Да прыкладу, у 2004 годзе кіраўніца рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Ута Цапф і кіраўнік беларускай парлямэнцкай дэлегацыі Міхаіл Арда падпісалі сумесную дэклярацыю: беларускі бок абяцаў правесьці выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.
У гэтай дэклярацыі гаварылася: “Да стандартаў АБСЭ па выбарах належаць справядлівы доступ да СМІ для ўсіх кандыдатаў, збалянсаванае асьвятленьне выбарчай кампаніі ў дзяржаўных мэдыях, а таксама забесьпячэньне палітычнай разнастайнасьці ў выбарчых камісіях усіх узроўняў”.
У абмен Парлямэнцкая асамблея АБСЭ зьняла з галасаваньня рэзкую рэзалюцыю пра становішча ў Беларусі. Аднак гэтая дамоўленасьць не была выканана, заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
“Вось гэтая канцэпцыя — моцна падрыхтаваны, прафэсійны эўрапейскі настаўнік і беларускі вучань, які ня хоча вучыцца дэмакратыі — пакуль не спрацоўвае. Усё заканчваецца толькі размовамі.
Я сам прысутнічаў на такіх дэбатах, якія былі яшчэ ў 2000 годзе. Адразу пасьля таго як, на думку міжнародных арганізацый, скончылася легітымнасьць Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, у нас прайшла выбарчая кампанія, і Парлямэнцкая асамблея АБСЭ стаяла перад выбарам: ці замарозіць прысутнасьць Беларусі ў ПА АБСЭ, ці адчыніць ёй дзьверы? І вось тады прадстаўнікі беларускіх уладаў казалі: “Нам трэба вучыцца, каб вы давалі ўрокі дэмакратыі, а мы крок за крокам будзем асвойваць гэтыя веды”. І тады гэта ў пэўнай ступені спрацавала. Але пасьля гэтага прысутнасьць прадстаўнікоў Лукашэнкі ў ПА АБСЭ не прывяла ні да якіх вынікаў, не выконваліся пагадненьні. І праз чатыры гады спробы падштурхнуць да зьменаў выбарчага заканадаўства, палітычнага клімату ў краіне натыкаліся на тое, што прадстаўнікі Беларусі ня мелі ніякіх рэальных паўнамоцтваў і ў іх не было ніякай палітычнай волі нешта мяняць. Прызначаныя дэпутаты ня могуць браць на сябе палітычную ініцыятыву. Таму гэтыя дамоўленасьці 2004 году са спадарыняй Цапф засталіся кавалкам паперы. Ніякіх рэальных зрухаў не адбылося. Гэта прызначаныя дэпутаты, таму я пэсымістычна ацэньваю пэрспэктывы зьменаў сытуацыі ў Беларусі праз так званы “дэпутацкі корпус”.
А калі АБСЭ і іншыя міжнародныя структуры скіруюць свае намаганьні на адміністрацыю Лукашэнкі?
“Тут могуць быць пэўныя зрухі. Але трэба памятаць гісторыю гэтых узаемаадносін. Спробы наладзіць перамоўны працэс былі ў 1997 годзе. І тады адным з галоўных суб’ектаў быў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, дэлегацыю ўзначальваў Генадзь Карпенка. І тады бралі актыўны ўдзел і АБСЭ, і Эўразьвяз, і Рада Эўропы. Аднак усё скончылася нічым. Было некалькі раўндаў перамоваў, прыяжджалі прадстаўнікі эўраструктураў, і на гэтым усё скончылася.
Другая спроба была празь місію АБСЭ, якой кіраваў спадар Вік. Тады было падпісана пагадненьне, якое было парафіравана ўпаўнаважаным прадстаўніком Лукашэнкі Міхаілам Сазонавым. І яно тычылася доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ. І там было прапісана да радка ў газэтах, да хвіліны ў эфіры — колькі апазыцыя атрымоўвала часу. Гэта ўжо быў крок наперад, Аднак у самы апошні момант Лукашэнка ўсё гэта скасаваў. Таму тут трэба быць вельмі асьцярожнымі”.