Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Guardian: “Сур’ёзны сумнеў у шчырасьці Лукашэнкі”


Заходнія сродкі масавай інфармацыі камэнтуюць вынікі выбараў у Беларусі.

Ніводзін прадстаўнік апазыцыі ў парлямэнт не прайшоў – цытуе New York Times словы сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка. Газэта акцэнтуе ўвагу на міжнародным кантэксьце выбараў. Беларусь – піша New York Times – мае цесныя эканамічныя і этнічныя сувязі з Расеяй, і Лукашэнка спрабуе гуляць на адносінах Крамля з Захадам, каб зьменшыць ўласную залежнасьць ад Крамля”. У той жа час, адзначае выданьне, Захад імкнецца вывесьці Беларусь з крамлёўскай арбіты. Аднак эўрапэйскія лідэры далі ясна зразумець, што гэта будзе залежыць ад празрыстасьці выбараў. У нядзелю лідэры апазыцыі ахарактарызавалі выбары як фарс, і заявілі, што ім не дазволілі прысутнічаць пры падліку галасоў. Некалькі сотняў прыхільнікаў апазыцыі сабраліся на цэнтральнай плошчы Менска ўвечары ў нядзелю. Раней у справаздачы назіральнікаў АБСЕ адзначалася, што выбары адбываюцца з вельмі нізкім узроўнем магчымасьці апазыцыйных кандыдатаў прапагандаваць свае ідэі, піша New York Times.

Вялікі артыкул з аналізам вынікаў выбараў зьмясьціла сёньня брытанская Guardian. Паколькі ніводзін з апазыцыянэраў у парлямэнт не патрапіў, узьнікае сур’ёзны сумнеў у шчырасьці абяцаньня Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі. “Гэта былі ня выбары, гэта быў фарс” -- цытуе Guardian словы Анатоля Лябедзькі. Прыводзіць газэта і выказваньне старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якая заявіла, што “Выбаршчык баіцца згубіць тое, што мае”. Аднак 34-ох гадовая Яўгенія Курыловіч, якая прыйшла ўвечары на плошчу, сказала, што жадае эўрапейскай будучыні для сваіх дзяцей. Guardian піша, што заходнія дыпляматы ня лічаць, што выбары адпавядалі стандартам дэмакратыі, але адначасна шукаюць сьціплыя прыкметы таго, што краіна, як яны выказваюцца, рушыць у правільным накірунку.

Guardian нагадвае, што Лукашэнка пасварыўся з Масквой з-за коштаў на энэрганосьбіты, і ягоныя адносіны з Уладзімерам Пуціным застаюцца напружанымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG