“Гэтае зьбіцьцё дэманструе сутнасьць цяперашняй улады, яе крывадушша і хлусьню. Гэта дзіка і страшна. Мірныя людзі сабраліся на мірную акцыю. Яны мелі намер зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў краіне. Зьніклі людзі і да цяперашняга часу ня знойдзеныя.
Улада гэта зрабіла. А цяпер баіцца, каб пра гэта людзі чулі, бо выбары набліжаюцца. Трэба ж правесьці іх ціха-спакойна, каб выбарцы не праігнаравалі”.
Юрыст Сяргей Гоўша ня лічыць разгон акцыі ў Менску выпадковым. Ён спасылаецца на здабыты нядаўна берасьцейскай апазыцыяй афіцыйны дакумэнт, які рэглямэнтуе падрыхтоўку міліцыі, КДБ і судоў да чарговых рэпрэсіяў у пэрыяд выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў:
“Ставіцца задача нэўтралізаваць загадзя грамадзян. Затрымліваць і арыштоўваць тых апазыцыянэраў, хто выступае за байкот выбараў, супраць фальшаваньня іх і гэтак далей. Якраз ужо цяпер пачалося выкананьне гэтага дакумэнта”.
***
Вытрымка з дакумэнта пад назвай “Рашэньне на забесьпячэньне аховы правапарадку і дарожнай бясьпекі ў пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня на тэрыторыі Брэсцкай вобласьці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня”.
Прыняць:
прэвэнтыўныя меры па папярэджаньні магчымых правакацыйных дзеяньняў, нэўтралізацыі грамадзян, які выношваюць задумы сарваць, дэзарганізаваць падрыхтоўку і правядзеньне выбараў ці ажыцьцявіць акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, у тым ліку з боку нефармальных моладзевых груповак;
арганізаваць:
працу са спэцапаратам, арыентаваўшы яго на выяўленьне асобаў, схільных да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў у пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, у тым ліку правядзеньня несанкцыянаваных мерапрыемстваў;
арганізаваць:
своечасовае інфармаваньне САШ УУС аб перасоўваньні дэструктыўна настроеных грамадзян чыгуначным транспартам;
правесьці:
працоўныя сустрэчы са старшынямі судоў па пытаньнях скарачэньня колькасьці прымяненьня да асобаў, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні, спагнаньняў у выглядзе адміністратыўных арыштаў на час правядзеньня выбараў.