Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніколі дагэтуль мы не супрацьстаялі ўладам твар у твар”


30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”. Мітынг 30 кастрычніка 1988 году быў гвалтоўна разагнаны. Праваабаронца Алесь Бяляцкі быў удзельнікам тых падзеяў, як тагачасны прэзыдэнт грамадзкага аб'яднаньня літаратараў «Тутэйшыя» і адзін з падпісантаў заявы на правядзеньне акцыі. Сёньня ён згадвае Дзяды-1988:

“Перад сьвятам я атрымаў афіцыйнае пракурорскае папярэджаньне, што ў выпадку масавых беспарадкаў я буду прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Адпаведна, псыхалягічнае напружаньне было дастаткова моцнае. Бо ніколі дагэтуль мы яшчэ не супрацьстаялі ўладам адкрыта, можна сказаць — твар у твар. Незразумела было, чым гэта ўсё скончыцца, і мы рыхтаваліся да розных варыянтаў.

Алесь Бяляцкі
І нават да самых горшых.

Бо сапраўды, усё ж такі 70 гадоў у нас не было вось такіх масавых акцыяў. Частка людзей думала, што ўсё гэта скончыцца катастрофай.

Я памятаю, як у гэты дзень мэтро было перакрыта, і мы ішлі з папярэдняй станцыі пешшу. Было бачна, як ручайкі людзей цякуць паабапал праспэкту, тады яшчэ Леніскага. А мы ішлі разам з Сокалавым-Воюшам, ён быў з гітарай, у нас была вясёлая кампанія. Быў ясны сонечны дзень, марозна, пад нагамі хрусьцеў лядок. Мы ішлі на гэтае сьвята — маладыя, вясёлыя, аптымістычна настроеныя.

Калі мы перайшлі вуліцу, якая перасякае праспэкт, там пачаў гуртавацца народ, і там пачаліся першыя захопы. Я так разумею, што міліцыя нэўтралізоўвала людзей, якія, паводле яе меркаваньня, былі арганізатарамі гэтага сьвята. Недзе побач жанчыны валтузіліся за Пазьняка, і гэта была цікавая сытуацыя, калі жанчыны выканалі значную ролю ў гісторыі Беларусі — адбілі Пазьняка, які потым здолеў правесьці гэтую акцыю да канца.

Ну, а мне не пашанцавала: мяне затрымалі, запіхнулі ў маленькі “козьлік”, адвезьлі ў міліцыю Першамайскага раёну. Адразу ж там быў суд, і мне далі 200 рублёў штрафу. Вось такі быў мой удзел. Для мяне, з гледзішча дваццаці гадоў, гэта было, пэўна, самае значнае, што я зрабіў у гісторыі Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG