У Магілёве больш за дзясятак арганізацыяў абвясьцілі сябе асяродкамі, дзе забаронена паліць. Сярод іх навучальныя ўстановы, кавярні й нават некалькі фірмаў ды прадпрыемстваў. Пра гэта кажуць у аддзеле грамадзкага здароўя Магілёўскага абласнога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі. Паводле супрацоўнікаў аддзелу, каб стаць такім асяродкам, арганізацыі неабходна прыняць адмысловае рашэньне. У дзяржаўным мэдычным каледжы, дзе паліць зусім забаронена, пабываў наш магілёўскі карэспандэнт.
Магілёўскі дзяржаўны мэдычны каледж абвясьціў сябе асяродкам, вольным ад курэньня, два гады таму. Адным з ініцыятараў такога рашэньня быў выкладчык вучэльні Ўладзімер Казлоў. Паводле яго, пры паступленьні ў каледж абітурыент цяпер павінен расьпісацца пад зводам правілаў:
“У нас звод правілаў — як канстытуцыя, гэта той арыенцір, ідэал, тое, што павінна быць у самым лепшым выпадку. Таму там дужа жорсткая фармулёўка, якая шмат каму не падабаецца, што ня можа быць курцом навучэнец. Чалавек павінен усьведамляць: калі ты ў белым халаце, у цябе адказнасьць, на цябе хворыя глядзяць”.
У каледжы вучацца больш за 650 чалавек, у асноўным дзяўчаты. Уладзімер Казлоў цьвердзіць, што жанчыны сьвядома пачынаюць паліць і сьвядома працягваюць:
“Жанчыны менш падпадаюць пад, так бы мовіць, інстынкт статку. Яны больш індывідуалістычныя”.
Сярод прычынаў, якія штурхаюць людзей да цыгарэты, — стрэсы, прыклад блізкіх, уплыў кампаніі. Уладзімер Казлоў дадае, што людзей стымулюе курыць сам уклад жыцьця. Таму кампаніі “За здаровы лад жыцьця” неэфэктыўныя, лічыць мэдык:
Трэба змагацца ня “супраць”, а “за”. Гэта даўно вядома ў псыхалёгіі. Калі мы змагаемся супраць паленьня, мы анічога ня выйграем
Нястача любові ў грамадзтве таксама ўзмацняе цягу да цыгарэты, цьвердзіць спадар Казлоў. Перамагае ж цыгарэту жаданьне й воля.
Каляжанка Ўладзімера Казлова Сьвятлана Ісачанка курыла чатырнаццаць гадоў. Тры месяцы таму яна адмовілася ад гэтай заганы:
“У мяне проста зьявілася такое жаданьне. Мы вось з дачкой вырашылі, што летам кінем. Я кінула, яна — не. Аднак цыгарэты ў мяне дома ляжаць. Калі ты ведаеш псыхалягічна, што ў цябе дома ляжаць цыгарэты й ты закурыш у любую сэкунду, такой цягі няма”.
Спадарыня Ісачанка згадвае, як паліла разам са сваімі навучэнкамі ў сябе ў службовым кабінэце:
“Я не разумею, калі дзяўчаты ідуць паліць у прыбіральню, хаваюцца, па нейкіх кутах туляюцца, па такіх, што, прабачце, нельга туды хадзіць і паліць. Я кінула, а яны як палілі, так і паляць. Пакуль яны самі для сябе ня вырашаць, нічога ня будзе. Чым больш забараняюць, тым больш ідзе нэгатыўная рэакцыя, тым больш гэта будуць рабіць”.
Знайсьці навучэнку, ня згодную з існуючай у каледжы нецярпімасьцю да тых, хто паліць, мне не ўдалося.
Юначка: “Паленьне шкодзіць здароўю”.
Карэспандэнт: “І вы ніколі не палілі?”
Юначка: “Такія пытаньні задаваць нельга, бо гэта дужа асабістае, а наконт таго, што ў каледжы забаронена паліць, — гэта правільна”.
Юначка: “Мне ўсё адно, я не куру. Няхай пра гэта думаюць тыя, хто курыць”.
Карэспандэнт: “А такіх шмат?”
Юначка: “Думаю, што шмат. Можа, ня тут, недзе за тэрыторыяй, але людзі такія ёсьць”.
Юначка: “Мне не падабаюцца курцы, асабліва дзяўчаты — гэта непрыстойна. Асабліва мэдсёстры. Тое, што тут забаранілі, я падтрымліваю”.
У Беларусі 65 працэнтаў мужчын і 20 працэнтаў жанчын паляць.
“Калі [адміністрацыя] будзе патрабаваць выкананьня абавязкаў, якія прымае на сябе зона непаленьня, то, значыць, сапраўды людзі на той жа працы, на якой праводзяць большую частку свайго жыцьця, ня змогуць паліць, а гэта станоўча адаб’ецца на іхнім здароўі”.
У Беларусі 65 працэнтаў мужчын і 20 працэнтаў жанчын паляць. Больш за ўсё курцоў сярод рабочых, навучэнцаў ды студэнтаў. Найбольш актыўна паляць людзі ва ўзросьце 21—30 гадоў. За апошнія дзесяць гадоў на рак лёгкіх захварэла амаль 40 тысяч беларусаў, зь іх 35 тысяч палілі.
Паводле зьвестак кампаніі “Брытыш-Амэрыкан Табака”, у Беларусі прадаецца 20—21 мільярд цыгарэтаў штогод.