Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі стралок ратуе беларускую вёску <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Вёска Калодчына на першы погляд мала чым адрозьніваецца ад астатніх беларускіх вёсак. Але гэта толькі на першы погляд. Пры ўезьдзе ў вёску раю ўсім скінуць хуткасьць. А то атрымаецца, як з тым дачнікам, пра якога распавядаюць у Калодчыне.


На хуткасьці пад 100 кілямэтраў па вёсцы ляцеў “жыгуль”. Як заўжды лётаюць на другасных дарогах. І раптам наляцеў на “ляжачага паліцыянта”. Грукат, віск тармазоў і маты на ўсю ваколіцу. Затым “Жыгуль” ізноў набраў хуткасьць. Каб празь дзьвесьце мэтраў наляцець на яшчэ аднаго “паліцыянта”, яшчэ круцейшага. Ізноў грукат, віск, мат і паламаная падвеска.

З тае пары па Калодчыне ўсе езьдзяць асьцярожна. Але “ляжачыя паліцэйскія” — не адзінае дзіва ў вёсцы. Тут даўно забыліся на праблему перагарэлых лямпачак ці шумных кампаній адпачывальнікаў. І хто ж гэты дабрадзей, які аблягчае жыцьцё людзям? Паслухаем калодчынскую кабету.

Кабета: “Нашай вёсцы пашанцавала. Мы адразу ня ведалі, што ён такая знакамітасьць. Вясковыя жанчыны звалі яго барын. Ён такі прадстаўнічы, ён парадачны. Ён настолькі адэкватны чалавек, што я яго проста багатвару. І сьвятло, і асфальт. Гэта толькі дзякуючы яму”.

А вось другі голас на імя калодчынскага героя.

Уладзімір
: “Гэты чалавек пасланы Богам для Калодчына. Ён вырашае ўсе пытаньні. Усё вёска паважае яго. Яго абралі старастам. Прыяжджалі дачнікі і наладжвалі тут гульбішчы. Шумныя гульбішчы. Не давалі спаць старым. Прыйшоў Газаў і папярэдзіў. Калі бабкі ім казалі, то не даходзіла. А як Газаў прыйшоў, дык тут жа супакоіліся”.

Калодчыну сапраўды пашанцавала са старастам. Аляксандар Газаў, карэнны масквіч, жыве ў Беларусі ад 1969 году. Ён стралок. Чэмпіён ХХІ Алімпійскіх гульняў у Манрэалі і прызэр ХХ Алімпіяды ў Маскве. У Калодчын перабраўся да жонкі, якая родам адсюль. Сам пабудаваў прыгожую сядзібу, сам вядзе сваю гаспадарку. Ён сапраўды нагадвае старэючага арыстакрата. Сівы прыгажун з разумным позіркам, які разважліва курыць, прыпальваючы адну цыгарэту ад другой. Мы сядзім на вэрандзе, цёмнае дрэва сьценаў упрыгожваюць галовы дзікоў — паляўнічыя трафэі.

Газаў:
“Мне задавалі пытаньне пасьля гэтай Алімпіяды. “Як вы расцэньваеце выступленьне нашых стралкоў?” Я кажу: “Кепска”. А чаму? Мы езьдзілі ў Манрэаль тры чалавекі ад Беларусі. І прывезьлі тры мэдалі. Першае, другое і трэцяе месцы. Зараз езьдзіла сем чалавек і не прывезьлі ні адной. Як вы ацэньваеце?”

Карэспандэнт: “А вы самі, з вашым вялікім досьведам, не хацелі нагадаць пра сябе?”

Газаў: “Пра мяне памятаюць”.

Былы алімпійскі чэмпіён зь цікавасьцю глядзіць на будучыню спорту. Кітайскага спорту.

Газаў: “У нас, напрыклад, на аднаго стралка тры-чатыры прэтэндэнты. А ў іх выбіралі стралка з шасьці тысяч чалавек. Як вы лічыце, ёсьць з каго выбраць? У нас мала спартовых школ. А ў іх ніводнай сярэдняй школы няма без спартовага профілю. Прычым загадзя праходзяць тэставаньне, каго ў стральбу, каго ў штангу. А ў нас гэтага практычна няма”.

Вёсцы Калодчына не пагражае выміраньне. І сакрэт тут у разьмяшчэньні вёскі недалёка ад Вілейскага вадасховішча. Зямля тут ня толькі прыгожая, але даўно ўжо ня танная. Менш як за 15000 даляраў участкаў няма. І дамы тут будуюцца не тыповыя. Усё больш драўляныя, прасторныя сядзібы. Але, што цікава, гэта ніякія ня дачы. Гэта маёнткі для таго, каб прыгожа правесьці старасьць. Саміх карэнных жыхароў у Калодчыне з кожным годам менее. З самай натуральнай прычыны. Але найстарэйшая жыхарка Калодчына, старая Ганна, прычыну вясковага бязьдзецьця бачыць ня ў 60-х, а ў саракавых гадах.

Старая: “Пасьля вайны гналі ў калгасы, шмат людзей на той сьвет пайшло. Адымалі ж усё. І калёсы, і атосы, і сані, і плугі, і хамуты, і коні, усё. І вешаліся. І ўсяго было. Мой тата месяц, мусіць, дома не начаваў. “Будзем трымацца. Гэта ж усё жыцьцё нас будуць калхозьнікамі зваць?” Дык абклалі падаткамі. Усё забралі ў калгас”.

А зараз пагаворым з перасяленцамі з Расіі. Дакладней з этнічнай Беларусі, са Смаленшчыны. А яшчэ дакладней — з Гнёздава, што непадалёк ад Катынскага лесу. Сямейная пара, Іван ды Тамара, пераехалі ў Беларусь даўно. Але ўражаньні дзяцінства назаўжды засталіся ў памяці.

Іван: “Арганізавалі ў Савецкім Саюзе, што гэта немцы зрабілі. Прыяжджалі, раскопкі там рабілі з ААН. І як бы знайшлі патроны нямецкія. Усё гэта было падстроена. А было так. Разгружалі іх. У асноўным былі ксяндзы і афіцэры. Людзі ў адно месца, рэчы ў другое. Павезьлі іх у гэты лес. Чуткі хадзілі, што будзе калгас, хочуць зрабіць для палякаў. Быццам ім урад прапаноўваў. Не пагадзіліся. І іх там... Былі такія равы доўгія”.

Карэспандэнт: “Але гэта адкрылася пасьля вайны”.

Іван: “Мясцовыя жыхары ведалі. Чулі стральбу. Куды іх павялі. Было абгароджана калючым дротам некалькі радоў. Яшчэ недалёка ёсьць бліндаж. Былі размовы, што Гітлер прылятаў туды, у гэты бліндаж, і нават сам хадзіў. А дзе іх забілі, таксама некалькі разоў быў. Казалі, там грыбы ёсьць, але пайсьці ў грыбы туды неяк непрыемна, дзе трупы. Мала таго, казалі, што акрамя таго, што пабілі палякаў, дык пабілі тых, хто палякаў забіў”.

Зусім нядаўна ў “Белорусской военной газете” я прачытаў артыкул, дзе ў каторы раз даводзілі, што ніякі НКВД да расстрэлу ў Катыні дачыненьня ня мае. Што найлепшы доказ — нямецкія гільзы. Якія яны ўсё ж неарыгінальныя ў сваіх “доказах”. Што ў Катыні, што ў Курапатах. Паслухаем Тамару.

Карэспандэнт: “Мясцовыя жыхары неяк пацярпелі ад таго, што тварылася ў Катыні?”

Тамара:
“Канечне. Калі немцы прыйшлі, яны сталі ў ліпені, сьпёка. Моладзь нахабна туды, і дзядзька мой удзельнічаў, царства яму нябеснае, раскопкі рабілі, даставалі трупы. І, як дзядзька мой казаў, там некалькі нашых вясковых знайшлі. Ня толькі палякі там пацярпелі, патрапілі і нашы. Моладзь раскопвала, гэта жах, займаліся марадэрствам. Залатыя зубы даставалі, некаторых судзілі. Я была дзіця, я сьведчыць дакладна не магу”.

Карэспандэнт: “Да гэтае пары ў газэтах пішуць, што палякаў расстралялі немцы. А не Саветы”.

Тамара: “Саветы. Чаму? Калі палякаў сталі прывозіць, у нас там станцыя Гнёздава. Было ачапленьне станцыі мэтраў на дзьвесьце. Але ж дзяцей утрымаць нельга. І выгружалі іх днём. І мы, дзеці, усё роўна беглі туды, усё роўна глядзелі. Я асабіста памятаю, як з аднаго боку стаіць варанок, з другога для рэчаў. Трап ад вагона. Рэчы кідаюць у адзін бок, самі сядаюць у іншы. Народ казаў, што ў Козьіх горах, гэта Катынскі лес так называецца, козы калісьці вадзіліся, сказалі, што будуць рабіць ім калгас. Вось іх туды звозілі і зрабілі ім “калгас”.

Але я ня зьехаў з Калодчына з пустымі рукамі. Тут жыве адзін з найлепшых майстроў лазапляценьня, Сяргей. Ягоная хата — своеасаблівы музэй прыкладнога мастацтва. Тут ёсьць з лазы і кошыкі, і крэслы, і дыванкі, і сталы, і нават афіцыянцкі столік на колцах.

Карэспандэнт: “Што можна зрабіць з лазы? Акрамя кошыкаў?”

Сяргей: “Сьвяцільні, мэблю можна рабіць, табурэты, сталы, крэслы, канапы, тапчаны, шэзьлёнгі, дзіцячыя ложкі, шырмы, абажуры. Я нават зрабіў у Маладэчна людзям, на вясельле на сьцяну, партрэт у іх быў, кілім на сьцяну з арнамэнтам. І яны ў сярэдзіну ўставілі партрэт. Камоды рабіў плеценыя. Дачнікі замаўлялі ложак, пяць на чатыры мэтры. Зрабіць трэба было так, каб не было ніводнага сучка. Таму што ўстаўляўся вадзяны матрац”.

Карэспандэнт: “Во як! І такое можна зрабіць?”

Сяргей: “Так. Як кажуць, рэшатам вады не наносіш. Я магу з лазы зрабіць конаўку, можна будзе зь яе піць”.

Карэспандэнт: “Вы самі да гэтага прыйшлі ці быў нейкі настаўнік?”

Сяргей: “Не было. Я самавук”.

Набыўшы ў Сяргея кошык для дачкі, падумаў, што, безумоўна, бяз мовы няма нацыі. Але і без спрадвечнага мастацтва таксама нацыя не зусім поўная.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG