Апазыцыянэры лічаць, што ўлады такім чынам спрабуюць зьменшыць колькасьць патэнцыйных удзельнікаў вулічнай акцыі.
Прадпісаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону аб масавых мерапрыемствах уручылі, у прыватнасьці, актывісту дэмакратычнага руху Антону Койпішу. Антон паведаміў “Свабодзе”, што ўчора ўвечары да яго на кватэру завіталі міліцыянты і двое мужчын у цывільным. Яны запрасілі яго прыйсьці 26 верасьня на размову ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску.
Антон Койпіш апавёў:
“Пасьля таго як я сказаў, што не магу прыйсьці на размову, яны далі мне афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону, падпісанае пракурорам Цэнтральнага раёну Менску.
Мне паведамляецца, што калі я буду ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах у дзень выбараў, то буду несьці за гэтага адказнасьць згодна з законам.
Я ім адказаў, што спадзяюся ўвесь дзень выбараў займацца назіраньнем. Лічу, што ўлады баяцца менавіта тых людзей, якія даўно актыўна праяўляюць сябе на вуліцах”.
Віктар Івашкевіч цяпер знаходзіцца ў Кобрыне. Яму патэлефанаваў, таксама ўвечары, участковы інспэктар і запрасіў наведаць пракуратуру Савецкага раёну. Віктар Івашкевіч паведаміў, што знаходзіцца ў камандзіроўцы і ня можа прыйсьці на размову.
“Прафіляктычная гутарка прадугледжана заканадаўствам і можа быць з тымі, хто паводле такіх парушэньняў раней прыцягваўся... Іншая справа, што гэта ціск, бо ніхто не падаваў ніякіх заявак і не зьбіраўся ладзіць беспарадкі.
Што да заклікаў, каб выйсьці на плошчу, — дык людзі туды і так штодня прыходзяць. Да ГУМу таксама шмат людзей прыходзіць без адмысловых заявак. І ў нядзелю на плошчу могуць прыйсьці людзі. Гэта не парушэньне заканадаўства”.
Летась напярэдадні Дня Волі моладзевых актывістаў выклікалі ў пракуратуру на размову, дзе іх папярэджвалі пра адказнасьць, калі яны выйдуць на несанкцыянаваную акцыю. Учора позна ўвечары міліцыянты кінулі ў паштовыя скрыні некалькім маладафронтаўцам позвы ў пракуратуру.
Гаворыць Наста Палажанка:
“Сёлета маладафронтаўцы ігнаруюць паходы ў пракуратуру. Патэлефанавала і кажу: “Прабачце, вы прыходзіце да мяне на кватэру а 7 раніцы і кажаце, што я павінна быць у пракуратуры ў 9:30. Так ня робіцца. Я чалавек, які плянуе свой дзень, і ў мяне іншыя пляны”.
З паводзінаў міліцыянтаў і пракуратуры вынікае, што яны днямі, а можа, літаральна ўчора атрымалі загад запалохаць моладзевых актывістаў, прыводзячы іх да “жывога пракурора” ў пракуратуру.
Фігурант “справы 14-ці” Арцём Дубскі, які адбывае пакараньне ў Асіповічах, даведаўся сёньня, што на яго склалі рапарт аб парушэньні, якое ён нібыта зьдзейсьніў. Арцём лічыць, што такім чынам улады спрабуюць блякаваць яго, каб ён не паехаў у Менск.
“Быццам бы я 24 верасьня не пусьціў супрацоўнікаў міліцыі да сябе ў кватэру. Насамрэч мне патэлефанавалі ў дамафон. Я ім адчыніў дзьверы, і яны, не заходзячы ў кватэру, як звычайна, праверылі мае дакумэнты і сышлі. Усё адбывалася так, як заўжды. Ніколі ў кватэру яны не заходзілі.
Гэтым разам нечакана яны склалі на мяне рапарт. Я мяркую, што, хутчэй за ўсё, пачаўся нейкі “прэвэнтыў” напярэдадні 28 верасьня”.
Ахвотных наведаць пракуратуру для прафіляктычнай гутаркі пакуль няма. Маладафронтаўцы памятаюць, як летась пасьля такіх размоваў іх затрымлівалі ля пад’ездаў і потым арыштоўвалі, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.