Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінкавічы: Якуб Колас у глыбіні Палесься


Пінкавічы, Пінскі раён. Эфір 30 верасьня 2008


У вёсцы Пінкавічы вісіць вялікі ўказальнік, які запрашае наведаць музэй народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пісьменьнік пражыў тут два гады падчас першай расейскай рэвалюцыі. Па літаратурных мясьцінах лепш за ўсё езьдзіць з кнігаю. Бо вельмі цікавы занятак — параўноўваць апісанае ў клясыка месца, як яно выглядала сто гадоў таму, з тым, што бачыш сёньня. Калі адкрыць другую частку раману Якуба Коласа “У глыбі Палесься”, дык вёска Пінкавічы паўстае вельмі маляўніча.

“Досыць вялікі прышкольны агарод, праўда, незасеяны і запушчаны, прымыкаў да плятня казённага лясьнічага. Уздоўж плятня цягнуўся цэлы рад высачэзных вязаў, аддзяляючы прыгожы парк лясьнічага ад школьнага пляца. Лявей гэтага пляца раскінулася вёска Высокае, дзе з-за дрэў весела выглядалі акуратныя чаротавыя стрэхі сялянскіх хат і клуняў. У кроках ста ад школы прасторны пляц-выган досыць крута спускаўся да рэчкі Піны, за якою ляжалі неасяжныя прасторы балот, дзе рос густы і незвычайна высокі чарот. Зарэчная балотная роўнядзь зьлівалася зь небам і, здавалася, ня мела канца-краю”.

Сёньня ад апісанага ў рамане пэйзажу засталася хіба што толькі маляўнічая Піна. Ні парку лясьнічага, ні вялікага выгану даўно няма. Усё забудавана хатамі. Нават круты спуск да ракі. І чаротавыя стрэхі даўно сышлі ў нябыт. Школа ж, дзе працаваў Колас і дзе сёньня месьціцца музэй, выглядае надзвычай сьвежа. Як быццам толькі ўчора пабудаваная. Загадвае музэем вельмі сымпатычная і гасьцінная кабета, Ніна Палавец, якая дзеля наведніка гатовая прыляцець на ровары з суседняй вёскі. Варта толькі выклікаць яе праз тэлефон. Жвавая, улюбёная ў сваю справу, сярэдняга веку жанчына адчыніла дзьверы музэю.


Карэспандэнт: “Скажыце, а гэты будынак — ён адносна новы?”

Палавец: “Так. Той быў драўляны. Цяпер цагляны. Ён мае тыя самыя памеры. Усё тое самае, як было некалі. Вось бачыце, дах працякае. Гэта праблемы нашы мясцовыя”.

Карэспандэнт: “Гэты музэй у 90-м годзе адкрылі?”

Палавец: “У 90-м”.

Карэспандэнт: “А да 90-га году што было на гэтым месцы?”

Палавец: “Пінкавіцкая школа”.

Карэспандэнт: “А сьцены гэтай школы памяталі Якуба Коласа?”

Палавец: “Так. Так.”

Карэспандэнт: “А ў 90-м годзе гэтыя сьцены зьнесьлі?”

Палавец: “Так. Драўляны будынак. Таму што паразвальвалася ўсё. Таму будынку драўлянаму, можа, больш за 200 гадоў было”.

Карэспандэнт: “А няўжо нельга было неяк закансэрваваць?”

Палавец: “Нерэальна. Таму пабудавалі гэты цагляны”.

У музэі ня самая бедная этнаграфічная калекцыя. Ёсьць старадаўні андарак, які мясцовыя кабеты па традыцыі рабілі белым зь некалькімі чырвонымі палосамі. Нямала тут розных гаспадарчых прылад. Кросны, калаўрот, старыя гаршчкі і барыл, драўляныя флягі. Адзін з экспанатаў, плецены кораб складаць яйкі, спадарыня Ніна падабрала на набярэжнай у Пінску, куды яго выкінулі за непатрэбнасьцю. Але найбольш мяне ўразілі старыя фотаздымкі, на якіх Пінкавічы і пінчукі паўстаюць такімі, якімі іх бачыў пісьменьнік.


Палавец: “Першае, што яго зьдзівіла, калі ён сюды прыехаў, гэта, як ён казаў, хадзілі па рынку тыповыя постаці палешукоў і паляшучак. Яны былі такія ганарлівыя, так звысоку на ўсіх паглядалі, што, здаецца, калі ты не паляшук, то ты і не чалавек. Вось гэтыя паляшук і паляшучка на фотаздымку. Але Пінкавічы яму спадабаліся. Людзі тут былі больш прыветлівыя. І жанчыны больш акуратныя.


Карэспандэнт: “А гэта што за дом?”

Палавец: “Мы сфатаграфавалі. Калі Канстанцін Міхайлавіч прыехаў, была вось гэтая вуліца. Хаты былі акуратна пакрытыя чаротам. Гэта яму вельмі спадабалася. Гэта фотаздымкі 50-х гадоў. Мы хочам дзецям паказаць, што некалі былі і такія дамы. Людзі калі пабудавалі новыя хаты, гэтыя служылі ім як клуні, як хлявы”.

Карэспандэнт: “А якія асноўныя праблемы музэя?”

Палавец: “Музэй патрабуе рамонту. Ня трэба гаварыць. Вы ўсё гэта і самі бачыце”.

Карэспандэнт: “Драўляны будынак стаяў больш за сто гадоў. А каменны прастаяў 18”.

Што тычыцца Коласа, дык тут ёсьць ягоны бюст, шмат карцін і ілюстрацый да ягонага раману. Але ж самы каштоўны экспанат, сапраўдныя сьцены старой школы, ужо не вярнуць.



Карэспандэнт: “Скажыце, а ў якім кутку жыў Колас?”

Палавец: “Вось у гэтым пакоі. І ён правяраў сшыткі, седзячы каля таго акенца. Тут была вартаўніца цётка Ганна. І калі Канстанцін Міхайлавіч прыехаў сюды, дзеці ўсё пыталі ў яе, ці дужы настаўнік. Бо баяліся, што будзе моцна біць. І калі Канстанцін Міхайлавіч прыйшоў на першы ўрок, адзін хлопчык асьмеліўся і кажа: “Чаму вы прыйшлі да нас безь лінейкі і без указкі?” — “А навошта яна мне?” — “А чым вы нас біць будзеце?” Ён засьмяяўся і сказаў: “Калі вы будзеце добра вучыцца, я вас ніколі ня буду біць”.

Кожнага разу, калі я еду па мясьцінах, зьвязаных з падзеямі стогадовай даўніны, я зусім не разьлічваю сустрэць чалавека, як-небудзь зьвязанага з тымі падзеямі. І кожнага разу пераконваюся, што нічога не праходзіць бясьсьледна. Павал Мікалаевіч Лой, моцны 70-гадовы стары, з Коласам зьвязаны непасрэдна. Пісьменьнік сябраваў зь мясцовым царкоўным старастам. Сталаваўся ў ягоным доме. Пэўны час нават жыў у яго. І хрысьціў ягонага сына. Гэта значыць, бацьку нашага героя.



Карэспандэнт: “Вашага бацьку?”

Лой: “Якуб Колас хрысьціў. Ён у дзеда жыў, калі тут настаўнічаў. А пасьля хрысьціў. І празь некаторы час, пасьля вайны, даслаў вучняў, каб даведацца, хто жывы застаўся”.

Карэспандэнт: “А бацька нічога не расказваў пра Коласа?”

Лой: “Бачыце, тады такі час быў. Усе напалоханыя. Размовы ня вельмі ішлі. Ну, бабуля казала, што ён жыў у тым пакоі, сталаваўся. Багаты быў дзед. У яго было 15 дзяцей. І прыйшлі раскулачылі. Падаткі адзін раз далі. Пасьля другі раз. Ён выплаціў. Адчуваў кепска сябе. У 46-м памёр. А мама, калісьці былі падаткі вялікія, не заплаціла падаткі. Напісала Якубу Коласу. Вось такое, маўляў, становішча. Год з нас ня бралі. А пасьля аглядзеліся і спагналі па поўнай. І мы ўжо больш не зьвярталіся”.

На жаль, я памыліўся наконт школьных сьцен як самага каштоўнага экспанату. У Пінкавічах, у хаце Лояў, пасьля ад’езду паэта захаваліся ягоныя сшыткі. Сьпісаныя ягоным настаўніцкім почыркам. Які б гэта быў экспанат! Але ўсе сшыткі былі спаленыя ў далёкія 30-я гады.

Лой: “У яго вельмі шмат было сшыткаў. У яго вельмі прыгожы почырк быў. А як бабуля прыбірала ягоны пакой, калі ён зьехаў, дык мы вельмі цікавіліся ягоным почыркам”.

Карэспандэнт: “І што? Усе гэтыя сшыткі спалілі?”

Лой: “Ну а куды ж іх дзяваць? Ніхто ж ня думаў, што так будзе. Тады ж у нас распалох такі моцны быў. То немцы, то рускія, то палякі. Калі б мы ведалі, што будзе такая справа...”

Карэспандэнт: “А што там былі за сшыткі? Нейкія практыкаваньні? Ці там былі вершы?”

Лой: “Мы не чыталі. Я толькі почырк глядзеў”.



Сярод архітэктурных цікавостак у Пінкавічах трэба зайсьці да царквы Прасьвятой Багародзіцы. Былая ўніяцкая, драўляная, пабудаваная ў ляканічным палескім стылі, яна заўжды была адкрыта вернікам. Нават падчас бамбёжак Другой сусьветнай усе бомбы абмінулі яе. Зрэшты, Пінкавічы заўжды былі пад боскай абаронай. Так сказала мне старая Соф’я, карэнная пінкавічанка, якую я сустрэў каля царквы.



Соф’я: “Нашае сяло ад немцаў не пацярпела. У нас не палылі. Буў такі стараста. Ён абараняў людэй. Каб у нас кагосьці убывалы, ці вішалы, ці палылы. У нас гэтаго ня было. У нас быў агарод трыццаць сотак. І воны паставылы ў нас кухню. Дык воны і нам давалы талерку супу. А там мяса было вось так во. Яны ня зьдзеквалыся. Сяло цалкам цэлае засталося”.

Карэспандэнт: “А пасьля 44-га як сюды вярнулася Чырвоная армія?”

Соф’я: “Заганяты ў калгас заганялы. А людэй не высылалы. Усі на месцы былы”.

Насупраць царквы ўзвышаецца прыгожы катэдж з чырвонай цэглы, са спадарожнікавай талеркай. Найлепшы сымбаль новых Пінкавічаў, дзе даўно няма ні чаротавых стрэх, ні калгасу. Бо тутэйшыя людзі жывуць і зарабляюць на хлеб выключна са сваёй працы. Вырошчваюць агуркі і памідоры ў вялікіх парніках. Малады гаспадар катэджа, пінкавец Вова, рамантуе “мэрсэдэс”.



Вова: “У вас у Менску пінкавіцкія сядзяць”.

Карэспандэнт: “Вы таксама гадуеце агуркі, памідоры?”

Вова: “Я машыны разьбіраю”.

Карэспандэнт: “А калі не сакрэт, колькі можна зарабіць на гэтых парніках?”

Вова: “Цешча, можа, якіх тысяч дзесяць-дванаццаць”.

Карэспандэнт: “Даляраў. Дык навошта тады працаваць на калгас, калі за сэзон можна зарабіць дзесяць тысяч?”

Вова: “Канечне”.

Карэспандэнт: “А “Белсат” не гледзіце па сваёй талерцы?”

Вова: “Я ня вельмі. Я ў асноўным НТВ. А “БелСат” ня вельмі гляджу. Там па-беларускаму этаму разгаварывают. Эта для міня не то”.

У тым, што Вова любіць грошы і ня любіць беларускую мову, я не знаходжу нічога новага. Гэта ўжо другая гісторыя. Да якой Якуб Колас ніякага дачыненьня ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG