Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордны ўраджай не замінае росту цэнаў


З надыходам восені цэны ў Беларусі на харчаваньне ды іншыя спажывецкія тавары працягваюць расьці яшчэ большымі тэмпамі.


Ужо абвешчана пра 10-працэнтнае павелічэньне закупных цэнаў на мяса, на пачатку верасьня падаражэў цукар, вырасьлі кошты на алькаголь, сьвежае ў памяці ўжо другое сёлета падвышэньне коштаў на бэнзін. Цяпер спажыўцы чакаюць радыкальнага росту цэнаў на гародніну — указам Аляксандра Лукашэнкі абкладзеныя акцызамі імпартаваныя гуркі, памідоры, капуста і г.д. Пад шумок істотна вырасла ў коштах аналягічная беларуская прадукцыя. Што адбываецца на спажывецкім рынку Беларусі? Чаму нават пры рэкордным ураджаі практычна немагчыма спыніць рост цэнаў на сацыяльна значныя тавары?

Сёлета ў Беларусі, паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, сабраны беспрэцэдэнтны ўраджай збожжа. У лічбавым пераліку — практычна па тоне на кожнага жыхара краіны. Аднак, на думку бальшыні спэцыялістаў, гэта наўрад ці зробіць харчаваньне больш танным для беларусаў.

Колішні супрацоўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, экс-намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму ў аграрных
Пакуль эканоміка цалкам падкантрольная дзяржаве, яна будзе працаваць на папаўненьне дзяржаўнага бюджэту ...
пытаньнях Аляксандар Ярашук лічыць, што ніякі “надзвычайны” ўраджай ня будзе спрыяць цэнавай лібэралізацыі. Пакуль эканоміка цалкам падкантрольная дзяржаве, яна будзе працаваць толькі ў адным рэчышчы — на максымальнае папаўненьне дзяржаўнага бюджэту:

“Аб’ектыўна гэта павінна было б спрыяць, каб паніжаліся кошты на прадукты харчаваньня. Але паколькі насамрэч наша сельская гаспадарка маларэнтабэльная, неканкурэнтаздольная і ня надта эфэктыўная, то можна прагназаваць: хутчэй за ўсё, ніякага паніжэньня коштаў не адбудзецца. Гэта той выпадак, калі яшчэ моцна трэба падумаць — ці трэба дзяржаве мець такія аб’ёмы вытворчасьці збожжа, калі ніхто па-сапраўднаму не разважае пра эфэктыўнасьць вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі ўвогуле.

Таму магу рабіць досыць упэўнены прагноз: мы ня зможам чакаць, што будуць паніжацца цэны на прадукты харчаваньня ў крамах, хутчэй будзе наадварот. Калі заслоны для пранікненьня імпартаванай прадукцыі моцныя, то беларускім вытворцам папросту няма патрэбы напружвацца; можна сабе дазваляць мець затраты тых жа кармоў для жывёлы ў 2—3 разы вышэйшыя, чым у Эўропе. Адпаведна з гэтым мець эфэктыўнасьць і цэны ў канчатковым варыянце ў крамах. Агульнавядомы факт, што цэны на мяса птушкі ў нас у тры разы вышэйшыя, чым у Эўропе. Ці ялавічына тая ж самая”.

На пачатку тыдня Міністэрства статыстыкі і аналізу агучыла некаторыя лічбы па выніках васьмі месяцаў 2008 году. Найшпарчэй у параўнаньні зь мінулым годам даражэлі харчовыя прадукты. Так, алей падаражэў на 91%, макаронныя вырабы — на 35%, малочная прадукцыя — на 30%, сыр і мука — на 21%, мяса і птушка — на 19%, кандытарскія вырабы — на 16%, каўбасы — на 15%, хлеб — на 14%, яйкі і алькагольныя напоі — на 13%. Цэны на гародніну вырасьлі на 26%... Зьніжэньня не заўважана па ніводнай пазыцыі.

Міхаіл Русы
Старшыня Аграрнай партыі Беларусі, кіраўнік Камісіі ў аграрных пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы ня лічыць, што сытуацыя ў Беларусі істотна розьніцца ад іншых краінаў сьвету. Ён перакананы, што гэта агульная тэндэнцыя, якая, між іншым, не выключае іншага факту — нават пры росьце цэнаў спажывецкая здольнасьць беларускага насельніцтва толькі падвышаецца. Трымаючыся такой лёгікі, чалавека, які мусіць кожны дзень напаўняць страўнік, высокімі цэнамі ўсё роўна не запалохаеш:

“Калі ў чалавека зьяўляюцца сродкі, ён пачынае задумвацца над тым — а як пажыць яшчэ лепей? Таму ўсё тут правільна. Гэта ўжо аналягічна заходняму падыходу. Вось паглядзіце: за апошнія чатыры гады амаль падвоілася спажываньне сыру на душу насельніцтва, рыбы, гародніны. То бок група, будзем гаварыць так, сацыяльных тавараў — хлеб, малако — яна зьмяншаецца. Тады як важнасьць групы вось такіх тавараў для жыцьця сярэдняга клясу расьце. Гэта азначае толькі адно: талкова, разумна пабудавана беларуская эканоміка, якая дазваляе людзям зарабляць і больш рацыянальна харчавацца”.

Тым часам б’е цэнавыя рэкорды і нехарчовы сэктар. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2007 году, на 6,5% падаражэлі пральныя сродкі, на 10% — будаўнічыя матэрыялы. Паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі вырасьлі на 31%, дашкольных установаў — на 28%, пасажырскага транспарту — на 13%, сфэра грамадзкага харчаваньня — на 17%.

Апроч ківаньняў на “сусьветныя тэндэнцыі” і пагрозу харчовага крызысу, дзяржаўныя экспэрты найчасьцей тлумачаць для дылетантаў неабходнасьць падвышэньня коштаў істотным падаражэньнем паліва, пры тым, што доля транспартных выдаткаў у канчатковай цане тавару даходзіць да 10—15%. Аднак кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка такія аргумэнты лічыць беспадстаўнымі.
Бэнзін у Беларусі павінен каштаваць мінімум удвая таньней ...
Па-першае, бэнзінавыя выдаткі яўна завышаныя, па-другое, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пасьля непрацяглага крызісу зноў працуюць са звышпрыбыткамі. Па-трэцяе, цягам 2007—2008 гадоў кошты паліва падвышаліся блізу дзесяці разоў! У той жа час кошты на нафту ў сьвеце імкліва зьмяняюцца. Прыкладам, цяпер у Расеі ўстойлівая тэндэнцыя да зьніжэньня коштаў на паліва, таньнейшае яно і ў суседняй Украіне. Падлічыўшы, спадар Заіка прыйшоў да высновы, што бэнзін у Беларусі павінен каштаваць мінімум удвая таньней:

“Калі я гэта абгрунтоўваў, тады барэль нафты быў блізкі да 160 даляраў. Цяпер жа цана прыкметна зьнізілася, меншая за 100 даляраў. А значыць, нават зыходзячы з гэтага, можна працэнтаў на 60 зьнізіць кошт бэнзіну, бо ён складаецца з выдаткаў на набыцьцё і перапрацоўку сырой нафты. Трэба адзначыць, што сёлета, адрозна ад мінулага году, калі расейцы пазбавілі нас часткі нафты, сытуацыя для Беларусі складаецца цудоўна. Мы прадаём нафтапрадукты, асабліва ў Эўразьвяз, так выгадна, што кампэнсуем страты на ўсю нафту, уключна з унутраным спажываньнем. Ёсьць у нас два нафтаперапрацоўчыя заводы, яны добра працуюць, бо складаныя часы для іх прайшлі. Дык давайце будзем бэнзін трымаць на ўзроўні цаны разумнай, а ня той багатай Эўропы, якая купляе ў нас бэнзін па 1 эўра 30 цэнтаў за літар”.

1 сьнежня спажыўцоў чакае яшчэ адзін непрыемны сюрпрыз ад улады. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, у мэтах “абароны айчынных таваравытворцаў” істотна падвышаюцца сэзонныя мыты на асартымэнтны шэраг імпартаванай гародніны, прычым упершыню гэта будзе тычыцца самай запатрабаванай прадукцыі — памідораў і гуркоў. У параўнаньні зь мінулым годам стаўкі падвышаныя ў 2—2,5 разы. Так, мыта на цыбулю падвышанае на 180% ад мытнага кошту тавару, на буракі — на 150%, на моркву — на 120% і г.д. Паказальна, што нават “абароненая” такім чынам беларуская прадукцыя ў шэрагу выпадкаў сваімі коштамі перавышае завезеныя аналягі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG