Размова на канфэрэнцыі вялася пра старыя манэты, пра скарбы, пра выраб фальшывых грошай. Удзельнічалі, апроч палякаў, беларусы, літоўцы, латышы, расейцы, славакі, украінцы. Зь Беларусі былі запрошаныя дзесяць чалавек, але з прычыны візавых праблемаў здолелі паехаць толькі сем. Карэспандэнт Свабоды сустрэўся з кіраўніком Беларускага нумізматычнага таварыства Віктарам Какарэкам.
Карэспандэнт: “На скрыжаваньні вуліц Карбышава і Леніна ў Горадні знаходзіцца сядзіба Беларускага нумізматычнага таварыства. Заходзім, тут кіраўнік — Віктар Какарэка. Добры дзень! Адразу трапляеш нібы ў музэй: вітрыны са старымі манэтамі, з папяровымі грашыма, на сьценах — карта скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці, старыя гадзіньнікі, падсьвечнікі, бутэлькі, карацей — музэйная атмасфэра.
Віктар, вы прыехалі з нумізматычнай канфэрэнцыі ў Польшчы. Якія цікавыя даклады прадставілі там беларусы і вы асабіста? Што зацікавіла вашых замежных калегаў?”
Какарэка: “Беларуская дэлегацыя падрыхтавала паведамленьні пра старажытныя манэты Вялікага княства, пра скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі. Вельмі цікавы рэфэрат падрыхтаваў Валеры Кобрынец пра знаходку “яфімкаў” з прыкметамі — гэта манэты Эўропы, на якіх у Расеі рабілася надчаканка, каб пусьціць іх там у абарачэньне. Вельмі цікавае паведамленьне Ірыны Колабавай пра фальшывыя грошы ў 18 стагодзьдзі. Яны вырабляліся за межамі беларускай тэрыторыі, але абарачаліся ў нас”.
Карэспандэнт: “Словам, у часы апошніх каралёў. А што яшчэ можна сказаць пра манэты Вялікага княства Літоўскага? У чым была навіна?”
Какарэка: “Наш нумізмат Ільля Шталянкоў расказаў пра знаходку манэты, якая яшчэ не была апісана. На адным яе баку — ці літара “Е”, ці знак “Калюмны”. Але пакуль яе нельга паставіць у храналягічны шэраг: невядома, хто яе выпусьціў, гэта навінка. Манэта не датаваная”.
Карэспандэнт: “Скажыце, Віктар, а самі вы зь якой тэмай езьдзілі на канфэрэнцыю ў Польшчу?”
Какарэка: “Я падрыхтаваў паведамленьне пра сацыяльную тапаграфію манэтных знаходак. Гэта зусім не дасьледаваная галіна нумізматыкі. Гэта спроба на пэўнай тэрыторыі — там, дзе быў знойдзены скарб — паспрабаваць вызначыць, хто яго закапаў: селянін, шляхціц, габрэй-арандатар ці абшарнік?”
Карэспандэнт: “Гэта вельмі цікава. Скажыце: хто ж тады, па-вашаму, часьцей хаваў скарбы — ці карчмары, ці бывала, што селянін гэта мог зрабіць, ці закопвала грошы ў зямлю шляхта?”