Многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” пішуць на тэму выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ў Беларусі напрыканцы верасьня. Выбарчая кампанія пачалася: праходзіць вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Апазыцыйныя актывісты пры гэтым часта сутыкаюцца зь перасьледам і дыскрымінацыяй з боку ўлады.
Пра тое, ці апраўдаюцца чаканьні дэмакратычнай апазыцыі на верасьнёўскіх выбарах, разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:
“Прадбачу, што на гэтых выбарах паўторыцца тое ж, што на выбарах восем год таму, калі ў Палату прадстаўнікоў трапілі так званыя “апазыцыянэры” Фралоў і Парфяновіч. У выніку ўсё скончыцца “пшыкам”. Тым больш што ў 2000-м сыстэма Лукашэнкі і лукашызму яшчэ толькі фармавалася, а цяпер яна стала ўстойлівым звычаем і ладам жыцьця. Цалкам сасьпела пакаленьне чыста лукашэнкаўскай намэнклятуры — людзей цынічных і мэнтальна зусім не заходніх, далёкіх ад ідэяў Эўразьвязу. Іхныя дачыненьні з Захадам цалкам упісваюцца ў толькі што створаную сыстэму Міжземнаморскага саюзу ад Марока да Сырыі (маю на ўвазе ўзровень прызнаньня гэтых рэжымаў на Захадзе). Большага ім і ня трэба. Насельніцтва гэтых суседніх з Эўразьвязам краінаў (Сырыя — Марока, Казахстан, Расея, дый тая ж Украіна) ня здольнае (і ня можа, і не жадае) будаваць больш дэмакратычную сыстэму ўлады, выбіраць яе, змагацца за яе ў палітычнай барацьбе.
Захад гэта даўно зразумеў на 100 працэнтаў. І рана ці позна ён міжволі пачне ставіцца да Беларусі гэтаксама, як і да “дэмакратычнага” (у двукосьсі) Казахстану Назарбаева.
Расейска-культурны і мэнтальна масквацэнтрычны беларус толькі на першы погляд блізкі да жыхара Літвы ці Польшчы. Спантанна і выпадкова выбраўшы ва ўладу некалькі дэмакратаў-заходнікаў, ён хутка можа ў іх расчаравацца. І потым выбраць на іхнае месца дзяржаўных мужоў-намэнклятуршчыкаў бізантыйскага тыпу — як уладу, якая больш адпавядае ягонаму сьветаразуменьню ды мэнтальнасьці”, — гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.
Ня думаю, спадар Марціновіч, што ваша параўнаньне Беларусі з арабскімі краінамі Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу карэктнае. Беларусь і Эўразьвяз не разьдзелены морам, паміж імі няма цяжкапераадольнага бар’еру цывілізацыйных, эканамічных, рэлігійных, гістарычных адрозьненьняў. І Захад глядзіць на будучыню сваіх дачыненьняў з Усходняй Эўропай зусім ня так, як на пэрспэктывы дачыненьняў з арабскім сьветам.
Гаворка ідзе ўжо ня толькі пра суседнія зь Беларусьсю Польшчу, Літву і Латвію, якія сталі часткай аб’яднанай Эўропы. Паводле апошніх дамоўленасьцяў паміж Брусэлем і Кіевам, украінцы ўжо праз тры гады змогуць езьдзіць у краіны Эўразьвязу бязь візаў. Перамовы пра значнае спрашчэньне візавага рэжыму вядзе з Брусэлем і Масква. Усё гэта адбываецца на тле хоць і марудных, але прыкметных дэмакратычных зьменаў ва Украіне, дый у Расеі. Ні расейская Дума, ні ўкраінская Вярхоўная Рада не падобныя да беларускай Палаты прадстаўнікоў, у якой пануюць поўнае аднадумства і згода з любым рашэньнем прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Тэма выбараў гучыць і ў лісьце Міхаіла Мялешкава зь вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёну. Вось як слухач апісвае атмасфэру, у якой адбываецца выбарчая кампанія.
“Я — актывіст апазыцыі з 80-х гадоў. Удзельнічаю ў выбарах і назіраю, як агенты спэцслужбаў сочаць за ўсімі намі, — піша Міхаіл Мялешкаў. — Заўважыў: не пасьпее моладзь пайсьці на справу (разгарнуць пікет ці вывесіць нацыянальны сьцяг) — як іх ужо чакае міліцыя.
Лябедзька сваіх прыхільнікаў у рэчыцкім лесе спрабаваў сабраць — і там яго хутка знайшлі. Нават у Расейскай імпэрыі царская “ахранка” баялася сунуцца ў лес, а цяпер не баяцца.
Добраахвотныя памочнікі кадэбістаў тэлефануюць у міліцыю, як толькі ўбачаць, што сабраліся некалькі апазыцыянэраў. Маўляў, праверце, сабраліся тэрарысты. Агенты нават у сёлы засяліліся і актыўнічаюць.
На мяне тэлефанавалі, калі я яшчэ зьбіраў подпісы за Пазьняка. Паведамлялі ўсе прыкметы: “Паліто шэрае, шапка чорная, высокі, з сумкай” — і мяне ўжо сустракалі.
Падазраю, што робяць гэта агенты Масквы — сочаць, палююць на актывістаў беларускага нацыянальнага руху. Усё пытаюць: “Хто ты, адкуль?” Нахабныя, ваяўнічыя. У спрэчках нярэдка можна пачуць ад іх: “Вось хутка Расея ўвядзе свае войскі”, альбо пра беларусаў: “Такога народа ніколі не было, яго выдумалі”...
І выбух 4 ліпеня ў Менску, я лічу, не абышоўся без рукі Масквы. Яны запалохваюць Лукашэнку”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Мялешкаў зь вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёну.
Тое, што ў Беларусі спэцслужбы ўцягнутыя ў выбарчую кампанію — шырока вядома. Нядаўна мы падрабязна распавядалі пра гісторыю кобрынскага апазыцыйнага актывіста Алеся Меха. Ён запісаў на дыктафон, як кіраўнік мясцовага аддзелу КДБ пагражаў яму звальненьнем з працы, калі ён адважыцца ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. І свае пагрозы ўлада ажыцьцявіла: Алеся Меха звольнілі з працы ў “Белтрансгазе”.
Ня думаю, спадар Мялешкаў, што агентаў спэцслужбаў адмыслова засяляюць у вёскі, каб сачылі за апазыцыянэрамі. Звычайна робіцца гэта прасьцей: КДБ знаходзіць так званых “інфарматараў” зь ліку мясцовых жыхароў, якія за невялікую плату, а то і бясплатна, з ідэйных меркаваньняў, даносяць на “нядобранадзейных” суседзяў ды аднавяскоўцаў.
Пра непаразуменьні з уладай паведамляе нам у некалькіх лістах грамадзкі актывіст, інвалід Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну. Ён піша:
“Не адзін раз чуў па Радыё Свабода, што чыноўнікі зь Менску і абласных цэнтраў перасылаюць скаргі грамадзянаў тым, на каго людзі скардзяцца. Нядаўна і сам упэўніўся ў гэтым. І што нам, простым грамадзянам, у такім разе рабіць? Можа, зьехаць куды ад гэтага гора?
Вось і нядаўна я атрымаў адпіску з Адміністрацыі прэзыдэнта за подпісам начальніка па працы са зваротамі грамадзянаў Буко. Спадар Буко паведамляе, што мой ліст пераслаў у Менскі абласны суд. Я ў гэтай сувязі яму напісаў: “Усе мае папярэднія звароты да прэзыдэнта Вы пераадрасавалі — ні на адзін я не атрымаў адказу па сутнасьці. Нядрэнна вам працуецца. І аклад, напэўна, нядрэнны. А ўсяго і працы: атрымаў зварот — пераадрасаваў. Можа, у штатным раскладзе вашай управы ёсьць вольнае месца? Я падам заяву аб прыёме на працу. А што? Друкаваць на кампутары ўмею. Маю вышэйшую адукацыю. А куды пераслаць чарговы зварот грамадзяніна, вы мне падкажаце. І ўсе будуць задаволеныя”.
Яшчэ ў адным сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Калянкевіч паведамляе пра самыя апошнія падзеі — візыт на ягоную сядзібу мясцовых міліцыянтаў Верамейчыка і Камароўскага. Слухач піша:
“Спачатку сказалі, што прыйшлі праверыць, як я захоўваю паляўнічую зброю. Потым пачалі дапытваць, як у мяне апынулася пасьведчаньне старшыні камітэта аховы прыроды Рудзенскага паляўнічага калектыву. Я адказаў, што на гэта ёсьць рашэньне агульнага сходу паляўнічых. Але пасьведчаньне ў мяне ўсё роўна забралі. А потым Верамейчык пачаў рыхтаваць дакумэнты, каб забраць у мяне паляўнічыя стрэльбы. Сказаў: гэта тлумачыцца тым, што Пухавіцкі суд прыцягваў мяне да адміністратыўнай адказнасьці. А пакаралі мяне за тое, што выступіў на несанкцыянаваным мітынгу супраць будаўніцтва хімічнага заводу ў ваколіцах Рудзенску. Тут жа прывялі панятых — суседзяў. Я пачаў даводзіць, што рашэньне я абскардзіў, што яно яшчэ ня мае юрыдычнай сілы... Але Верамейчык і слухаць нічога не хацеў. У мяне падняўся ціск, з носа пайшла кроў... Давялося ісьці ў паліклініку”, — паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну.
У паляўнічага адабралі стрэльбы за тое, што ён выступіў на экалягічным мітынгу. Нічога ня скажаш, дзейснае рэагаваньне на менскі выбух. У сваіх справаздачах міліцыянты, напэўна, паставілі “птушачку” — далажылі начальству, што актыўна займаюцца прафіляктыкай тэрарызму, адабралі зброю ў патэнцыйна небясьпечнага злачыннага элемэнта, ледзь не рэцыдывіста. А ў той самы час, калі міліцыя імітуе бурную дзейнасьць, прыніжаючы сваімі бессэнсоўнымі дзеяньнямі грамадзка актыўных людзей, сапраўдныя бандыты застаюцца на волі. Вядома, іх знайсьці цяжэй: яны ж не рэгіструюць сваю зброю ў міліцыі і не выступаюць на мітынгах.
Пра тое, як міліцыя дэманструе падвышаную пільнасьць, паведамляе ў сваім лісьце на “Свабоду” і наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:
“У сувязі зь менскім выбухам ваўсю правяраюць наш маларыцкі рынак. Трасуць усіх, незалежна ад таго, чым гандлюеш — ці напоямі, ці аўтамабільнымі запчасткамі. Кажуць, цяпер прадаўцы павінны ўлічваць усіх падазроных пакупнікоў — напрыклад, тых, хто купляе батарэйкі. Зьвяртаюся да вас: не пакідайце гэтую справу без увагі, каб гістэрыя не набыла яшчэ большыя маштабы”, — напісаў Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.
Гэтай тэме, спадар Сац, на працягу апошніх тыдняў мы адводзілі нямала месца ў сваім эфіры. І працягнем сачыць за ёй да таго часу, пакуль на тое будуць інфармацыйныя нагоды.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by