Журы адзначыла навукоўцаў, чыёй заслугай стала адкрыцьцё і распрацоўка зялёных флюарэсцэнтных пратэінаў. Гэта дало новы рэвалюцыйны інструмэнт сучасным біялёгіі, фармакалёгіі і мэдыцыне. Зялёны колер гэтых бялкоў праяўляецца пад сінім або ультрафіялетавым сьвятлом і дазваляе без унутранага ўмяшаньня сачыць за разьвіцьцём пратэінаў у жывых арганізмах. Так, гэтае адкрыцьцё пачало выкарыстоўвацца для дыягностыкі разьвіцьця ракавых пухлінаў або прагрэсу хваробы Альцгаймэра.
Асаму Сімамура быў першым, хто выдзеліў флюарэсцэнтны зялёны пратэін, а таксама ўстанавіў, якая яго частка адказная за сьвячэньне. Сімамура нарадзіўся ў японскім Кіёта і ад пачатку шасьцідзесятых гадоў працуе ў ЗША. Амаль дваццаць гадоў ён штодзённа вылоўліваў 3 тысячы мэдузаў для навуковых мэтаў. Бялок, які пачынае сьвяціцца, калі на яго падае прамень сьвятла пэўнай даўжыні, быў знойдзены ўпершыню менавіта ў целе мэдузаў.
Мы працягваем спробы распрацаваць шляхі як зазірнуць як у сярэдзіну клеткі, так на паверхню арганізмаў – ня толькі з дапамогай зялёных пратэінаў, але і больш мадэрных тэхналёгіяў
Роджэр Ціен, гаворачы сёньня з журналістамі са Стакгольму, адзначыў, што ў гэтай галіне яшчэ шмат працы:
"Мы працягваем спробы распрацаваць шляхі як зазірнуць як у сярэдзіну клеткі, так на паверхню арганізмаў – ня толькі з дапамогай зялёных пратэінаў, але і больш мадэрных тэхналёгіяў. Тым самым мы атрымліваем розныя колеры і спрабуем , каб гэта мела практычнае прымяненьне. На жаль, зялёны флюарэсцэнтны пратэін не асабліва ўжывальны ў выглядзе наўпроставай іньекцыі чалавеку, бо гэта будзе патрабаваць перасадкі гена.”
Ціен таксама ставіць пад пытаньне выкарыстаньне зялёных флюарэсцэнтных пратэінаў у мастацкіх і камэрцыйных мэтах – такіх, напрыклад, як іх увядзеньне рыбкам у акварыюме ці хатнім сабакам для наданьня ім незвычайнага выгляду.