На здымку ўверсе -- сьпявае Зьміцер Сідаровіч.
Першыя ўдзельнікі пачалі зьбірацца на Крапівенскім полі яшчэ ўдзень 7-га верасьня, нягледзячы на тое, што пачатак фэсту быў прызначаны на 20.00. Пакуль госьці ставілі наметы, аршанскія актывісты майстравалі сцэну для выступоўцаў і рыхтавалі гукаўзмацняльную апаратуру.
Першыя ўдзельнікі пачалі зьбірацца на Крапівенскім полі яшчэ ўдзень 7-га верасьня, нягледзячы на тое, што пачатак фэсту быў прызначаны на 20.00. Пакуль госьці ставілі наметы, аршанскія актывісты майстравалі сцэну для выступоўцаў і рыхтавалі гукаўзмацняльную апаратуру.
Аршанскі гісторык Юрый Копцік ладзіць навес над сцэнай
Намётавы летнік пачаў расьці з кожнай гадзінай, і неўзабаве над ім ўзьвіліся бел-чырвон-белыя сьцягі.
Нацыянальныя сьцягі вакол крыжа, ўсталяванага на месцы гістарычнай Бітвы пад Воршай у памяць пра палеглых тут ваяроў
Сьцягі прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў, якія дзяжурылі наводдаль, назіраючы за падрыхтоўкай да фэсту. Супрацоўнікі Аршанскага РАУСу, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва, загадалі зьняць сьцягі, у супрацьлеглым выпадку пагражаючы масавымі затрыманьнямі. Пэўны час аматары сьпеваў спрачаліся з ахоўнікамі правапарадку, якія выклікалі падмацаваньне: на полі зьявіўся начальнік Аршанскага райаддзелу міліцыі Леанід Міхайлаў і штатны відэааператар з камэрай, які зьняў усіх прысутных на полі. Спадар Міхайлаў загадаў канфіскаваць наяўныя сьцягі, паабяцаўшы вырнуць іх гаспадарам па сканчэньні фэсту.
Міліцыянты спрабавалі знайсьці арганізатараў імпрэзы, каб ускласьці на іх адказнасьць за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.
Адзін сьцяг міліцыянты забралі, але самы вялікі – той, што ўпрыгожваў сцэну, запатрабаваць зьняць не наважыліся. Пад гэтым бел-чырвон-белым сымбалем канцэрт бардаўскай песьні распачаў Зьміцер Сідаровіч.
Зьміцер Сідаровіч быў адным з удзельнікаў самага першага фэсту “Аршанская бітва”, які адбыўся ў 1991-м годзе. Сёлета слухачы атрымалі ў падарунак адмысловую брашуру, прысьвечаную гісторыі аршанскай бардаўскай імпрэзе.
Брашуру, укладальнікам якой стаў Юрый Копцік, атрымалі ўсе ахвотныя. Гэтаксама як і спэцвыпуск газэты “Рэха фэсту”
Таксама сёлета на Крапівенскім полі нарэшце дайшла да чытачоў газэта “Рэха фэсту”, падрыхтаваная яшчэ летась. Аднак у мінулым годзе фэст ледзьве ня быў сарваны: напярэдадні міліцыя распаўсюдзіла інфармацыю, што на месцы, дзе зазвычай праходзіць фэст, знайшлі міны і снарады. Фэст вырашылі перанесьці ў іншае месца, але міліцыянты, у аўральным парадку зьвезеныя на Аршаншчыну з трох бліжэйшых раёнаў, загадвалі людзям з пляцакамі і гітарамі разварочвацца і кіравацца дадому. Некалькі дзесяткаў актывістаў былі затрыманыя. Сёлета мінулагоднія падзеі ўжо сталіся гісторыяй і таксама трапілі на старонкі газэты “Рэха фэсту”.
За прамінулы год неаднаразова выказваліся меркаваньні, што фэст “Аршанская бітва” ужо не адновіцца пасьля міліцэйскага разгону – што людзі проста больш на яго не зьбяруцца. Аднак людзі прыехалі, хаця сёлетні фэст атрымаўся й ня самым масавым за ўсю ягоную гісторыю: паслухаць выступоўцаў і пасьпяваць сабралася каля 150-ці чалавек.
Паводле Юрыя Копціка, аднаго з заснавальнікаў бардаўскай іпрэзы, тыя, хто сабраўся на Крапівенскім полі сёлета, здолелі захаваць гэты фэст і давесьці, што зьнішчыць яго ня ўдасца.
Падчас канцэрту на полі Аршанскай бітвы