Гісторыкі ў разгубленасьці: чаму менавіта пачатак верасьня стаў лічыцца часам нараджэньня Менска? Першае ўпамінаньне пра горад у “Слове аб палку Ігаравым” пра бітву на Нямізе, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года. Паводле меркаваньня гісторыка Ўладзімера Дзянісава, можна ўзяць менавіта гістарычныя даты, зьвязаныя з гісторыяй Менску:
“У першую чаргу, гэта першыя летапісныя згадкі пра наш горад, але яны прыпадаюць на вясну. Можна было б прывязацца, напрыклад, да атрыманьня нашым горадам самакіраваньня паводле Магдэбурскага права, а гэта таксама не адпавядае. Гэта дата мне падаецца абсалютна штучнай. Хацелася б, каб сьвята, зьвязанае з нашым горадам, які мае амаль тысячагадовую гісторыю, было ўсё ж такі гістарычна абгрунтаваным.”
Дадамо, што Дзень незалежнасьці, які таксама сьвяткуецца з размахам, чамусьці прызначаны на дзень вызваленьня сталіцы ад фашыстаў. І жыхары горада ўжо блытаюцца, што яны сьвяткуюць.
Правядзеньне масавых мерапрыемстваў – гэта заўсёды галаўны боль праваахоўных органаў. Зусім сьвежыя ў памяці трагічныя выпадкі: падзеі на Нямізе ў траўні 1999–га, калі ў натоўпе загінула больш за 50 чалавек, сёлетні выбух падчас сьвяточнага канцэрту на Дзень незалежнасьці, дзе паўсотні чалавек былі параненыя. У дзень горада ў сталіцы забароняць продаж сьпіртных напояў ў радыюсе 500 мэтраў ад месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Праваабаронца, былы сьледчы Алег Волчак сур’ёзна вывучаў прычыны і сьледзтвы трагедыі на Нямізе. Ён лічыць:
“Такія абмежаваньні, як забарона сьпіртнога, нічога не дадуць. Тут павінны быць зусім іншыя комплексныя захады бясьпекі. Такія масавыя сьвяты наагул немэтазгодна ў цэнтры гораду праводзіць, іх лепш арганізаваць на шырокай адкрытай мясцовасьці, дзе ёсьць шляхі адыходу. Праваахоўныя органы павінны разьбівацца па сэктарах. Калі зьбярэцца 20 – 30 тысяч, не ўсялякія міліцыянты могуць справіцца. Я лічу, што захады, якія прынялі да гэтага сьвята – чыста фармальныя. Ня выключана, што ўлады змогуць зноў не справіцца з такім заданьнем”.
Ну а менчукоў чакаюць міжнародны маратон, адкрыцьцё першага мультыкінатэатру, кірмашы, спартовыя спаборніцтвы, традыцыйны салют. Сьвяточны канцэрт з удзелам расейскіх зорак кшталту Юрыя Антонава і тутэйшых артыстаў адбудзецца ў Палацы Рэспублікі.