Адначасна нямецкія дэпутаты лічаць “вельмі важным аднавіць дачыненьні зь Беларусьсю”
Пра гэта гаворыцца ў заяве намесьніка міжнароднага каардынатара сацыял-дэмакратычнай партыі ў нямецкім парлямэнце Маркуса Мэкеля.
Паводле вядомага палітыка, пасьпяховаму вызваленьню колішняга кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ў многім садзейнічала падтрымка палітвязьня з боку міністра замежных спраў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і іншых прадстаўнікоў ЭЗ.
“Гэта крок наперад, сьведчыць Мэкель. Арышт Казуліна два гады таму даказаў, з дапамогай якіх гвалтоўных сродкаў Лукашэнка імкнецца прымусіць замоўкнуць крытыка ўласнага рэжыму”.
“Паведамленьні аб падрыхтоўцы прызначаных на верасень парлямэнцкіх выбараў у Беларусі даюць, аднак, нямала падстаў для клопатаў, гаворыцца далей ў заяве. Некарэктныя, непразрыстыя працэдуры ўскладняюць працу мясцовых і міжнародных назіральнікаў за выбарамі. Беларусі вельмі патрэбныя свабодныя, карэктныя і празрыстыя выбары”.
Паводле Маркуса Мэкеля, галоўнымі прыкметамі такіх выбараў “ёсьць вольны ўдзел у іх усіх жадаючых кандыдатаў і партый, а таксама іх доступ да сродкаў масавай інфармацыі”.
“Эўрапейскі Зьвяз будзе пільна назіраць за выбарамі ў Беларусі”, гаворыцца ў заяве нямецкіх сацыял-дэмакратаў.