Пра гэта было заяўлена ўчора на пасяджэньні прэзідыюма палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сіл, якое адбылося ў штаб-кватэры Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Былі агучаныя "канкрэтныя факты выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэньня "патрэбных вынікаў" выбараў", гаворыцца ў паведамленьні інфармацыйнага цэнтра АДС.
У прыватнасьці, у менскай Шабаноўскай выбарчай акрузе № 91, дзе балятуецца кандыдат ад АДС Аляксандр Бухвостаў, "мясцовымі ўладамі быў праведзены сход членаў участковых камісій з удзелам дырэктараў школ, дзіцячых садкоў і прадпрыемстваў, на якім да іх была даведзена ўстаноўка правесьці "тлумачальную работу" з работнікамі з тым, каб у час галасаваньня яны падтрымалі кандыдата ад улады, дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Галіну Юргялевіч".
У Старавіленскай выбарчай акрузе № 105, дзе кадыдатам з'яўляецца Анатоль Лябедзька, "зафіксавана спроба выдаліць з выбарчага ўчастка незалежнага назіральніка Віталя Стажарава, які хацеў сфатаграфаваць апячатаную скрыню для галасаваньня".
Самы паказальны факт быў зафіксаваны ў Коласаўскай выбчарй акрузе № 106, дзе балятуецца Сяргей Калякін. У першы дзень датэрміновага галасаваньня на 528-й выбарчым участку яўка выбаршчыкаў склала 39%. Падобная сытуацыя была зафіксаваная на 526-м участку. Абодва яны размешчаны ў інтэрнатах Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага універсітэта, а асноўныя іх выбаршчыкі — студэнты.
"Усе вышэйпералічаныя факты будуць прадстаўленыя да ведама міжнародных назіральнікаў. Апрача таго, прэзідыюм палітрады АДС рыхтуе заяву ў сувязі з паўсюдным выкарыстаньнем уладамі адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння патрэбнага працэнта яўкі ў час датэрміновага галасаваньня", — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле звестак ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня выбарчым правам скарысталася 2,7% грамадзян.