Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Алег Волчак у ролі “Хатняга адваката”


Алег Воўчак са сваёй новай кнігай “Хатні адвакат”
Алег Воўчак са сваёй новай кнігай “Хатні адвакат”
У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі вядомага праваабаронцы Алега Воўчака “Хатні адвакат”. Выхад гэтай кнігі прымеркаваны да 10-годзьдзя грамадзкай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”.

“Хатні адвакат” — кніжная вэрсія аднайменнай газэтнай рубрыкі, якую праваабаронца Алег Воўчак вядзе ў газэце “Народная воля” ды іншых недзяржаўных выданьнях. Нагадаю, юрыст Воўчак тлумачыць чытачам рубрыкі, як бараніць свае правы, дае парады і кансультацыі. Пасьля 8 гадоў такой практыкі Алег Воўчак вырашыў сабраць газэтныя выступы ў адно выданьне, дадаўшы да тэкстаў аповед пра сваю праваабарончую дзейнасьць. Атрымалася ня толькі цікава, але й карысна. Патрэбу ў “Хатнім адвакаце” аўтар тлумачыць так:

“Гэта вельмі патрэбна, мяркуючы з таго, як людзі цікавяцца літаратурай аб правох чалавека. І такая кніга якраз ёсьць дапамогай у прававых пытаньнях”.

Дзейнасьць праваабаронцаў звычайна зьвязваюць з палітыкай. Але ці заўсёды гэта так? Гартаю “Хатняга адваката” Алега Воўчака. Вось некаторыя з сытуацыяў, адносна якіх дае парады праваабаронца: прымусовае высяленьне з інтэрнату; падзел маёмасьці пасьля скасаваньня шлюбу; звальненьне з працы; уступленьне ў спадчыну…

Безьліч праблемаў сустракаюць людзі на сваім жыцьцёвым шляху. Пра існаваньне некаторых яны й не ўяўлялі, а, сутыкнуўшыся, як хворыя да лекара, бягуць па кансультацыю да юрыста. “Адна кансультацыя ў
Чым болей мы ведаем пра свае правы, тым мацнейшая прававая краіна
адпаведнай установе каштуе ня меней за 30 тысяч, я ж кансультую бясплатна, толькі не лянуйся зазірнуць у кніжку. Чым болей мы ведаем пра свае правы, тым мацнейшая прававая краіна”, — тлумачыць сэнс сваёй працы Алег Воўчак.

Прэзэнтацыя кнігі праваабаронца прымеркаваў да 10-годзьдзя арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” — яе Воўчак ствараў разам з Раісай Міхайлоўскай ды іншымі актывістамі. За 10 гадоў арганізацыя адзначылася ў шэрагу справаў, якія сталі вехамі ў гісторыі краіны. Раіса Міхайлоўская пералічвае:

“Спачатку да нас прыйшлі па дапамогу людзі, якія пацярпелі ад дубінак АМОНу на маршы пратэсту 1999 году. Потым прыйшлі бацькі дзяцей, якія загінулі на станцыі мэтро “Няміга” — мы дапамагалі ім у іх справах і дапамагалі стварыць грамадзкую арганізацыю. Да нас прыйшла Вольга Захаранка, калі здарылася бяда — выкралі яе мужа Юр’я Захаранку… Мы й сёньня не ўбаку ад вострых справаў, што ўзьнікаюць ў краіне”.

Пяць гадоў таму “Прававую дапамогу насельніцтву” пазбавілі рэгістрацыі, а ўсе новыя спробы праваабаронцаў зарэгістравацца былі марнымі. Але, як кажа Алег Воўчак, “праваабаронцамі не становяцца, а нараджаюцца”:

“У лістападзе-сьнежні мы плянуем заняцца дапамогай людзям, якіх цяпер выклікаюць да сьледчых у справе выбуху 3-га ліпеня — незаконна бяруць адбіткі пальцаў, аналізы сьліны і г.д. Шмат людзей скардзіцца на незаконныя дзеяньні, але большасьць гэта пакорліва цярпяць. Таму ёсьць над чым працаваць”, — кажа Алег Воўчак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG