Яму 44 гады. Пасьля войску паступіў на эканамічны факультэт так званага «наргасу», але вучыцца там перадумаў, зразумеў – не бугальтар. Працаваў на заводзе, зьведаў смак каапэратыўнага жыцьця, працы ў перасьледуемых незалежных выданьнях «Імя», «Навіны», «Наша свабода». Мікалай Халезін стаяў таксама ля вытокаў Альтэрнатыўнага тэатру, адкрыў карцінную галерэю, на базе якой неўзабаве зьявіўся Цэнтар сучаснага мастацтва.
А ў 2005 годзе з жонкай Наталляй Калядой арганізаваў Свабодны тэатар – незалежны калектыў, які ня мае ў Беларусі фінансаваньня, уласнай сцэны і памяшканьняў для рэпэтыцый. Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. 10 сьнежня 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай рэспублікі. А 13 красавiка 2008-га ў Салоніках ім уручылі прэмію «Эўропа – тэатру».
Шмат вандруючы за мяжой, Мікалай Халезін рэгулярна сустракаецца зь беларускімі эмігрантамі, выслухоўвае іхнія споведзі. Размовы пра эміграцыю чуе і дома…
– Cябры пытаюцца: “Чаму ты не зьяжджаеш? Навошта сядзіш тут – у цябе ж такія ўмовы ў Эўропе: можаш працаваць, можаш заключаць кантракты. І жыць там – добра, вольна, як ты гэтага хочаш…” Пытаюцца гледачы: “Чаму вы не ад’яжджаеце? Выступаеце тут на нейкіх затурканых пляцоўках, у нейкіх барах, кватэрах… А ў Эўропе: швэдзкі Каралеўскі тэатар, гэтаксама для вас – лепшыя сцэны Нью-Ёрку, Парыжу…Чаму не зьяжджаеце?”
Вось чаму грамадзкі рэдактар тыдня Мікалай Халезін замовіў карэспандэнтам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Што думае беларуская грамада пра магчымасьць эміграцыі”.
Толькі расейскія аналітыкі ацэньваюць беларускую долю на сваім рынку ня менш як у 300 тысяч чалавек. Самая вялікая лічба, агучаная на афіцыйным узроўні, паходзіла ад міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі. На адным з пасяджэньняў Савету міністраў ён заявіў: мігрантамі зьяўляюцца 600 тысяч беларусаў.
Чаму ў беларусаў сёньня нярэдка ўзьнікае жаданьне зьехаць за мяжу, і чаму яны не заўсёды на тое наважваюцца? Сяргей Астраўцоў высьвятляў гэта ў гарадзенскіх мінакоў.
Алесь Краўцэвіч: “Для беларуса зараз Беларусь перастала быць утульным домам”
Малады спадар: “Жыць, вучыцца і працаваць за мяжой? Яно й было такое жаданьне, яно і цяпер ёсьць. Але калі нам у нашай краіне будуць добра плаціць за працу, то я б адсюль нікуды не паехаў”.
Карэспандэнт: “А калі ехаць, то куды? Якія былі думкі?”.
Малады спадар: “Можа ў ЗША куды-небудзь, ці ў тую ж саму Англію, але ўсё роўна ты там будзеш як нечалавек”.
Карэспандэнт: “А што ўсё ж прываблівае, якія плюсы?”
Малады спадар: “Прывабліваюць тыя ж ЗША, там больш свабоды, больш выбару, там больш магчымасьцяў у чалавека, чым тут у нас. Там да кожнага чалавека, думаю, прыслухоўваюцца”.
Іншы малады спадар: Назаўсёды зьехаць — вельмі даўно, гадоў пяць таму была ідэя зьехаць альбо ў Эўропу, або ў Злучаныя Штаты, была таксама думка застацца назаўсёды у Францыі. Тым больш гэта было практычна магчыма рэалізаваць. А што датычыць мэтазгоднасьці ўсяго гэтага, то цяпер я лічу, што лепей выкарыстоўваць мясцовыя магчымасьці, гэта можа быць што заўгодна — творчасьць, бізнэс, кар’ера, чым прыехаць зусім без правоў у чужую краіну і пачынаць там нават не з нуля, а зь мінусу”.
Карэспандэнт: “Добра, а чаму ў вас ўсё-ткі была такая задума — зьехаць?”
Малады спадар: “Праз узровень жыцьця перш за ўсё”.
Спадар: “Канечне, з гэтым даводзілася сутыкацца. А матывацыя звычайна была эканамічная — там больш зарабляюць, таму шмат хто зьяжджае. Адсутнасьць эканамічных свабодаў – яна не дае добра зарабляць у Беларусі”.
Карэспандэнт: “А куды канкрэтна вашыя знаёмыя зьехалі?”
Спадар: “Некаторыя ў Гішпанію, у Італію — на заробкі, у Расею таксама, у Польшчу. Частка вярнулася, частка засталася. Засталіся тыя, хто езьдзіў у Італію”.
Карэспандэнт: “А ў вас саміх не было такой ідэі?”
Спадар: “Такое жаданьне ў мяне, канечне, было і можна сказаць, яно яшчэ ня зьнікла канчаткова, але я пакуль тут”.
Камэнтуе доктар гістарычных навук прафэсар Алесь Краўцэвіч, які выкладаў за мяжой і добра ведае самаадчуваньне, калі трапляеш за мяжу.
“Я сам і ўсе мае знаёмыя, і беларусы ўвогуле, яны людзі прывязаныя да сваёй радзімы, яны так зь месца не зрываюцца, яны б не хацелі выяжджаць. Гэта прычына таго, што няма такой масавай эміграцыі. Але што выяжджае шмат людзей самых актыўных, самых адукаваных, самых разумных, гэта факт. Па той простай прычыне, што іх тут ня цэняць, тут яны непатрэбныя. І ўвогуле для беларуса зараз Беларусь не зьяўляецца ўтульным домам. У нас амаль усе людзі працуюць на гадавым кантракце, усе пад пагрозай звальненьня. Якая тут утульнасьць? Ня кажучы пра заробкі, пра тое, што паліваюць брудам з балеяў вельмі дубовай прапаганды, разьлічанай на дурных людзей”.
Ёсьць яшчэ адзін вельмі істотны момант, на які зьвяртае ўвагу спадар Краўцэвіч:
“Беларусь сёньня не зьяўляецца ўтульным домам для беларусаў. Я ўжо не кажу пра беларускамоўных, да якіх належу. Для мяне гэта самая вялікая трагедыя ў жыцьці, што я не магу свабодна жыць у атмасфэры беларускай мовы ў маёй Беларусі. Беларусы ня чуюць сябе ў краіне беларусамі, ня могуць зарабіць на сям’ю, трэба атрымаць заробак і яшчэ недзе пакруціцца. А нічога нельга, усё забаронена, і атмасфэра страху, якая ў краіне адроджаная, таксама адна з прычынаў эміграцыі. Яшчэ раз паўтару: на маю думку, самае небясьпечнае, што зьяжджае самая актыўная частка грамадзтва, людзі, якія ведаюць сабе цану: праграмісты, навукоўцы, якія ведаюць мовы – такія знойдуць сабе добрую працу і дабрабыт для сям’і ў любой частцы сьвету, толькі не ў Беларусі”.
Камэнтуе Мікалай Халезін:
– Той, хто хоча зьехаць, мае на гэта права.
І тут нельга казаць: ён здраднік, ён паехаў за доўгім далярам!…
Мы павінны ведаць, што паводле ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека кожны з нас мае права свабодна перамяшчацца і выбіраць сабе месца пражываньня ў межах любой дзяржавы.
Не судзіце, дык ня будуць судзіць і вас.
Зьміцер Плакс: “Швэцыя – найбольш скандынаўская краіна ў Скандынавіі. То бок – найменш эўрапейская”
Для паўнаты карціны тут не пашкодзяць лічбы. Дык вось паводле зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, на пытаньне "Ці хацелі б Вы пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, калі б у Вас была такая магчымасьць?”, каля адной траціны беларусаў адказалі, што зрабілі б гэта. Найбольшы адсотак жадаючых пакінуць Беларусь сярод маладых людзей, якія яшчэ вучацца – аж 60%. Што цікава, зьехаць з краіны хацела б больш жыхароў абласных цэнтраў і сяла – каля 38 працэнтаў, чым менчукоў – толькі 24,5%. І многія рэалізуюць свае намеры.
Паводле Нацыянальнай праграмы разьвіцьця Беларусі да 2010 году, ад пачатку тысячагодзьдзя з краіны штогод толькі паводле афіцыйных дамоваў зьяжджала 1,5% працаздольнага насельніцтва — 80 тысяч легальных мігрантаў кожны год.
Што яны шукаюць за мяжой? Што знаходзяць? Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца?
Натуральна, розныя людзі – розныя лёсы. Адныя – у пошуках грошай, лепшай долі. Другія хочуць рэалізавацца, а ў Беларусі ня могуць. Трэція імкнуцца атрымаць добрую адукацыю. Чацьвёртыя апынуліся воляй лёсу... У кожнага – свая гісторыя.
Алеся Сідлярэвіч зараз жыве і працуе ў Лёндане. Некалі скончыла гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Спачатку яна зьехала на вучобу ў Польшчу, на магістарскую праграму, але марыла вучыцца ў Цэнтральным Эўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце. Першы год паступіць туды ў яе не атрымалася – не прайшла конкурс па мове. На другі мара зьдзейсьнілася.
“Імкнулася туды, таму што я чула, што гэта адзін зь лепшых унівэрсытэтаў, калі ты хочаш атрымаць магістарскую праграму ці доктарскую ў нашым рэгіёне, прынамсі, Цэнтральным ці Ўсходнеэўрапейскім. У мяне грошай не было ні на якія праграмы за мяжу ехаць, і я падумала, што калі паступлю на нейкую навуковую праграму, то і ступень атрымаю, і мову падцягну. Пасьля таго, як скончыла ўнівэрсытэт у Будапэшце, я працавала ў газэце “Пагоня”. Потым падалася яшчэ на адну магістарскую праграму. Гэта праграма была ў трох краінах. І апошняй краінай – Вялікабрытанія. А ў Вялікай Брытаніі зараз вельмі добрыя законы для эмігрантаў: калі скончыш навучальную праграму, можна падаваць на працоўную візу на год. І зараз я ў Лёндане. Я лічу, што магчымасьцяў больш за межамі Беларусі. Адназначна, што тычыцца навукі. Я лічу, што навука ў нас увогуле слабая: у нас ні літаратуры няма, бібліятэкі кепскія”.
Карэспандэнтка: “У вас такая матывацыя была – менавіта добрую адукацыю спачатку атрымаць?”
“Так. У Лёндане я апынулася, таму што я, акрамя беларускай і расейскай, добра валодаю ангельскай. Лёндан мне падышоў, таму што тут па-ангельску ўсе размаўляюць, пэрспэктываў, грошай шмат. У асноўным, людзі ў фінансавай сфэры працуюць. Я беларусаў сустракала, якія ў буйных банках працуюць. Карацей, вялікі горад, вялікія грошы, шмат магчымасьцяў...”
Зьміцер Плакс жыве і працуе ў Швэцыі. Зьехаў зь Беларусі па волі лёсу – ажаніўся. Прызнаецца, што ніколі не плянаваў пакідаць Беларусь, а калі б і наважыўся, то дакладна ня ў Швэцыю. Проста так здарылася... Зараз ён – прадусар Беларускай службы радыё Швэцыя:
“У мяне не было ніякіх цяжкасьцяў. Я атрымаў працу ў Швэцыі праз паўгода, як толькі скончыў неабходную адукацыю моўную. Я атрымаў працу па спэцыяльнасьці – працаваў мастаком у тэатры”.
Карэспандэнтка: “Што асноўнае трэба: мова, веды, настойлівасьць, характар нейкі асаблівы?”
“Адзінае бясспрэчна – ты мусіш ведаць мову, таму што інакш ты ня зможаш кантактаваць ні з кім. Мова трэба ведаць, а яшчэ лепш – некалькі моваў. Гэта вельмі важна. Уладкавацца, я думаю, вельмі цяжка, асабліва ў Эўропе. Я зусім не паказальны прыклад... З аднаго боку, я не плянаваў зьяжджаць, гэта проста так атрымалася. А з другога, мне пашанцавала. Я ведаю людзей, якія тут ня тое, што гадамі – дзесяцігодзьдзямі ня могуць сябе знайсьці. І такіх вельмі шмат. Калі я зьяжджаў, мне супрацоўніца амбасады швэдзкай казала: ”Ты павінен быць падрыхтаваны да таго, што Швэцыя – гэта найбольш скандынаўская краіна ў Скандынавіі. Калі я сюды прыехаў, я зразумеў дакладна: найбольш скандынаўская – гэта азначае найменш эўрапейская. Тут вельмі спэцыфічнае ўсё. На кантынэнце, як тут кажуць, усё па-іншаму”.
Камэнтуе Мікалай Халезін:
– Той, хто зьехаў, мабыць, знайшоў на чужыне сваё шчасьце.
Але зьяжджаць трэба тады, калі ты ведаеш пра тое, што хочаш зрабіць там, у іншай краіне. І ведаеш, што ў гэтай краіне ёсьць магчымасьць гэта зрабіць.
Нават калі едзеш проста за каўбасой, можаш атрымаць жорсткае расчараваньне.
Гэта калі ты зразумееш, што ў большасьці насельніцтва гэтай краіны каўбасы больш і яна больш смачная.
Сяргей Скрыпнічэнка: “Шмат у каго пераезд з’яўляецца пэўнай ідэяй фікс. Гэта, я лічу, паранойя і суцэльнае глупства”
Нехта глядзіць на сваіх сяброў і знаёмцаў, якія зьехалі за мяжу і пачуваюць сябе там больш камфортна, утульна і фінансава абароненымі, – і таксама пачынае зьбіраць рэчы. За тры месяцы 2008 году выехалі 992 чалавекі. Для параўнання: у 2006 годзе такіх было 4270, а летась – ужо 6125. У той жа час нехта аналізуе, што ТАМ, а што ТУТ і робіць выбар на карысьць радзімы. Так, паводле чэрвеньскага апытаньня зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледаваньняў, 55 працэнтаў моладзі ўсё ж лічаць, што нават у сёньняшніх умовах можна зрабіць кар’еру і дома.
“Каб любіць Беларусь нашу родную, трэба ў розных краях пабываць”, - гэтымі радкі клясыка аргумэнтуе сваю жыцьцёвую пазыцыю дызайнэр і музыкант Сяргей Скрыпнічэнка. Калісьці ён працаваў дызайнэрам у Польшчы, - там, быццам, і складвалася ўсё няблага, але вярнуўся. І наступныя прапановы з-за мяжы, не зважаючы на “смачную” розьніцу ў заробках, адмаўляў. Для яго жыцьцё на радзіме – найбольш камфортнае.
“Шмат у каго пераезд з’яўляецца пэўнай ідэяй фікс. Людзі думаюць, што калі ў іх нешта тут ня складваецца, ня клеіцца, то варта пераехаць і ўсё зьменіцца. Гэта, я лічу, паранойя і суцэльнае глупства. Калі чалавек нічога з сябе не ўяўляе ўвогуле, то перамена жыхарства нічога прынцыпова ня вырашыць”.
Гэткага ж прынцыпу прытрымліваецца 31-гадовы Віктар, супрацоўнік Нацыянальнага банку. На ягоны погляд, прымаўка “добра там, дзе нас няма” часам падманвае людзей, якія шукаюць лепшай долі. У Беларусі можна рэалізавацца ў прафэсіі і пачуваць сябе ўпэўненым у заўтрашнім дні , кажа ён:
“Я быў за мяжой шмат разоў, - шмат у якіх краінах. Разумею, што ня варта блытаць турызм з эміграцыяй, але не настолькі там лепей, чым у нас, каб з’яжджаць. Мяне задавальняе мая праца, я працую тут ужо 10 год, я атрымаў на вельмі выгодных умовах крэдыт, пабудаваў дзякуючы крэдыту жыльлё, у мяне вельмі неблагі заробак і нарэшце мне падабаецца мая праца”!
Гэта – рацыянальная мужчынская аргумэнтацыя. А жанчыны выкарыстоўваюць яшчэ і эмацыйную. Сьвятлана Азончык – дызайнэр, шмат яе калегаў-сяброў дасягнулі ў блізкім і далёкім замежжы заўважных посьпехаў. Але яна ўпэўнена, што дом – ня там, дзе лепш кормяць, а там, дзе ты пачуваеш сябе дома:
Значна больш камфортна жыць і працаваць у сваёй краіне. І кожны раз, калі ад’язджаю на пэўны час, а потым вяртаюся, – я адчуваю такі спакой, лагоднасьць, ураўнаважанасьць, – я ж дома... Гэта менавіта да Менска стаўлюся. Мне падабаюцца падарожжы – я люблю ад’язджаць на месяц ці два... Але потым мне заўсёды хочацца вярнуцца дамоў”...
Камэнтуе Мікалай Халезін:
– Той, хто застаецца, – абірае самы нялёгкі лёс.
Цяжка жыць у краіне, дзе парушаюцца правы чалавека. Нават – усе правы.
Але застаўшыся, гэты чалавека атрымае вялікі бонус: ён далучыцца да энэргіі пераменаў тады, калі яны адбудуцца.
Чэхі, славакі, палякі, румыны, сэрбы, літоўцы ўзгадваюць часы пераменаў, як лепшае ў сваім жыцьці.
Дапамажы Бог, каб празь некаторы час таксама ўзгадвалі й мы свае першыя часы свабоды.
А чаму ён сам не пакідае Беларусь, хоць заснаваны ім Свабодны тэатар мае вялізны посьпех менавіта на захадзе?
– Ведайце: адсюль мы паедзем толькі пры адной умове – калі ўзьнікне пагроза ў жыцьці нашым блізкім.
І так жа ня хочацца, каб тая пагроза ўзьнікла…
Не пакідаем Беларусі, бо мы й тут – свабодныя.
Нават тут свабодныя – у краіне, дзе грамадзтва яшчэ не пачувае сябе свабодным.