Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: апошняе слова – за партыйнымі зьездамі


Агляд перадвыбарчай сытуацыі.

У выбарчай кампаніі гэты тыдзень стаў першым выпрабаваньнем для патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. Яны падавалі дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Афіцыйна аформіць іх надзвычай важна, бо беларускае заканадаўства дазваляе зьбіраць подпісы выбарцаў на карысьць прэтэндэнтаў толькі сябрам зарэгістраваных групаў.

У Цэнтральную выбарчую камісію паступілі зьвесткі пра колькасьць заявак, якія падалі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Усяго пададзена 448 заявак.

Мікалай Лазавік
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік называе наступныя лічбы:

“Агульная колькасьць заяваў па рэспубліцы — 448. Ёсьць дзьве акругі — у Пінску і Ваўкавыску, дзе ўсяго па адной заяве. І таксама ёсьць дзьве акругі, дзе ў кожнай падалі аж па дзевяць заяў. Зразумела, што гэта ў сталіцы. Тут у сярэднім на кожную акругу прыпадае па 6,55 заяў. Усяго 131 заява на 20 акруг”.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы плянавалі зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ў кожнай са 110 выбарчых акругаў. Але, як паведаміў “Свабодзе” прэсавы сакратар АДС Юры Пацёмкін, пададзеныя заяўкі толькі ў 98:

“Прычыны, зь якіх людзі не падавалі рэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, розныя. Дый наагул да этапу вылучэньня кандыдатаў дайшлі 103 са 110 чалавек. Некаторыя адмовіліся ад вылучэньня з прычыны адміністратыўнага ціску — на іх саміх альбо іхных сваякоў. І нават ужо зараз, падчас вылучэньня, у некаторых рэгіёнах людзі адмаўляюцца далей удзельнічаць у выбарах, выходзяць са сьпісу. У асноўным гэта адбываецца ў рэгіёнах. У Менску такіх выпадкаў няма.

І я думаю, зараз іх стане яшчэ меней. Добра, калі ў сьпісе са 110 застанецца 100 прозьвішчаў”.

Канчатковыя вынікі, як сказаў нашаму радыё спадар Лазавік, будуць вядомыя 29-га, а можа нават і 30-га ліпеня. Але тое, што зарэгістраваных групаў будзе менш, за колькасьць ахвотных іх мець, не выклікае сумневу. На кожных выбарах абавязкова з нейкіх прычынаў частцы групаў адмаўляюць у рэгістрацыі.

Дарэчы, на ранейшых выбарах апазыцыйныя палітыкі вылучаліся пераважна не праз збор подпісаў, а праз партыйныя зьезды. Але закон дазваляе на зьезьдзе вылучаць кандыдатаў толькі ў тыя акругі, дзе існуюць афіцыйна зарэгістраваныя партыйныя суполкі. Аднак за час, які прайшоў ад мінулых выбараў, улады наўмысна нішчылі структуры апазыцыйных партыяў, – сказала “Свабодзе” сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган:

“Усе ў нас, хто ідзе праз партыю, будуць вылучацца і праз збор подпісаў. Гэта і для падстрахоўкі, і для таго, каб ужо зь людзьмі працаваць. Можна ж паказваць і фатаграфію, і біяграфічныя дадзеныя, і расказваць людзям, чаму ён вылучаецца, і падтрымкі ў іх прасіць... Гэта ж усё дазваляецца падчас збору подпісаў”.

Нечаканай стала адмова ад удзелу ў выбарах Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Такое рашэньне прынятае на сумесным паседжаньні Вышэйшай Рады і ЦК партыі. У камэнтары для “Свабоды” спадар Гайдукевіч патлумачыў гэта тым, што партыі трэба сканцэтравацца на прэзыдэнцкіх выбарах.

Палітоляг Уладзімер Роўда ня лічыць гэтую прычыну сапраўднай:

“Мне зараз нават цяжка сказаць, чаму спадар Гайдукевіч зрабіў гэты крок. Але гэта не тлумачыцца тым, што ён спрабуе сканцэнтраваць свае намаганьні на прэзыдэнцкай кампаніі. У нас, што парлямэнцкая, што прэзыдэнцкая кампанія дэмакратычна не праводзяцца. У нас толькі адзін палітычны гулец гуляе на палітычным полі. І безумоўна, гэта – не Гайдукевіч".

Тым часам, і пра гэта мы перадавалі штодня, некаторых сяброў ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў запалохваюць, шантажуюць, звальняюць.

Ці патрэбна ў такіх умовах удзельнічаць у выбарах? На гэта пытаньне адкажуць удзельнікі партыйных зьездаў апазыцыйных партыяў. Першы зь іх заплянаваны праз тыдзень – 3 жніўня зьбяруцца актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG