Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы пазоў супраць “Газеты Слонімскай”


Кіраўнік раённага таварыства інвалідаў А.Новікава патрабуе абвергнуць непраўдзівыя, на яе думку, зьвесткі і кампэнсацыю 5 млн.800 тыс. руб.


Сёньня адбудзецца папярэдняя сустрэча ў судзе паводле пазову да “Газеты Слонімскай”.

Нагодай для пазову стаў артыкул “Не рабі дабра — не атрымаеш зла” (нумар “ГС” ад 27.08.2008 г.). Публікацыя расказвала пра тое, як слонімскія інваліды шукалі памяшканьне і, паколькі гэта было падчас выбараў, зьвярнуліся па дапамогу да апазыцыйнага кандыдата Івана Шэгі.

Спадар Шэга і прывёў да іх журналіста, а калі матэрыял быў падрыхтаваны, сябры таварыства папрасілі нічога не друкаваць – маўляў, у райвыканкаме паабяцалі праблему вырашыць.

Кандыдат Іван Шэга атрымаў тады папярэджаньне ад акруговай камісіі: нібыта абяцаў інвалідам матэрыяльную падтрымку ў абмен на подпісы й галасаваньне за яго на выбарах.

Пасьля гэтага Сяргей Чыгрын апублікаваў матэрыял. А спадарыня Новікава, кіраўнік таварыства, зьвярнулася ў суд. Маўляў, факты не адпавядаюць рэчаіснасьці, а журналіст нібыта без дазволу запісваў яе на дыктафон.

Сяргей Чыгрын кажа, што з такім выпадкам сустрэўся ўпершыню: ішоў дапамагчы інвалідам, атрымалася ж невядома што.

Дыктафон я трымаў у 10 сантымэтрах ад спадарыні Новікавай і юрыста Фаменкова 30 хвілін
Чыгрын: “А тут аказалася, што я бязь іхняга дазволу ўключыў дыктафон... Гэты дыктафон я трымаў у 10 сантымэтрах ад спадарыні Новікавай і юрыста Фаменкова 30 хвілін, а яны цяпер кажуць, што ня ведалі, і што я іх не папярэдзіў”.

Спадарыня Новікава ў сваю чаргу кажа: парушаны яе правы.

Новікава: “Мы можам гаварыць пра шмат якія рэчы, але гэта не азначае, што без майго дазволу можна гэта публікаваць”.

Напрыканцы мінулага месяца “Газета Слонімская” атрымала адмову ад дзяржаўнага прадпрыемства “Белпошта”, каб зьмясьціць яе ў падпісным каталёгу. З 2006 дамову з газэтай разарвалі таксама “Белсаюздрук” і мясцовы гандаль. Увесь гэты час тыднёвік даходзіць да чытача праз прыватных распаўсюджвальнікаў. Да ўсяго, сёлета рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня, і дагэтуль журналісты ня могуць знайсьці ў сваім горадзе пастаяннага месца пад офіс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG