“Учорашняя акцыя добра паказала, якія межы свабоды гатовы дапускаць рэжым. Людзей ачапілі, нават дазволілі некаторы час трымаць у цэнтры пару бел-чырвона-белых сьцягоў, пакуль не пачалі зьбіваць і ня вырвалі сьцягі. Такія ж межы свабоды будуць і падчас гэтых выбараў”.
Якімі павінны быць дзеяньні апазыцыі ў такіх умовах? Ці трэба спыняць удзел у выбарах? Лявон Баршчэўскі згадвае, што апазыцыю не пусьцілі ў падліковыя камісіі і гэтым прадэманстравалі, што сумленна лічыць галасы на выбарах улада не зьбіраецца. Таму старшыня БНФ за тое, каб большасьці кандыдатаў ад апазыцыі зьняць свае кандыдатуры і кінуць сілы на арганізацыю назіраньня ў некалькіх акругах — там, дзе магчыма прадэманстраваць сілу апазыцыі.
Паводле Лявона Баршчэўскага, Захад таксама павінен зрабіць высновы з падзеяў 16 верасьня.
“Не хацелася б, каб дыялёг зусім спыніўся, але Захад мусіць спыніць дыялёг зь беларускімі ўладамі ў пытаньнях прызнаньня выбараў. Гэтыя падзеі толькі пацьвердзілі, што выбараў справядлівых у нас ня будзе. Але мы зацікаўленыя ў дыялёгу Захаду з выканаўчымі ўладамі Беларусі, бо ёсьць балючыя пытаньні энэргетыкі, экалёгіі, трансьмежавага супрацоўніцтва, кошту візаў”.