Для мяне “SVET BOOGIE BAND” адкрыў музычны крытык Зьміцер Падбярэскі. Гэта быў DVD-дыск з запісам канцэрту тады яшчэ не зусім раскручанага блюзавага калектыву з досыць грувасткай назвай у адным з маскоўскіх клюбаў. Зусім не атлетычнага выгляду малады чалавек у прыкідзе а-ля “Чыкага 1930-х” па-ангельску выдаваў глыбокія гартанныя гукі, якія звыкла асацыюеш з “чорнымі” клясыкамі жанру. У рэпэртуары якраз і быў клясычны чыкаскі блюз, фартэпіянныя бугі. І — абавязковы губны гармонік. Нават з запісу можна зразумець, у якім захапленьні была публіка. Паступова дантыст паводле адукацыі Сьвятаслаў Хадановіч зьмяніў стаматалягічны кабінэт на сцэнічны капялюш і падцяжкі. Ягоная папулярнасьць імкліва пашыралася. І такая недарэчная сьмерць! Гаворыць Зьміцер Падбярэскі:
“Ён адышоў, як многія казалі, літаральна толькі пачаўшы ўзьлёт — ад простага выкананьня заходніх стандартаў блюзавых кампазыцый да напісаньня арыгінальных твораў у гэтай жа стылістыцы. Вось такі невялічкі шлях ён прайшоў. Але, наколькі ведаю, ужо таксама пачаў пісаць музыку для тэатру. Яму было ўсяго 28 гадоў, таму можна было, канечне, чакаць, што разьвіцьцё магло пайсьці вельмі далёка.
І гэта быў бадай што адзіны ў Беларусі цалкам натуральны чалавек. Як у жыцьці, так і на сцэне ён быў настолькі натуральны! Ніякай паказухі, ніякай позы не было, што ён на сцэне разыгрывае шоўмэна. Гэта ягоная натура выказвалася такім чынам! Таму, я падкрэсьліваю, такога другога чалавека ў беларускай музыцы проста ня ведаю. Дастаткова паглядзець “Гасьцёўню” на сайце svetboogieband.com — там спачувальныя допісы з самых розных месцаў”.
Пры канцы 1990-х СЬВЕТУ дапамог раскрыцца заснавальнік менскага “Стар-клюбу”, экс-музыка “Верасоў” Генадзь Старыкаў. Ён даў магчымасьць тады яшчэ 19-гадоваму юнаку ўзяць удзел у традыцыйным фэстывалі “Блюз жыве ў Менску” ў абыход клюбных адбораў. Кажа, што проста быў захоплены непасрэднасьцю хлопца, які пад гітару засьпяваў клясыку Джыма Сьміта, паўтарыць якога практычна немагчыма. Прынамсі, так лічылася. Дэбют перасягнуў спадзяваньні: пасьля выступу Сьвятаслава шчыльна атакавалі першыя прыхільнікі.
На жаль, працягвае Генадзь Старыкаў, многія таленавітыя музыкі ў Беларусі не прыжываюцца. Перадусім тыя, хто адпачатку робіць стаўку на ангельскую мову. Як колісь расейска арыентаваныя мастацкія саветы, так і цяпер Міністэрства культуры, Белтэлерадыёкампанія, FM-станцыі і пракатныя канцэртныя агенцтвы працягваюць тую ж палітыку і фактычна адразу бракуюць усё, што выдаецца не па-расейску. “SVET BOOGIE BAND” хоць і даваў нямала канцэртаў у менскіх клюбах, але найбольш быў запатрабаваны там, дзе цэніцца сур’ёзная англамоўная музыка з прафэсійным салістам:
“На вельмі вялікі жаль, таленавітыя людзі не выжываюць у Беларусі. Гэта цягнецца ад 1960-х. І справа ня толькі ў англамоўнай музыцы. Усё пачалося яшчэ зь “Песьняроў”. Ужо нябожчык Леанід Знак, выбітны наш адміністратар, які працаваў зь “Песьнярамі”, расказваў: ужо ламіліся пляцоўкі ва Ўкраіне, бітковыя аншлягі, а ў роднай беларускай філярмоніі “Песьнярам” не давалі канцэртаў.
Ды пакуль мы жывыя, гэтай музыкі ня будзе, ня будзе!
Заганная традыцыя падзелу на дазволеных і забароненых працягваецца і цяпер. Таму, як ні ў якай іншай краіне сьвету, склад музыкаў паступова робіцца аднастайным — перадусім каб трапіць у лік легальных артыстаў. Стаўленьне да беларускамоўных выканаўцаў агульнавядомае — некалькі гадоў самыя папулярныя каманды былі фактычна па-за законам з-за таго, што акрэсьлілі свае палітычныя прыярытэты.
Англамоўны “гадавальнік” застаўся хіба ў “мэталёвым” полі, дзе хард-рокавыя калектывы (самы яскравы прыклад — гомельская “Rasta”) спадзяюцца трапіць на Захад, дзе без ангельскай мовы рабіць няма чаго. Але тут можна ўзгадаць хіба эпатажнага Ангуса, які хоць і сьпяваў са сваім “Тарнада” па-ангельску, але знайшоў прытулак у багатым блізкаўсходнім рэгіёне.
Дзялянку лёгкай музыкі манапалізаваў дуэт “Atlantica”. Яшчэ адна “англічанка” Carianna пасьля даволі ўдалага дэбюту з запамінальнымі мэлёдыямі ўсё ж завязала з музычнай кар’ерай. На чужую для сябе мову ў масавым парадку раз на год пераходзяць хіба што кандыдаты на ўдзел у адборачным туры да конкурсу “Эўрабачаньня”.
Як кажа лідэр культавага гурту “Сузор’е” Андрэй Казлоўскі, цяпер сталая англамоўная тусоўка захавалася выключна па клюбах — тут граюць так званыя кавэры каманды, сабраныя з музыкаў, якія раней працавалі ў розных гуртах. То бок — перасьпеўваюць сусьветную рознажанравую клясыку:
Ён займаўся якраз такім архаічным блюзам, усімі гэтымі “гармонікавымі” справамі”
Як кажуць сябры Сьвятаслава Хадановіча, СЬВЕТ марыў сыграць у горадзе, які натхняў яго сваёй блюзавай спадчынай. Гэта Чыкага, адкуль выйшлі, калі скарыстаць выраз Андрэя Казлоўскага, майстры архаічнага блюзу, якія вызначылі залаты стандарт гэтага музычнага кірунку. Зь ягонымі тэмпамі інтэграцыі ў музычную культуру мары былі не такімі ўжо фантастычнымі. Каб ня злы лёс...