Здымкі і інфармацыю пра гэта паведамілі слухачы нашага радыё праз суполку “Сябры Свабоды” ў Жывым журнале.
Першым бранзалеты са свастыкай заўважыў Вадзім Жаромскі, актывіст Моладзі БНФ, які разам зь сябрам апынуўся ў Смаргонскім шапіку. Ён і зрабіў здымкі. Вадзім кажа, што быў вельмі зьдзіўлены тым, што пабачыў.
Жаромскі: “Адчуваньне нават ня ведаю чаго, быццам аплявалі. Ведаеце, калі людзі забываюцца на сваіх родных блізкіх — гэта самае дрэннае. Гэтая прадавачка, мабыць, забыла, што й бацькі яе перажылі вайну, і дзядуля, і бабуля... Няма пра што казаць — гэта жах”.
Дадае сябра Вадзіма Жаромскага Валодзя Шульжыцкі, які таксама быў у шапіку.
Шульжыцкі: “Непрыемна, што ў нашай краіне можа такое прадавацца. Незразумела, з чым гэта зьвязана...”
Мне ўдалося датэлефанавацца да гаспадара шапіка, Міколы Трухана. Ён быў вельмі расхваляваны і сказаў, што ня мог сабе такога нават уявіць. Тавар ён браў у Менску, але раней з такім не сутыкаўся.
Трухан: “Я сам у шоку, я паеду й буду разьбірацца. Разумееце, я бяру тавар у каробках, яны запакаваныя, выпісваюць мне накладную, я прывёз — і ўсё. На каробцы напісана: “бранзалет на руку, асарці”.
Са слоў спадара Трухана, ён зьвязаўся са сваімі пастаўшчыкамі і высьветліў, што тавар тыя атрымліваюць з Масквы і, маўляў, таксама былі вельмі зьдзіўленыя пачутым.
Назву фірмы-пастаўшчыка спадар Трухан нам не назваў, але казаў, што цяпер будзе сам пільна праглядаць атрыманы тавар.
Трухан: “Божа мой, ды мой дзед ваяваў, загінуў ва Ўсходняй Прусіі. Я ж добра ведаю, што такое свастыка. Гэта моладзь, можа, ня ведае, але я выдатна гэта разумею”.