Паводле прэсавай службы “Газпрому”, профільным падразьдзяленьням даручана надалей паэтапна даводзіць цэны на газ для Беларусі да ўзроўню, які складаецца на газавых рынках Заходняй Эўропы.
Умовы пастаўкі расейскага газу ў 2009 годзе ў Беларусь пакуль ня ўзгодненыя. У Расеі лічаць, што цана на газ можа скласьці 250 даляраў за тысячу кубамэтраў (пра гэта казаў пасол Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў), а ў Беларусі чакаюць, што яна складзе ўсяго 140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заяўляў, што цана на газ вызначыцца 6 кастрычніка падчас візыту ў Менск прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна, аднак гэтае пытаньне засталося адкрытае.
Цяпер расейскі газ каштуе 129 даляраў за тысячу кубамэтраў. “Белтрансгаз” цалкам аплаціў пастаўкі расейскага газу за 2007 год і за першае паўгодзьдзе 2008 году.
Нагадаем, 31 сьнежня 2006 году “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу ў 2007—2011 гадах. Ім вызначана формула цаны з 1 студзеня 2008 году, якая адпавядае формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Заходнюю Эўропу. З 2011 году Беларусь павінна выйсьці на ўзровень цаны на газ, які забясьпечвае роўную прыбытковасьць з пастаўкамі ў Заходнюю Эўропу.
У траўні 2007 году “Газпром” і дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі падпісалі дамову куплі-продажу 50% акцыяў “Белтрансгазу”. Цяпер “Газпром” валодае 25% акцыяў "Белтрансгазу".