Такі прысуд вынес судзьдзя Менскага райсуду Сяргей Афонскі Вользе Мянцюк — жонцы Рамана Менцюка, які пратараніў гэтак званы “жывы шчыт”— заслону з прыватных аўтамабіляў, выстаўленую супрацоўнікамі ДАІ на ўезьдзе ў Менск 2 сакавіка. У інцыдэнце пацярпелі людзі і былі пашкоджаныя аўтамабілі, у тым ліку аўтамабілі ДАІ.
Маладую жанчыну прызналі вінаватай у тым, што яна даверыла кіраваньне аўтамабілем нецьвярозаму, які да таго ж ня меў правоў кіроўцы.
Вольга Мянцюк знаходзіцца на 8 месяцы цяжарнасьці. Яна прызнала сваю віну цалкам і прасіла суд не пазбаўляць яе волі. 29 кастрычніка яе мужа Рамана Менцюка суд пакараў 5 гадамі зьняволеньня. Раман Мянцюк нязгодны з прысудам і на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.