Кузьняцоў Уладзімер Аляксандравіч, Маладэчна: “Хацелася б узьняць пытаньне пра абяцаньне Лукашэнкі вярнуць савецкія ўклады, якія абясцэніліся. Я тады мог купіць пяць кватэраў. А цяпер у маёй двухпакаёвай кватэры жыве тры сям’і. Немагчыма жыць. Няхай выканае абяцанае”.
Прэс-служба Нацыянальнага банку скіравала нас з гэтым пытаньнем у Міністэрства фінансаў. Начальнік упраўленьня рэгуляваньня дзяржаўных запазычанасьцяў і грашова-крэдытнай сфэры міністэрства фінансаў Тацяна Леванкова адказала так:
“Праца вядзецца ў гэтым напрамку. Вывучаецца магчымасьць выплаты кампэнсацыі ўкладаў з улікам інфляцыі. Але канкрэтных рашэньняў не прынята на дадзены момант. Больш за тое, гэта вырашаецца не на ўзроўні Міністэрства фінансаў, а на больш высокім узроўні. Такія сумы — а пытаньне кампэнсацыі ўкладаў тычыцца некалькіх трыльёнаў для рэспублікі — гэта не на ўзроўні Міністэрства фінансаў”.
Застаецца дадаць, што ні ў бюджэце 2008 году, ні ў праекце бюджэту 2009 году, які цяпер падрыхтаваны, кампэнсацыя савецкіх укладаў не прадугледжаная.
Працягваем перадачу “Званкі на Свабоду”.
Спадар, Барысаў: “Ёсьць пытаньне: куды падзеўся Іван Ціцянкоў, які так апантана рваў сьцяг беларусаў? Слухач з Барысава”.
На пытаньне слухача з Барысава адказвае кіраўнік аддзелу спэцыяльных расьсьледаваньняў расейскага каналу ОРТ Павал Шарамет:
“Ціцянкоў займаецца будаўнічым бізнэсам у Маскве і Смаленску. Там у яго нейкі лесапільны заводзік (тартак). Нідзе актыўна ён не зьяўляецца. І ні ў якіх буйных кампаніях, кшталту “Газпраму”, ён не працуе”.
Карэспандэнтка: “Раней казалі, што ён працаваў у “Ітэры”…
“Не, гэта было даўно. Пасьля адстаўкі ён пачаў працаваць у “Ітэры”, а потым пад ціскам беларускіх уладаў “Ітэра” яго папрасіла сысьці з кампаніі. Ён пачаў займацца бізнэсам, страціў на адным праекце грошы, я чуў, што хтосьці яго падмануў. А апошнія пару гадоў заняўся будаўнічым бізнэсам”.
Наступнае тэлефанаваньне:
Мікола Канаховіч, Пружаны: “Прарасейскае кіраўніцтва БССР 29 ліпеня 1939 году скасавала гістарычны назоў нашай сталіцы — горад Менск, перайменаваўшы яго на расейскі капыл у Мінск. Самаахвярныя патрыёты Беларусі ў 1991 годзе патрабавалі ад Вярхоўнай Рады 12 скліканьня вярнуць гістарычны назоў гораду “Менск”. Але тады большасьцю галасоў прапанова была адхілена, і гістарычная справядлівасьць у чарговы раз была ворагамі беларушчыны растаптана. Хацелася б, каб вы назвалі прозьвішчы тых, хто прагаласаваў “супраць”.
У Вярхоўным Савеце 12 скліканьня было больш за 3 сотні дэпутатаў. За вяртаньне Менску сваёй гістарычнай назвы прагаласавалі паўтары сотні. Супраць — каля сотні, таму назваць усіх пайменна, як просіць Мікола Канаховіч — ня хопіць эфірнага часу. Званок слухача камэнтуе тагачасны народны дэпутат Алег Трусаў:
“Я добра памятаю: гэта было ўвосень 1991 году. Менскі гарсавет прагаласаваў за Менск, але паколькі гэта сталіца рэспублікі, то трэба было яшчэ і рашэньне Вярхоўнага Савету. Але большасьць не падтрымала гэтую назву. Хаця “за” прагаласавала, па-мойму, 150 альбо 152. А трэба было для прыняцьця рашэньня 177—178. То бок даволі многа прагаласавала “за”. Таму што апазыцыя ў Вярхоўнымі Савеце 12 скліканьня — толькі 28 галасоў. Не хапіла літаральна 30 галасоў. Сьцяг і герб мы тады правялі, а вось назву не правялі”.
Слухачам “Свабоды” вельмі рупіць і тэма маючых адбыцца ў верасьні парлямэнцкіх выбараў. Праслухаем некалькі званкоў:
“Ні пра якія сумленныя выбары ня можа быць і гаворкі. У інтэрвію “Комсомольской правде” Ярмошына расказала, за каго і як галасаваць.
Спадар Лазавік, сакратар Цэнтравыбаркаму, казаў: уладу можна заваяваць толькі праз выбары. Але хто будзе лічыць галасы? Ён добра ведае, што ўлада сама лічыць і сама сябе выбірае. Я быў на ўсіх рэфэрэндумах, апытаў пасьля многіх знаёмых і зразумеў: навешалі людзям на вушы локшыны. Многія наагул не былі на выбарах. Але вынікі і лічбы ў прэсе былі занадта поўнымі. Валеры Курневіч, Барысаў”.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Тэлефон у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 293-91-22-24.