“Душа — паняцьце, якое выражае погляды на ўнутраны сьвет чалавека. У ідэалістычнай філязофіі і псыхалёгіі душа ёсьць нематэрыяльнай асновай жыцьця чалавека, носьбітам псыхічных працэсаў. У народных традыцыйных уяўленьнях душа асэнсоўваецца як створаны найвышэйшымі сіламі непаўторны асобасны пачатак, незалежны ад цела.
Душа для сучасьніка — носьбітка бесьсьвядомага і выказьнік пачуцьцяў і памкненьняў, нематэрыяльная існасьць, што думае, адчувае і свабодна творыць. Душа — рэлiгiйна—мiталягiчнае ўяўленьне пра жыцьцёвы пачатак чалавека”.
***
Вячаслаў Ракіцкі: “Душа — гэта тое, што ня бачна, што можна толькі ўявіць, а затым у гэта паверыць. Але з чаго паўстала такое ўяўленьне? Кожнае ўяўленьне ўзьнікае ж зь нейкага назіраньня, нейкага матэрыяльнага досьведу”.
Тацяна Валодзіна: “Назіраньні за дыханьнем жывога, якое пасьля сьмерці зьнікала, спарадзілі старажытныя ўяўленьні пра душу як дыханьне. Так, самi словы “дым”, “дыхаць”, “дух”, “душа” зьяўляюцца этымалягiчна роднаснымi i набліжаюцца да iндаэўрапейскага кораню са значэньнем “вiцца клубамi, дымiцца, веяць, дыхаць”. Як з крывёю сыходзіла жыцьцё, так насіцелькаю душы стала ўспрымацца і кроў. Ну, а снабачаньні толькі пацьвярджалі самастойнасьць душы”.
Ракіцкі: “На слыху ўсё ж адмежаваньні душы ад духу, хаця і прызнаецца іх пэўная аўтаномія. Калі так, то ў чым яна?”
Валодзіна: “Дух арыентаваны на высокае, на абсалют, скіроўвае жыцьцё чалавека ў ягонае прадчуваньне сустрэчы з Усявышнім. Тады як душа вызначае ўнутранае жыцьцё чалавека, раскрывае ягоную індывідуальнасьць і ўлучанасьць у навакольны сьвет. І тады душа гэтая паказвае нам чалавека жывога, зь яго хібамі і радасьцямі, добрага і ня вельмі. І мы кажам пра кагось — добрая душа, цёмная душа, сьветлая душа”.
Ракіцкі: “Але ж мы гэтаксама кажам і беларуская душа, украінская ці якая яшчэ. Наколькі апраўданым выступае аднясеньне такой індывідуальнай характарыстыкі да народу ў цэлым? І дзе крытэр такога вылучэньня?”
Валодзіна: “У дачыненьні да этнасаў канцэпт душы наўпрост судачыняецца з мэнталітэтам, з нацыянальным характарам, калі выводзіцца нешта сярэднеарытмэтычнае. Мы розныя, але ж да нас не прыкладальнае азначэньне — шырокая душа — як да расейцаў, ці з
Апошнімі дзесяцігодзьдзямі адбываюцца такія рашучыя зьмены ва ўсім сьвеце, што не пакідаюць нязьменнаю нават самую душу
Ракіцкі: “А чаму беларусы так часта лезуць у душу іншых? Хіба душа не прыватная субстанцыя?”
Валодзіна: “Але ці адны беларусы? Можа, таму, што ня супраць адкрыцца самі і імкнуцца такім чынам кінуць масток? А цела, хіба, не прыватнае? Тым ня меней, нават самае сьмелае агаленьне не азначае, што цела даступнае. Можа, так і з душою, самае інтымнае і важкае ўсё адно застаецца пры нас, а людзям — вонкавае”.
Ракіцкі: “Пытаньне зьяўленьня душы ў чалавека ў сучасным сьвеце набывае цэлае праблемнае, маральна-рэлігійнае значэньне. Вельмі часта ў якасьці аргумэнту ў розных спрэчках, у тым ліку, і агульнанацыянальнага ці нават глябальнага характару, чалавецтва выкарыстоўвае душу. Прыклад, які ляжыць літаральна на паверхні — у спрэчках пра аборты. Ці не забіваюць людзі і душу разам з зародкам цела?”
Валодзіна: “Аднадушнага меркаваньня тут няма. У адных вёсках сьцьвярджалі, што ўкладае Бог душу з нараджэньнем дзіцяткі, у іншых — з зачацьцем, а асобныя кажуць, што толькі з хростам. Нярэдкія і выказваньні пра тое, што душы памерлых пераходзяць да нашчадкаў, і праз тое ўнукам стараліся даць імя дзеда ці прадзеда”.
Ракіцкі: “А мы кажам — “душа баліць”. А яшчэ — “душа ў пяткі ўвалілася”. Ці не азначае гэта, што душа мае ў целе чалавека нейкае трывалае прыстанішча? І калі душа ў целе жыве, дык дзе?”
Валодзіна: “Жытло душы ў целе чалавека вызначалася ў розных месцах (сэрца, жывот, галава), але падкрэсьлена ў найважнейшых жыцьцёвых органах. І сёньняшняя мэтафара “вочы — люстра душы” знаходзіць працяг у народных аповядах пра тое, як у момант сьмерці выкаціцца душа зь цела сьлёзкаю. Часьцей жа ў народных аповядах душа выходзіць праз рот або нос, і толькі ў чарадзеяў — у рэчышчы традыцыйных інвэрсіяў — праз задні праход. Падчас жыцьця чалавека душа выглядала як “цела ў целе”, але пасьля ягонай сьмерцi станавілася зьвярком, птушкай, мухай. І сёньня старэйшае пакаленьне ахвотна расказвае пра розныя здарэньні, калі бачылі, як пасьля сьмерці круціцца над нябожчыкам муха, ці нават як кветачка сіненькая падае ля роту. З палявых запісаў хапае паведамленьняў пра тое, як бегла з роту ў сьпячага мышка. Таму забараняюць будзіць рэзка, каб пасьпела душа вярнуцца. Але найбольшую папулярнасьць маюць уяўленьні пра існаваньне душы ў тым, замагільным, сьвеце”.
Ракіцкі: “Значыць, душа пасьля сьмерці працягвае сваё існаваньне. Менавіта на гэтай міталягеме — жыцьця пасьля сьмерці, хай сабе і праз існаваньне бесьсьмяротнай душы, выбудоўваецца бальшыня ўсясьветных рэлігіяў. Але ўсё ж, як апавядаюць пра тое беларусы?”
Валодзіна: “Паводле традыцыйных уяўленьняў, душа птушкай адлятае ад памерлага цi, наадварот, вяртаецца дадому, да сям’і, да тых, да каго яна была найбольш прывязаная. У гэтым сэнсе вельмi цiкавы мемарат, запiс якога зроблены ў мястэчку Даўгiнава Вiлейскага раёну ў наш час ад немаладой жанчыны, бабулi ўнучкi—сiроткi, мацi якой памерла на дзевяты дзень пасьля родаў. Паводле апавяданьня, увечары пасьля пахаваньня маладой мацi ў вакно стала бiцца незнаёмая птушачка. Калі акно адчынілі, гэтая прыгожая, з яскравым пер’ем птушачка адразу села на калыску дзяўчыны—сiроткi i так праседзела над ёй усю ноч, толькi ранiцай яе выпусцiлi з хаты. Людзi адразу здагадалiся, што ня простая гэта была птушка, а душа мацi—пакутнiцы не магла разьвiтацца са сваiм дзiцем”.
Ракіцкі: “Душа-птушка ва ўсясьветных міталёгіях ужо выступае своеасаблівай канстантаю. А як яшчэ ўяўлялі сабе беларусы душу?”
Валодзіна: “А вось тут ужо залежыць ад чалавека, ад адвечнай дыхатаміі “добры-дрэнны”. Бо душа чалавека благога ці, што яшчэ больш катэгарычна, ведзьмака ці самагубцы, так і не знаходзіла сабе прыстанішча ў засьветах, а вярталася на зямлю чорным крумкачом, гадам ці жабаю, кружляла кажаном. Даволі пашыранае і ўяўленьне пра душу як свойскую жывёліну, асабліва ката. Даводзілася чуць, як пасьля сьмерці кагосьці з блізкіх зьяўляліся ля хаты нейкія незнаёмыя коткі, што “цірнуцца ля ног і зьнікаюць”. Але гэта тычыцца душы, так бы мовіць, свабоднай, што пакінула ўжо цела фізычнае. Душа жывога чалавека адпраўлялася ў свае вандроўкі ў выглядзе кузуркі — пчолкі, мухі, матылька. Нездарма ў дыялектах матылёў і завуць часта душачкі, бабачкі”.
Ракіцкі: “А потым куды ідзе душа? Дзе тое жыцьцё вечнае?”
Валодзіна: “Напачатку душа кожнага нябожчыка трапляла ў вырай, але хрысьцiянства прынесла падзел на грэшных i праведных. І тады душы грэшнікаў падалі ў пекла, а людзей сумленных — ішлі ў рай. Душа нябожчыка да 40 дзён магла прыходзiць у сваю хату, дзеля яе пакiдалi ручнiк i ваду для мыцьця, наведвала ўсе месцы, дзе быў чалавек пры жыцьці, пасьля чаго яна выпраўлялася ў вырай. У той жа час душы памерлых няхрышчаных дзяцей, самагубцаў, чараўнiкоў заставалiся на зямлi, ператвараючыся ў русалак, вупыроў ды iншых прадстаўнiкоў нячыстай сiлы. А вось душам забiтых салдатаў сам Бог спускаў драбiны, каб адразу патрапiць на неба”.
Ракіцкі: “А ці прадавалі беларусы душу д’яблу? Можа, у 20 стагодзьдзі гэта зрабілі? Бо неяк усё менш і менш клапоцяцца людзі пра душу, дый гавораць пра яе таксама…”
Валодзіна: “Бяз гэтага не бывае… Іншая справа, што д’ябал што далей, то становіцца ўсё больш вычварным. І патрабуе ўсё болей ахвяраў. Як праўдзівы д’ябал паўстаюць асобныя выдаткі цывілізацыі, алькаголь і асабліва прымітыўнасьць, прымат выключна матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія забіраюць душу спакваля, але яшчэ больш моцна. І нават не патрабуюць
ХХ стагодзьдзе прыклала шмат намаганьняў, каб выціснуць з душы беларуса Бога
Ракіцкі: “Ва ўсе часы хацелася зазірнуць за той бок сьвету і пабачыць, як жа жывуць там душы. Ці ва ўсіх іх роўныя ўмовы, скажам, у тым жа выраі, і які іх шлях да жывых? І ці патрэбны ім той шлях?”
Валодзіна: “Душа памерлага на апошнім этапе ідэнтыфікуецца зь ім самім і выступае ўжо ў якасьці ягонага двайніка. Акрамя таго, для душы мае значэньне ня толькі тое, якім быў чалавек пры жыцьці, але і стаўленьне да яго родных. Ці належным чынам пахавалі, ці плакалі, ці ладзяць дзяды і ці памінаюць як трэба? Дагэтуль жывыя ўяўленьні пра тое, як нагадваюць пра сябе “душачкі”, як прыходзяць у сны ці нават палохаюць нечаканым прывідным зьяўленьнем. Важна і тое, што душа захоўвае свае патрэбы — хоча піць ды есьці (і тады прыносяць ежу ды ліюць на магілу гарэлку), хоча памыцца (клічуць у лазьню), можа зьмерзнуць, сядзець за памінальным сталом ды нябачна сачыць за роднымі ў храме. Словам, вечнае жыцьцё, толькі ў нябачных нам сфэрах”.
Ракіцкі: “Хрысьціянства настойліва прапаноўвае дыхатамію душы як божага, райскага пачатку і матэрыяльнага цела як пякельнага нізу. Наколькі прыжылася гэтая канцэпцыя ў народным жыцьці?”
Валодзіна: “Гэтая ідэя прысутнічае, але яна не сталася распрацаванай. Выразным і бясспрэчным ёсьць тое, што самае страшнае пекла — тое, што ўнутры кожнага з нас, пекла, якім можа стаць нашае сумленьне, душа і нават сэрца. Часам толькі спачуваецца здраднікам, якія, меўшы вырай, так лёгка пускаюць у сэрца пекла. Да таго ж і душа пры ўсёй сваёй нябеснасьці часам наўпрост змыкаецца з долам. Карл Густаў Юнг адну са сваіх працаў назваў на першы погляд парадаксальна — “Душа і зямля”. Душа, паводле Юнга, больш шырокая і незразумелая галіна вопыту, чым строга акрэсьлены конус сьвядомасьці. Сьвядомасьць — верхні паверх псыхікі чалавека, а бесьсьвядомае — ніжні паверх, нават, больш таго, тое, што пад ім — глеба, зямля. Так зямля ўжо на роўні архетыпу становіцца падставовай каштоўнасьцю для чалавека. Міталягему зямлі нясе кожны з нас у сабе, і нават незалежна ад полу”.
Ракіцкі: “Ці ня згубяць душу людзі ўвогуле і беларусы у прыватнасьці ўжо ў найбліжэйшы час? Спакусы ж растуць і растуць, становяцца больш і больш небясьпечнымі для самога існаваньня душы”.
Валодзіна: “Хацелася б верыць, што не. Бо без душы ня стане і нацыяў, і народаў, і дзяржаваў, і чалавека ўвогуле”.