Перадусім “Свабоду” цікавілі раёны беларускага памежжа. Бо, да прыкладу, польскія інфармацыйныя агенцтвы сёньня паведамілі, што курс даляра адносна злотага падвысіўся ўжо на 30 працэнтаў. За адзін даляр у Польшчы бяруць больш як тры злотыя.
У Бабруйску ўзрос попыт насельніцтва на замежную валюту
У Магілеве і Бабруйску насельніцтва скупляе замежную валюту. З чым гэта зьвязана, у банках ня кажуць, толькі запэўніваюць, што здольныя задаволіць гэты попыт.
У валютным аддзеле магілёўскай управы “Беларусбанку” карэспандэнт пачуў:
“У Магілёве людзі скупляюць усё. І эўра, і расейскія рублі, і даляры. У нас ніколі не было нястачы ў попыце. Ад лета попыт перавышае прапанову”.
У адным з бабруйскіх аддзяленьняў “Беларусбанку” таксама зазначылі, што попыт на замежную валюту значна ўзрос. Паводле супрацоўнікаў гэтага аддзяленьня, “насельніцтва само сябе накручвае, а пасьля скупляе валюту”.
У Мсьціслаў тэрмінова зьяжджаюцца банкіры
Плянуецца, што заўтра ў Мсьціславе адбудзецца пашыранае паседжаньне Нацыянальнага банку. Напярэдадні інтэрвію “Свабодзе” даў начальнік упраўленьня інфармацыі Анатоль Драздоў.
“Банк — гэта камэрцыйная ўстанова. І калі будзе ўзрастаць попыт на валюту, то будзе падвышацца курс. Улічвайце, што расьце курс даляра і на валютна-фондавай біржы. У адпаведнасьці з гэтымі таргамі павялічваецца і курс Нацыянальнага банку”.
Як цяпер трэба паводзіцца жыхарам Беларусі, каб ня страціць свае зьберажэньні ў валюце?
“Калі надыходзіць пэрыяд няпэўнасьці, то самая лепшая пазыцыя — сесьці, скласьці рукі на жываце і спакойна глядзець тэлевізар...”
Наваградак: ужо два дні нельга купіць даляры
Кіраўніца валютнага аддзелу “Беларусбанку” ў Наваградку Тацяна Базарэвіч сёньня заявіла:
“Бяруць людзі валюту. Да прыкладу, даляраў у нас ужо няма два дні, але абяцаюць завезьці заўтра і пасьлязаўтра. Звычайна ў канцы году такія сытуацыі. Летась таксама было такое, толькі раскуплялі эўра. А сёлета эўра ёсьць у свабодным продажы, а даляры разьмялі”.
Кіраўнік аддзяленьня “Беларусбанку” ў Слонімскім раёне Аляксандар Лагуцік:
“Праблемаў няма. Адчуваецца павышаны попыт, нейкая хваля, але валюта ёсьць у свабодным продажы і праблемаў няма”.
Намесьніца кіраўніка аддзяленьня “Беларусбанку” ў Ваўкавыску Сьвятлана Хвастова:
“У прынцыпе, праблемы якія: людзі апошнім часам разьбіраюць валюту, але яна ўсё роўна ёсьць у свабодным продажы. Эўра свабодна можна купіць, даляры — таксама. Здараюцца пэрыяды, калі ў запасе няма, але мы хутка закупляем, завозім, і ўсё. Але такога, каб не было валюты пастаянна, такога ў нас няма”.
“Для жабракоў пажар ня страшны”
Фінансавы крызіс, праўдападобна, дабраўся й да Гомеля. У абменных пунктах валюты сёньня практычна немагчыма набыць даляры.
Гаворыць гараджанка, спадарыня Валянціна:
“Даляраў у продажы няма. Во хадзілі ў “Белаграпрамбанк” — сказалі, няма ў наяўнасьці”.
Ня мела даляраў на продаж аддзяленьне № 300 “Беларусбанку”, іншыя ягоныя гарадзкія структуры.
“Прадаць можам толькі тое, што людзі здалі нам на абмен, — кажа касір гомельскага філіі № 6 банку “ВТБ”. — Нічога іншага прапанаваць ня можам”.
У абменным пункце валюты Белпрамбудбанку на вуліцы Савецкай утварылася чарга. Даляраў на продаж тут таксама ня мелі. Некаторыя гараджане, аднак, здавалі эўра, бо курс гэтай валюты падае:
“Для жабракоў пажар ня страшны, — кажа адна зь пэнсіянэрак. — Во завялося ў мяне 20 эўра, год зьберагала. А цяпер — напляваць. На 30 рублёў даражэй. Выжываем, выжываем, выжываем”.