныя намаганьні, каб абмежаваць сусьветны крызіс. Усе заклапочаныя. Хутка сусьветная “дваццатка” зьбярэцца, каб абмеркаваць праблемы абароны ад сусьветнага крызісу — ужо фактычна эканамічнага крызісу, ня толькі фінансавага. Але ў будучым, магчыма, яшчэ толькі будзе пагаршацца сусьветная сытуацыя. Прынамсі, гэта вынікае з прагнозаў МВФ. Так што трэба быць гатовымі і да гэтага”.
Экспэрты прагназуюць скарачэньні лішніх людзей ды зьніжэньні заробкаў
На тле эканамічнай неакрэсьленасьці спэцыялісты раяць не сьпяшацца пачынаць “крэдытную гісторыю”. Ня толькі з прычыны працэнтных ставак. Экспэрты прагназуюць скарачэньні лішніх людзей ды зьніжэньні заробкаў па ўсім сэктары эканомікі.