Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Мікола Сенька


Жалобная вестка прыйшла зь Лёндану: 19 ліпеня там памёр адзін з ініцыятараў стварэньня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, ягоны актыўны сябар Мікола Сенька. Яму ішоў 84-ы год.


Гасьцінны дом Міколы Сенькі на Penn Road у Лёндане ведалі многія беларусы, якія бывалі ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Распавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

“Мікола Сенька быў для мяне тым прадстаўніком беларускай дыяспары, зь якім, нягледзячы на рэдкія сустрэчы і на вялікую розьніцу ў гадах і жыцьцёвым досьведзе, у мяне адразу склаліся амаль сяброўскія стасункі. Гэтаму паспрыяў наш вядомы пісьменьнік Кастусь Акула, які пазнаёміў мяне са сваім былым таварышам па зброі, разам зь якім вучыўся ў школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны, потым перайшоў на бок францускіх партызанаў, ваяваў з нацыстамі на Апэнінах.

Сенька, дарэчы, быў добра знаёмы з героем беларускага паваеннага супраціву Янкам Філістовічам.

Спадар Мікола быў сярод тых, хто наладжваў жыцьцё нашых эмігрантаў у Вялікай Брытаніі. Яго добра ведалі на беларускай высьпе ў лёнданскім раёне Фінчлі, там, дзе месьціцца бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны, а таксама беларуская ўніяцкая царква сьвятых Пятра і Паўла”.

Старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Лёля Міхалюк гаворыць пра Міколу Сеньку як пра сябра, які за больш як шэсьцьдзесят гадоў сваёй эміграцыі ніколі не забыўся на тое, што ён — беларус.

“Мы разам працавалі. Ён уваходзіў ва ўправу нашай арганізацыі і быў чынным яе сябрам. Чалавек быў сапраўды беларусам ад самага пачатку і ахвярным беларусам, дзе б ён ні знаходзіўся, дзе б ні працаваў, ён быў усюды і заўсёды на сваім месцы”.

Мікола быў чалавекам надзвычай чульлівым. Атрымліваючы навіны зь Беларусі, ён нярэдка ня мог стрымаць сьлёзаў. На пачатку 90-х гадоў гэта былі сьлёзы радасьці, пазьней — сьлёзы горычы і трывогі.
За гады незалежнасьці Беларусі Мікола Сенька некалькі разоў прыяжджаў на Бацькаўшчыну — адведваў родную Стаўпеччыну, удзельнічаў у першым і другім зьездах беларусаў сьвету, якія праходзілі ў Менску ў 90-х гадох. Уладзімер Арлоў прыгадвае:

“Мікола быў чалавекам надзвычай чульлівым. Атрымліваючы навіны зь Беларусі, ён нярэдка ня мог стрымаць сьлёзаў. На пачатку 90-х гадоў гэта былі сьлёзы радасьці, пазьней — сьлёзы горычы і трывогі. Але Мікола меў ня толькі эмацыйную, але і практычную сувязь з Радзімай. Ён заўсёды лічыў сваім абавязкам падтрымку беларускіх арганізацыяў і асяродкаў, быў сталым падпісчыкам газэтаў “Наша Ніва” і “Наша слова”.

Міколу Сеньку вельмі пашанцавала ў тым, што побач зь ім напрыканцы жыцьця была жонка Алена — надзейная сяброўка, аднадумца, такая ж ахвярная патрыётка, перакананая ў эўрапейскай будучыні бацькаўшчыны. На Аленіных руках ён і адышоў у нябесную Беларусь”.

Разьвітаньне зь Міколам Сенькам і пахаваньне адбудзецца ў Лёндане пры канцы тыдня. Дакладная дата яшчэ не вядомая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG