У размове з журналістамі ён у якасьці станоўчых крокаў адзначыў вызваленьне беларускімі ўладамі трох палітвязьняў, а таксама цяперашні візыт ў Менск намесьніка памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэйвіда Мэркеля.
Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскага Дзярждэпартамэнту сказаў журналістам, што ня ведае, ці сустрэнецца Мэркель з Лукашэнкам, аднак адзначыў, што беларускае кіраўніцтва сёлета ўжо зрабіла некалькі пазытыўных сыгналаў Захаду, пачынаючы ад энэргетычных спрэчак з Расеяй на пачатку году.
“Я ня ведаю, але мы спадзяёмся, што Беларусь павернецца тварам на Захад”, сказаў Вуд. Ён дадаў, што яму “цяжка сказаць, што насамрэч думаюць” у Менску, аднак у Вашынгтоне “вельмі пазытыўна ацэньваюць вызваленьне вязьняў”.
Паводле афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, мяркуецца, што будуць разгледжаныя ўсе варыянты двухбаковых дачыненьняў, уключна зь вяртаньнем амэрыканскага амбасадара ў Менск.
Вуд таксама дадаў, што ў Вашынгтоне занепакоеныя лёсам грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра.