– Часты лёзунг: “Беларусь у Эўропу!”
Цяпер мы маем тысячу кілямэтраў агульнай мяжы з Эўразьвязам, праэўрапейскія лёзунгі, беларускія палітыкі ня бачаць сябе бязь нейкай заходняй традыцыі – сёньня Эўропа адыгрывае дастаткова важную ролю ў беларускай палітыцы і сьвядомасьці.
Але – чым ёсьць фэномэн Эўропы?
На мой погляд, ён сутнасна грунтуецца на веры. Веры ў Бога. Веры ў свае сілы. Веры ў сваё прызначэньне і сваё пакліканьне.
Аднак цяпер Эўропа масава адмаўляецца ад першакрыніцы, што дала ёй сутнасьць.
Калі я быў у сталіцы Эўрапарлямэнту Страсбуры, там стаіць агромністая катэдра – каля 150 мэтраў вышынёй. Аднак практычна мёртвая: унутры толькі купка вернікаў, а навокал – турысты й мігранты з Азіі.
Гэта – вобраз тае Эўропы, якая губляе сутнасьць.
Што ж тычыцца Беларусі, якая імкнецца ў Эўропу, дык, на мой погляд, яна здатная вярнуць Эўропе тую эўрапейскасьць, зь якой усё і пачыналася.
Беларусь як Эўропа мысьліцца мне менавіта хрысьціянскай краінай. Таму калі ўзьнікае пытаньне “Ісьці на захад ці не?”, мой адказ – так, ісьці.
Але! Ісьці трэба з той вераю, якая складае сутнасьць эўрапейскасьці.
Зь веры ў Бога выйшла эўрапейская культура, эўрапейская традыцыя. І ўрэшце – уся эўрапейская цывілізацыя.
Паўлу Севярынцу – 32 гады. Скончыў з залатым мэдалём школу, а затым геаграфічны факультэт БДУ. У 1995-м Павал Севярынец уступіў у БНФ “Адраджэньне”. Чатыры гады быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – лідэрам “Маладога фронту”.
У 2005 годзе Павал быў прызнаны менскім судом вінаватым у арганізацыі акцыяў пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году і да 2007-га адбываў пакараньне абмежаваньнем волі на лесанарыхтоўках на Полаччыне, у вёсцы Малое Сітна. Цяпер працуе над адраджэньнем палітычнай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.