Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прызнаць вынікі выбараў немагчыма”


Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава

Сябры Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу ад апазыцыйных партый заяўляюць аб непрызнаньні вынікаў выбараў свабоднымі і дэмакратычнымі.

Сёньня Галіна Сямдзянава правяла прэсавую канфэрэнцыю ў сядзібе БНФ. Яна выступіла з публічнай справаздачай пра дзейнасьць камісіі.

Галіна Сямдзянава, якая працавала ў складзе Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу ад БНФ, на паседжаньні камісіі прапанавала не зацьвярджаць вынікі выбараў, пакуль ня будуць разгледжаныя скаргі кандыдатаў у дэпутаты. Аднак Цэнтравыбаркам зацьвердзіў паўнамоцтвы ўсіх новых дэпутатаў. Перад галасаваньнем па гэтым пытаньні спадарыня Сямдзянава дэманстратыўна пакінула залю пасяджэньняў.

“Нашы кандыдаты, якія засталіся ўдзельнічаць у выбарах, адразу ж пасьля выбараў падалі скаргі на непрызнаньне іх сапраўднасьці. Гэта, па зьвестках ЦВК, 24 чалавекі. Але падчас абмеркаваньня мы высьветлілі, што гэта каля 35 чалавек, як мінімум. У гэтых скаргах знаходзяцца акты аб масавых парушэньнях”.

Паводле сябра камісіі з дарадчым голасам ад ПКБ Алены Скрыган, тое, што ЦВК прызнала вынікі выбараў, не разгледзеўшы скаргі, выглядае нелягічна. Сябры камісіі з дарадчым голасам прыняць удзел у наступных пасяджэньнях ня маюць права.

“У сваім выступе на пасяджэньні камісіі я сказала, што не магу прызнаць выбары свабоднымі і справядлівымі, бо для гэтага ёсьць многа падстаў. Прызнаць вынікі гэтых выбараў, як іх прызнаў Цэнтравыбаркам, немагчыма”.

Галіна Сямдзянава апавяла пра выпадкі парушэньняў выбарчага заканадаўства. Да прыкладу, скаргі на пасяджэньнях ЦВК дакладалі так званыя “куратары” па абласьцях, якія мелі неабмежаваныя правы. Гэта былі галоўныя спэцыялісты Палаты прадстаўнікоў:

“Усё рабілася рукамі гэтых куратараў. Цэнтральная камісія давала ім указаньні, яны выяжджалі, праводзілі ўсе гэтыя праверкі, душылі, каго ім трэба было, і выбівалі тыя дадзеныя, якія ім былі патрэбныя”.

На прэсавай канфэрэнцыі Галіна Сямдзянава сказала, што выбары нельга прызнаць свабоднымі і дэмакратычнымі:

“Гледзячы на такія вынікі, у любой цывілізаванай дзяржаве ЦВК павінна была б ісьці ў адстаўку, бо з году ў год выбары не прызнаюцца. Дзякуючы ўдзелу значнай большасьці кандыдатаў ад АДС да канца выбарчай кампаніі, нам удалося даказаць уладзе і ўсім, што мы мелі факты грубага парушэньня выбарчага заканадаўства на ўсіх этапах выбарчай кампаніі. І асабліва гэта было бачна ў дні датэрміновага галасаваньня і 28 верасьня. Наступным этапам павінна быць тое, што мы павінны зноў даказваць усяму сьвету, што гэты парлямэнт нелегітымны, што ён не выказвае нашы інтарэсы і што гэты парлямэнт праўладны”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG