Гэта ўжо пяты твор Уладзімера Арлова, які можна слухаць, а не чытаць. Але твор у пэўным сэнсе – адначасова першы, тлумачыць аўтар:
“Яе адметнасьць у тым, што ў адрозьненьне ад ранейшых, гэтая аудыёкніга не выходзіла раней у папяровым фармаце. Гэта значыць, што “Паўстанцы” адразу нараджаліся як аудыёкніга. Склалі яе 14 радыёэсэ пра змагароў за волю і незалежнасьць нашай зямлі. Паўстаньне Касьцюшкі, паўстаньне 1831 года, потым каліноўцы. Эсэ таксама пра ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну Макара Краўцова”.
Сярод герояў кнігі – Эмілія Плятар, Тадэуш Касьцюшка, Міхал Андрыёлі і Ахіл Банольдзі. Аудыёкніга агучана голасам аўтара. Аудыёфармат літаратурных твораў, лічыць Уладзімер Арлоў, дазваляе сучаснаму чалавеку больш ашчадна выкарыстоўваць час:
“Істотным момантам, які паўплываў на тое, што я з ахвотай узяўся за праект аудыёкніг, быў выпадак, які здарыўся у басэйне. Па суседняй дарожцы плаваў чалавек з плэерам і высьветлілася, што ён ня слухаў музыку, не вывучаў замежную мову. Ён такім чынам чытаў клясычную літаратуру.”
На погляд Віталя Супрановіча, кіраўніка праэкту “Беларускі Музычны Архіў”, аудыёфармат кніг – пэрспэктыўны кірунак распаўсюду літаратурных твораў:
“Гэта больш лёгкі сродак азнаямленьня зь інфармацыяй, і таму вельмі станоўча, што зьяўляюцца гэткія беларускія творы ў аудыёфармаце. У нас ёсьць таксама сэрыя “Дыскарня “Наша Ніва”, дзе паэты чытаюць свае вершы пад музыку. І гэтая сэрыя вельмі запатрабаваная людзьмі”...
Цягам году зьявіцца цэлая бібліятэка аудыёкніг Уладзімера Арлова. Ужо зьявіліся “Час чумы”, “Сны імпэратара”, “Таямніцы Полацкай гісторыі” і “Адкуль наш род”. Наперадзе – “Ордэн Белай Мышы”, і кніга вершаў “Паром праз Ля-Манш.”