Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз шле ў Грузію назіральнікаў і грошы


Сёньня міністры замежных справаў Эўразьвязу на сустрэчы ў Брусэлі пагадзіліся выслаць у Грузію да пачатку кастрычніка місію вайсковых назіральнікаў 200 чалавек. У дадатак Эўрапейская Камісія заявіла, што акажа дапомогу Грузіі 500 мільёнаў эўра цягам бліжэйшых трох гадоў.


Сёньняшняе рашэньне наконт назіральнікаў Эўразьвязу ў Грузіі зьяўляецца працягам дамоўленасьці зь мінулага тыдня паміж прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сакразі і прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Грузіі.

8 верасьня Сакразі і Мядзьведзеў дамовіліся ў Маскве, што да 1 кастрычніка Эўразьвяз разгорне ў гэтак званых „буфэрных зонах” вакол Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі місію міжнародных назіральнікаў у колькасьці ня меншай чым 200 чалавек, а Масква на працягу 10 дзён пасьля гэтага выведзе з гэтых зонаў свае войскі.

Брусэльская сустрэча міністраў не дала адказу адказу на пытаньне, ці ў будучыні міжнародная супольнасьць зможа разгарнуць падобную назіральную місію ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — двух сэпаратыскіх рэгіёнах Грузіі, якія Масква ў аднабаковым парадку прызнала незалежнымі. Расея папярэдне адкінула ўсялякія намёкі, што міжнародныя назіральнікі могуць быць дапушчаныя ў гэтыя рэгіёны. Што больш, Крэмль пастанавіў, што ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі застанецца 7 600 расейскіх вайскоўцаў, гэта значыць, удвая болей, чым перад выбухам расейска-грузінскага канфлікту ў жніўні.

Тымчасам Бэніта Фэрэра-Вальднэр, камісар Эўрапейскай Камісіі па вонкавых сувязях і палітыцы добрасуседзтва, заявіла сёньня журналістам у Брусэлі, што Эўразьвяз да канца 2010 году выдаткуе з цэнтральнага бюджэту суму 500 мільёнаў эўра (700 мільёнаў даляраў), каб дапамагчы Грузіі адбудаваць разбураную інфраструктуру пасьля канфлікту з Расеяй. Фэрэра-Вальднэр выказала надзею, што яшчэ столькі грошай на дапамогу Грузіі ўдасца сабраць з ахвяраваньняў індывідуальных краінаў-донараў.

Яшчэ адзін сыгнал заходняй падтрымкі Грузіі надыйшоў сёньня ад НАТО. Генэральны сакратар НАТО Яап дэ Хоп Схэфэр і амбасадары 26 краін-сяброў альянсу прыбылі ў Тбілісі на перашае паседжаньне Рады Грузія-НАТО.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG