Сёньня больш за 28 тысяч жывых журналаў вядуць беларусы, а краіна займае 13-е месца па колькасьці карыстальнікаў сайту “Livejournal”. Шмат беларусаў атабарыліся і на іншых блогавых пляцоўках. Чаму блогі такія папулярныя сярод беларусаў?
У “livejournal’ы” сышло шмат вядомых беларусаў – пісьменьнікі, музыкі, журналісты, палітыкі. Мець свой блог стала ўжо ледзьве ня правілам добрага тону. Прычым блогі маюць даволі пасьпяховыя, раскручаныя асобы, якія друкуюцца ў СМІ, маюць магчымасьць выдаваць уласныя кнігі – якраз тыя людзі, якія ня могуць паскардзіцца на адсутнасьць папулярнасьці.
Аляксандар Класкоўскі – вядомы журналіст, палітоляг, працуе ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН, рэгулярна друкуецца ў “Нашай ніве”, яго часта запрашаюць на радыё. І тым ня менш амаль кожны дзень ён піша ў свой блог. Аляксандар згадвае, як у свой час нават сур'ёзныя выданьні сталі сьцьвярджаць, што блогерства ідзе на зьмену прафэсійнай журналістыцы, а потым высьветлілася, што гэта далёка ня так:
“Усё ж такі журналістыка – гэта сур'ёзны занятак, які вымагае веданьня гэтага рамяства, датрыманьня этычных крытэраў і гэтак далей. Іншая рэч, што блогерства ўзбагаціла традыцыйную журналістыку. Блогерства вымагае, апроч змаўчаньня, кажучы кампутарнай мовай, іншай стылістыкі: болей камэрнай, давяральнай, тут дапушчальныя нейкія жарты, вось гэтыя смайлікі, то бок гарнір, антураж зусім іншы. Новы арсэнал творчых магчымасьцяў, новы абсяг творчай свабоды, я сказаў бы так”.
Фотамастачка Юлія Дарашкевіч распавяла пра зьяўленьне свайго блогу:
“Гэты блог ствараўся для раскруткі “нашаніўскага” сайту і маіх фотарэпартажаў там. Калі я пачала рабіць фотарэпартажы на “Нашай ніве”, я давала спасылкі на свой блог, каб большая колькасьць людзей мела магчымасьць наведваць яго. А потым, так бы мовіць, уцягнулася, стала ставіць туды здымкі больш асабістага характару, і гэта ўжо ператварылася ў дзёньнік больш нефармальны, чым фатаблог на “Нашай ніве”.
Філёзаф Валянцін Акудовіч кажа, што рэальнасьць, якую мае ў Беларусі найперш творчы чалавек, не дазваляе яму рэалізавацца ня тое што напоўніцу, але нават і ў значнай ступені, і сыход з рэальнай у віртуальную сыстэму найлягчэй патлумачыць менавіта гэтым:
“Пры ўсім пры тым, што ў нас існуюць часопісы як дзяржаўныя, так і незалежныя, і ў тым, і ў другім выпадку яны не адэкватныя той творчай энэргетыцы і той празе свабоды, якая існуе ўжо ў нашым грамадзтве. Як толькі адкрылася іншая прастора, якая ўжо дазваляе нязмушана сябе выяўляць, не зважаючы ні на якія фарматы і рамкі, туды адразу ўсе тыя, хто ня мог сябе выявіць у папяровай прасторы, у рэальнай публічнай прасторы, проста пабеглі, сьпехам, сьпехам вось туды – у віртуальную прастору”.
Але ня толькі знаныя творчыя асобы, знакамітасьці маюць свае блогі. Тысячы звычайных людзей таксама цэлымі днямі блукаюць па сеціве, шукаюць інфармацыю, адгукаюцца, пішуць сваё, кантактуюць. Псыхолягі сьцьвярджаюць, што, акрамя ўжо прызнанай кампутарнай залежнасьці, існуе і блогазалежнасьць: калі чалавек праглядае свой лічыльнік наведнікаў па некалькі разоў за дзень, імгненна адказвае на камэнтар або паведамленьне, уважліва сочыць за рэйтынгам... Паслухаем псыхоляга Міхаіла Дзернакоўскага:
“Так, блогазалежнасьць існуе. Пошук рознай інфармацыі, атрыманьне інфармацыі ў блогах. Гэта праблема цяпер дастаткова сур'ёзна вывучаецца, таму што вялікая колькасьць людзей праводзіць вельмі шмат часу ў блогах, асабліва ў буйных мэгаполісах. І там людзі вельмі шмат пішуць: погляды, меркаваньні, перажываньні, дзеляцца сваімі думкамі, часам вельмі цікавымі. Ёсьць блогі дастаткова адкрытыя, дзе цалкам зразумела, што за чалавек. У іншым выпадку ён хаваецца за нейкім нікам, робіцца больш ананімным. У блогах ёсьць магчымасьць рэалізавацца, дамагчыся нечага большага”.
У беларускім сеціве добра ведаюць Яўгена Ліпковіча. Яўген лічыць сваёй заслугай, што ў крамах зьявіўся абястлушчаны кефір. Дзякуючы менавіта “Livejournal’у”. Спадар Ліпковіч перакананы, што калі блог раскручаны, калі чалавеку, які піша ў гэтым блогу, давяраюць, любая інфармацыя будзе ўплываць на грамадзкую думку і нават на палітыкаў:
“У дадзеным выпадку я ня стаўлю за мэту на штосьці ўплываць. Але ёсьць рэчы проста абуральныя, якія дапускаюць чыноўнікі з тым самым кефірам, калі яны крычаць, што ў нас перавытворчасьць малака, а ў краме купіць нічога нельга. Тое самае цяпер з бэнзінам: ува ўсім сьвеце ён таньнее, а ў Беларусі толькі даражэе. Прычым змагаюся ня толькі я адзін. Я бачу іншыя блогі, у якіх людзі змагаюцца, толькі яны не раскручаныя ў адрозьненьне ад майго блогу”.
Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі кажа, што ў віртуальных зносінах ёсьць і свае перавагі, асабліва для людзей, якім у рэальным жыцьці ня вельмі лёгка кантактаваць:
“У нейкай ступені віртуальная рэальнасьць дазваляе пазбавіцца некаторых нэгатыўных, трывожных характарыстык, не дэманстраваць трывогі падчас камунікацыяў. Чалавеку дастаткова проста знаходзіць нейкія кантакты, камунікаваць, абмяркоўваць важныя тэмы, атрымліваць інфармацыю, застаючыся ў цені, не пераймаючыся трывогай, якая можа быць пры жывым кантакце. Таму што ён застаецца ўсё адно ў некаторай ступені ананімным. У жыцьці так не атрымліваецца”.