Іх выклікаюць позвамі і абавязваюць цягам пяці дзён падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці за тры гады. За мінулыя трое сутак камітэт наведалі больш за дзесяць магілёўскіх актывістаў апазыцыі. Учора інспэктары аддзелу пачалі выклікаць апазыцыйных прэтэндэнтаў з Бабруйска й Крычава.
Бабруйская прадпрымальніца Алена Мядзьведзева дэклярацыю запаўняць адмовілася й заявіла пра гэта інспэктару камітэту Краснову:
“Я сказала, што я індывідуальны прадпрымальнік і што я штогод падаю гэтыя дэклярацыі, бо бяз гэтага я не змагу працаваць. Кажу — “Пішыце запыты, і вам падатковая камісія ўсё дасьць”. Я раніцой адправіла афіцыйны ліст, каб яны рабілі запыты самі. Мне здаецца, пасьля выступленьня Аляксандра Рыгоравіча па тэлебачаньні адносна таго, што апазыцыя нідзе не працуе, а за нешта жыве, усё гэта й пачалося”, — зазначае бабруйская прэтэндэнтка на дэпутацтва Алена Мядзьведзева.
Спадарыня Мядзьведзева зазначае, што ў інспэктара ёсьць сьпіс усіх бабруйскіх апазыцыйных прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах: Міхаіла Кавалькова, Таісіі Кабанчук, Ганны Гатавец ды Алеся Чыгіра.
Алесь Чыгір сёньня наведаў таго ж інспэктара Краснова й атрымаў дэклярацыйныя блянкі. Астатнія трое прэтэндэнтаў у інспэкцыі яшчэ не былі.
Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў наведаў і крычаўскі апазыцыйны прэтэндэнт на дэпутацтва Сяргей Няроўны.
“Я запытаў: “Хто загадаў?”. Інспэктар адказаў: “Гэта з Магілёва загад прыйшоў”. І там прозьвішчы, цэлы сьпіс. Галоўнае, што я высьветліў, што ні Белкіну, якая балятуецца тут у Крычаве зь Менску, ні Андрэя Давыдава, — гэта мае канкурэнты, — іх не правяраюць, толькі мяне”, — кажа Сяргей Няроўны.
Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, на якое спасылаецца Алена Мядзьведзева, прагучала 10 ліпеня на нарадзе, прысьвечанай сёлетнім выбарам:
“Нашыя сьвядомыя гэтак званыя апазыцыянэры, якія рвуцца да ўлады, нідзе не працуюць і жывуць лепей за ўсіх. Няхай адкажуць на гэтае пытаньне, а вы забясьпечце, каб кожны прэтэндэнт адказаў на гэтае пытаньне. Калі ты працуеш, я ўпэўнены, народ цябе падтрымае. Калі ты не працуеш, бамжы ў парлямэнце нікому не патрэбныя”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Патрабаваньне да апазыцыянэраў запаўняць дэклярацыі ў камітэце фінансавых расьсьледаваньняў тлумачаць тым, што ў дачыненьні да іх вядзецца адмысловая праверка.