Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Будуць фармаваць камісію па бясьпецы з гінэколягаў?”


Сацыяльны партрэт дэпутата. Хто прайшоў у новы склад парлямэнту? Прадстаўнікі якіх прафэсій будуць пісаць і прымаць законы?


За ўсю гісторыю выбары былі самымі прадказальнымі і безальтэрнатыўнымі: на адно месца ў Палаце прэтэндавала 2,4 кандыдаты. У 15 акругах балятавалася па аднаму кандыдату — прадстаўніку ўлады. Прагнозы і “ўцечкі інфармацыі” пра тое, што ў парлямэнце будзе 5 не самых яскравых апазыцыянэраў, беларускай уладай не пачутыя. Урэшце ніводзін прадстаўнік апазыцыі ў Палату не прайшоў.

Калі б не датэрміновае галасаваньне (паводле афіцыйных дадзеных загадзя прагаласавала больш за 26% выбарцаў), выбары маглі б не адбыцца. 28 верасьня на ўчасткі прыйшло, паводле афіцыйных зьвестак, 49%. Сацыёляг Аляксандар Сасноў распавёў:

“Дакладных вынікаў мы ня ведаем. Іх ніхто ня можа ведаць, таму што яны закрытыя. Я спэцыяльна пайшоў галасаваць а палове на восьмую вечара. Пры мне шукалі прозьвішча, гарталі аркушы. На ўвесь дом адзінкі галасавалі. А як высьветлілася, амаль 80% прагаласавала. Гэта ж сьмешна”.

На пачатку мінулага тыдня ў рэдакцыю «Народнай Волі» ананімны чыноўнік даслаў сьпіс кандыдатаў, якія пройдуць у парлямэнт. Калі зьверыць той сьпіс з новаабраным складам, можна знайсьці толькі адну неадпаведнасьць: у Кобрынскай выбарчай акрузе №12 прайшоў ня Віктар Кучынскі, які балятаваўся ўжо шосты раз і адседзеў у Авальнай зале 18 гадоў, а бізнэсоўца Аляксандар Зазуля. Шэф-рэдактар газэты «Народная Воля» Сьвятлана Калінкіна кажа:

“Мяне, шчыра кажучы, зьдзівіла толькі Кобрынская акруга, і тое, што не перамог Віктар Кучынскі. Бо ён жа перад гэтымі выбарамі быў на асабістым прыёме, і складвалася ўражаньне, што ўсё там дамоўлена. Але так адбылося, што бізнэсмэн Зазуля аказаўся мацнейшым за гранатамётчыка. Нейкая іншая зброя спрацавала на гэтых выбарах”.

Шмат у новым парлямэнце, так бы мовіць, выгнаньнікаў з адміністрацыйнай вэртыкалі. Асабліва красамоўна выглядае Віцебская вобласьць: у дэпутаты пайшлі старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка, ягоны намесьнік Пётар Южык, старшыня Чашніцкага райвыканкаму Анфім Міхалевіч, Пастаўскага – Эдуард Казура. Дэпутатам па Сеньненскай акрузе стаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Папкоў (усім па 59 – 60 гадоў)...

У парлямэнце амаль дзясятак кіраўнікоў з адміністрацыі прэзыдэнта й ідэолягаў рознага ўзроўню.
Дарэчы, у іншых рэгіёнах прайшлі ў дэпутаты таксама вэртыкальшчыкі перадпэнсійнага ўзросту: два намесьнікі старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, старшыні Гомельскага, Крычаўскага, Шклоўскага, Слонімскага, Старадароскага райвыканкамаў. У парлямэнце амаль дзясятак кіраўнікоў з адміністрацыі прэзыдэнта й ідэолягаў рознага ўзроўню.

Намеснік дырэктара зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў перакананы:

“Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада прызначае тых, хто ёй падкантрольны. Бо кожны з гэтых людзей прызначаецца вэртыкальлю. І таму мне сьмешна, да прыкладу, калі на мясцовых выбарах абіраюць нейкага загадчыка аддзелу райвыканкаму. Ён што – будзе кантраляваць гэты райвыканкам? Наадварот. Ён там для таго, каб ніхто гэты райвыканкам не кантраляваў. Так і тут: паабіралі тых жа чыноўнікаў ад аховы здароўя, іншых дзяржаўных установаў. Дык што яны будуць кантраляваць?”

У дзень выбараў Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне аб пераемнасьці дэпутацкага корпусу: каб у парлямэнце было ня менш заз 25% і ня больш за 30% дэпутатаў са стажам. І каб парлямэнт быў з “жаночым тварам” – прадстаўніцтва жанчын дзесьці блізка да 30%. Пажаданьне дакладна выканана.

Зноў трапілі ў парлямэнт самыя найцішэйшыя дэпутаты, ініцыятывы і выступы якіх не ўзгадаюць нават палітыкі, палітолягі, людзі, якія цікавяцца палітыкай. Выключэньне – Уладзімер Здановіч, які балятаваўся трэці раз і перамог. Прызнаецца, што гэта было нялёгка:

“Калі б вы бачылі мяне да выбараў і цяпер, пасьля – вы б адразу сказалі б, лёгка было ці цяжка. Гэта было вельмі цяжка! Наагул, цяжка ісьці чалавеку трэці раз на выбары. Тут ужо проста гаварыць нешта – гэта будзе мізэрная справа. Таму што патрэбна, каб людзі бачылі, што ж ты сапраўды зрабіў за два скліканьні”.

Тут варта ўзгадаць, што ўвесну старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі Ўладзімер Здановіч рэзка раскрытыкаваў школьную рэформу. Многія СМІ перадрукавалі артыкул “Вяртаньне да 11-годкі вядзе ў пячорны век”. Але сам Уладзімер Здановіч прызнаў, што электарат амаль ня ведае, што робяць дэпутаты:

“Да мяне былі такія прэтэнзіі, што я наагул разваліў сыстэму адукацыі. Нават такія! Гэта азначае, што шэраг людзей нават ня ведае, што рабіў дэпутат Здановіч у галіне адукацыі. Магчыма, тут была і мая віна. Магчыма, мала працаваў са сродкамі масавай інфармацыі”.

У новым парлямэнце шмат прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу: ад дырэктараў Беларускай чыгункі, вагонарамонтнага і хлебазаводаў да дырэктараў школ, каледжаў. Шмат лекараў – гэта пры тым, што ў краіне назіраецца востры дэфіцыт мэдыкаў: толькі ў Менску не хапае 2 тысячы лекараў, кажа Сьвятлана Калінкіна:

“І вось масава кіраўнікоў мэдычных устаноў проста пхнуць у палітыку. Зусім незразумелая цяга да палітыкі, тым больш, што яны займаюцца далёкімі ад палітыкі сфэрамі: псыхіятрыяў, гінэкалёгіяй”.

У новым парлямэнце — ніводнага рабочага, ніводнага працаўніка сяла. Адзін журналіст – рэдактар раёнкі са Стоўбцаў. Два артысты – Генадзь Давыдзька, вядоўца адказных урадавых канцэртаў, і Сьвятлана Сухавей, якая на адкрыцьці кінатэатру “Беларусь” сядзела побач з кіраўніком дзяржавы. А вось юрыстаў няшмат – толькі два старшыні судоў (Цэнтральнага раёну Менску і Камянецкага раёну). Меркаваньне шэф-рэдактара “Народнай Волі” Сьвятланы Калінкінай:

“Проста ня будзе з каго фармаваць камісію па бясьпецы, бо акрамя спадара Місурагіна, які прайшоў па Ўручскай выбарчай акрузе, ніякіх прадстаўнікоў МУС, КДБ, Міністэрства абароны проста ў гэтым сьпісе няма. Таму, я ня ведаю, альбо будуць фармаваць гэту камісію з гінэколягаў, альбо гэтую камісію ліквідуюць. Таму, я думаю, будзе цяжкае кадравае пытаньне”.

Самы малады дэпутат – першы сакратар Слуцкага райкаму БРСМ Інэса Кляшчук, яна 1978 году нараджэньня.

Самыя старэйшыя – Мікалай Казак, галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук – яму 63 гады. Дарэчы, многія дэпутаты вельмі прыстойна зарабляюць. Той жа навуковец Казак зарабіў за мінулы год каля 50 мільёнаў рублёў і больш за 9 тысяч даляраў (каля 3 тысяч даляраў штомесяц). А генэрал Ігнацій Місурагін, начальнік Вайсковай акадэміі, за 2007 год задэкляраваў даход у 170 мільёнаў рублёў (больш за 7 тысяч даляраў у месяц).

На сваю першую сэсію новаабраныя дэпутаты зьбяруцца пры канцы кастрычніка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG