Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайнаўка: “Мы размаўляем па-свойму” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Падарожжа ў Гайнаўку на Беласточчыне. Эфір 23 кастрычніка.


Падарожжа ў гарадок, які называюць беларускай мэкай у Польшчы, пачалося досыць нечакана. За некалькі кілямэтраў да Гайнаўкі рэйсавы аўтобус быў спынены трыма паліцэйскімі машынамі, і ў пасажыраў запатрабавалі “довад асабісты”. А ў бліжэйшым прыгарадным мястэчку ўжо людзі са зброяй у цывільным прымусілі кіроўцу адчыніць багажныя адсекі... Кажуць, тут, у дзесяці кілямэтрах ад Беларусі, такое раз-пораз бывае, калі нехта цішком пераходзіць мяжу...

Хаця мяжа пралягала тут не заўсёды. Перад вайной Гайнаўка была далёка не прымежнай часткай Савецкай Беларусі. Тутэйшыя этнічныя беларусы ўзгадваюць той час крыху з настальгіяй, а крыху з горыччу няспраўджаных чаканьняў. Распавядае дырэктар фонду царкоўнай музыкі Мікола Бушко.



“Былі людзі, якія сустракалі, а былі людзі, якія неяк з рэзэрвай адносіліся да саветаў. Я ведаю, што мая бабка пагнала суседзяў, якія хацелі кветак на трыюмфальную браму, якую, дарэчы, паставілі. А пасьля аднекуль паявіліся польскія ўланы, і яе хутчэй недзе ў картофлі схавалі. Пасьля сярод гаспадароў паднялася трывога, таму што сьпярша забралі людзей, якія працавалі ў дзяржаўных установах. А як вывезьлі ў Сыбір палякаў, лесьнікоў, інтэлігенцыю, — пасьля, а то і разам пачалі вывозіць так званых кулакоў. І многа людзей, якія мелі дзесяць, дванаццаць ці пятнаццаць гектараў зямлі, таксама пераехалі да мядзьведзяў”.

Карэспандэнт: “І ўсё ж, нягледзячы на арышты і высылкі, тут няма цалкам нэгатыўнага ўспрыманьня таго часу...”

Бушко: “Гэта быў вельмі вясёлы час. Таму што новая ўлада вельмі славілася прапагандай. Прыяжджалі кінаперасоўкі, нейкія калектывы. Кругом паявіліся ваенныя гарадкі, жылі маладыя салдаты, афіцэры, палітрукі, якія гралі, якія прыходзілі і агітавалі.

Многа людзей бралі ўжо як прызыўнікоў у армію ці на камандзірскія курсы. Гэта зачапіла і маю сям’ю. Мой бацька цэлае дзяцінства правёў у польскім асяродзьдзі. Яго там лічылі палякам, і яму ўдалося, што было рэдка, даслужыцца да плютановага. Гэта як бы быў падафіцэр. Калі прыйшлі саветы, яны ўсё гэта пераглянулі і такіх людзей бралі і кіравалі на так званыя камандзірскія курсы. А пасьля мой бацька школіў прызыўнікоў, кандыдатаў у армію”.

Зазвычай, калі размова заходзіць пра Гайнаўку, маюць на ўвазе і навакольныя вёскі, зь якіх прыйшлі сюды беларусы. Але пачатак гарадку паклалі не беларусы, а немцы, якія ў першую сусьветную заснавалі тут, на ўскрайку Белавескай пушчы, лесапільны завод. А потым рабіць на ім зьехаліся людзі з усёй Польшчы. Аднак тутэйшых беларусаў на завод ня бралі. Толькі ў 50-х сытуацыя зьмянілася. У гэты ж час Гайнаўка стала горадам, а яшчэ празь некалькі дзесяцігодзьдзяў — адным з культурных і адукацыйных беларускіх цэнтраў.

Беларускіх. Хаця, калі размова заходзіць пра тутэйшую мову, людзі часам пазьбягаюць выразу “па-беларуску” і кажуць, што размаўляюць “па-свойму”. Адметнасьці “сваёй” мовы мне патлумачыла былая настаўніца польскай мовы, а цяпер пэнсіянэрка Мар’я Балтранюк.




Балтранюк: “Гаворкі ў нас тут усялякія ёсць. І ліцьвіны, якія гавораць: “хадзіў, рабіў”, і матаны, якія гавораць: “ходыў, робыў”.

Карэспандэнт: “Ліцьвіны... Іх між сабой так называюць?”

Балтранюк: “Паміж сабой. Ліцьвінамі называюць тых, каторыя дзекаюць. А мы дэкаем. Але гаворым: “ходыў, робыў”.

Карэспандэнт: “Кажуць, што ў Польшчы жыхароў Беласточчыны называюць сьледзямі, таму што мова як быццам нейкая іншая...”

Балтранюк: “А-а-а, сьледзік! Сьледзік беластоцкі. Бо тут на Беласточчыне гаворыцца мякка”.

Карэспандэнт: “А калі параўнаць?”

Балтранюк: “Па-польску — “сьледзь”. А па-беластоцку — “слэдзь”. І гэта “э” круглейшае”.

Карэспандэнт: “А як часьцей даводзіцца размаўляць — па-беларуску ці па-польску?”

Балтранюк: “Дома размаўляем цэлы час... па-свойму, а на працы, вядома, па-польску”.

Адна з найважнейшых заваёў беларусаў Гайнаўкі — гімназія і ліцэй, дзе частка прадметаў выкладаецца на беларускай мове. Цікава, што і падручнікі для навучэнцаў пішуцца пераважна тут, у Гайнаўцы. Чаму ўзьнікла патрэба ў адмысловых падручніках, я запытаў у аўтаркі аднаго зь іх, настаўніцы Яланты Грыгарук.




Грыгарук: “Падручнікі, якія выдадзеныя на Беларусі, па культурнай, літаратурнай адукацыі маюць на ўвазе тых вучняў, якія дасканала ведаюць таксама рускую мову. І часта ёсьць, напрыклад, паясьненьні, што ў беларускай гэта тое, а ў Пушкіна было тое, у Тургенева нешта там другое. Проста ў кантэксьце з рускай літаратурай. А ў нас меншая колькасьць дзяцей вывучае рускую мову, нават часта канчае сярэднюю адукацыю, увогуле ня ведаючы рускай мовы. Так што тут гэты кантэкст быў трохі чужы. Мы больш навязваем да таго, што больш блізкае для нашай моладзі. Гэта значыць — кантэкст з польскай літаратурай, з польскай гісторыяй”.

Карэспандэнт: “Сучасная літаратура. Якім пісьменьнікам аддаецца прыярытэт?”

Грыгарук: “На першае месца я, мае сяброўкі і сябры ставім Васіля Быкава. З паэтаў найбольш увагі прысьвячаем Алесю Разанаву. І яшчэ з творцаў беларускай літаратуры разглядаем Уладзіміра Караткевіча.

З сучасных ёсьць таксама творцы Беласточчыны. Тут і Ян Чыквін, і Алесь Барскі, Віктар Швед, Надзея Артымовіч. Гэта нам блізкае. Блізкая тэматыка. Бліжэйшая хіба трошачкі і лексыка”.

І хаця перад вайной Гайнаўка лічылася заходнебеларускім гарадком, пасьля таго як у 45-м пралягла польская мяжа, беларуская савецкая дзяржава на працягу дзесяцігодзьдзяў упарта не заўважала беларусаў Беласточчыны. Нібыта іх наагул не існавала. У дзевяностых надышла адліга. Менавіта тады мне давялося ўпершыню пабываць тут, а тутэйшыя наведвалі Беларусь, навучаліся там, браліся шлюбам і нават заставаліся. Сапраўды, так было, — пагаджаецца са мной дырэктар комплексу школ з дадатковым навучаньнем беларускай мове Яўген Сачко.




Сачко: “Раней многа нашых выпускнікоў, і ня толькі нашых, але і зь Бельскага ліцэю, а таксама з польскіх ліцэяў вельмі ахвотна паступала на вышэйшыя ўстановы на Беларусі. Мы мелі ў годзе 40—50 кандыдатаў, якія складалі дакумэнты на вашыя вышэйшыя ўстановы.

Некалькі гадоў, можа, чатыры-пяць, амаль што іх няма, і ў апошнія гады ўжо ніхто не складае гэтых дакумэнтаў”.

Карэспандэнт: “Чаму?”

Сачко: “Па розных прычынах. Я ведаю, што калі студэнты прыяжджалі, яны там студыявалі, гаварылі, што ўсе прадметы або большасьць прадметаў выкладаецца на расейскай мове. Ня ўсе яны добра ведалі расейскай мовы. Гэта адно. Па-другое, цяпер ужо намнога больш напрамкаў і вышэйшых устаноў у самой Польшчы. Лягчэй дастацца на вышэйшыя ўстановы тут. Па-трэцяе, ёсьць пэўныя праблемы з настрыфікацыяй дыплёмаў, якія яны атрымоўваюць у Беларусі”.

Адметна, што ў Гайнаўцы цэркваў больш, чым касьцёлаў. Разам з тым неяк нязвыкла бачыць мудрагелістыя абрысы тутэйшага праваслаўнага Сабору Сьвятой Тройцы.




Асабліва чалавеку, які прызвычаіўся да кансэрватыўнай культавай праваслаўнай архітэктуры. Што ж да набажэнстваў, то ня жартам гавораць пра тое, што неўзабаве яны могуць загучаць па-польску, бо царкоўнаславянская мова службаў і расейская — прадмоў да іх ужо незразумелыя, асабліва маладым вернікам.




Нельга не зьвярнуць увагі і на дзіўны пастамэнт. Некалі на ім стаяў савецкі танк. Кажуць, на пачатку дзевяностых яго прадалі кудысь у сярэдзіну Польшчы, а замест танка паставілі крыж. Пад якім надпіс на дзьвюх мовах: царкоўнаславянскім шрыфтам — “Жертвам брани, пагубы и великой скорби”. Польскі ж адпаведнік гучыць так: “Ofiarom Wojen, Przemocy i Represji”.





А яшчэ на вуліцах пушчанскай Гайнаўкі шмат зуброў. Праўда, з плястыку. Гэта рэкляма, але не Белавескай пушчы, а піўной кампаніі. Што ж да Белавескай пушчы, то Гайнаўка мае, відаць, самую ўнікальную яе мапу, дзе назвы беларускіх гарадоў і вёсак напісаныя “па-свойму”.

Усё гэта адметнасьці сёньняшняй Гайнаўкі. Гэтаксама як і пачуцьце гумару, якога гайнавяне не губляюць нават тады, калі размова ідзе пра непазьбежныя працэсы асыміляцыі.

Балтранюк: “На адведках у Ромка мы былі. Гэта мой пляменьнік. І мая мама была. А то яе ўжо праўнучка нарадзілася. Ну і сядзяць дзьве прабабулі, я пасярэдзіне. А насупраць сядзіць бацька гэтага дзіцяці. А ён гаворыць толькі па-польску. Так адна бабуля і другая да Ромка па-польску. А ўрэшце дайшло да таго, што я тут сяджу, а бабулі паміж сабой па-польску. А гэты Ромак, каторы гаворыць толькі па-польску як пачаў сьмяяцца. Кажа: “Бабці, вы размаўляеце па-польску паміж сабой!” Яны ўжо ня ведалі, як трэба гаварыць — яны да Ромка па-польску і паміж сабой. А гэта вельмі сьмешна, калі адна бабуля да другой па-польску гаворыць. Гэтага ж не было ніколі!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG