28-гадовага Кірылу Паўлоўскага затрымалі 11 ліпеня. Ён распавёў, што ішоў з кафэ, якое знаходзіцца насупраць будынку КДБ, у кнігарню на праспэкце Незалежнасьці. Насустрач выйшаў спэцназавец. Кірыла пачуў па рацыі сваё прозьвішча і загад затрымаць яго. Потым яшчэ падышоў чалавек у цывільным і запатрабаваў дакумэнты.
“Ён сказаў, што затрымлівае мяне да высьвятленьня абставінаў. Пасьля гэтага мяне прывезьлі у Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол, што я нібыта лаяўся матам па тэлефоне і гэтым прыцягваў увагу. Потым павезьлі ў суд, дзе арыштавалі на 10 сутак”, - апавёў К.Паўлоўскі.
У гэты ж дзень былі затрыманы яшчэ два сябры АГП Міхаіл Пашкевіч і Віталь Стажараў. Міліцыянты іх таксама зьвінавацілі ў лаянцы матам. М.Пашкевіча і В.Стажарава арыштавалі на 15 сутак.
Кірыл свой арышт адбываў у адной камэры з М.Пашкевічам і В.Стажаравым. Яны выйдуць на волю 26 ліпеня.
Свой арышт К.Паўлоўскі тлумачыць актыўным удзелам у выбарчай кампаніі.
Пра камэру на Акрэсьціна К.Паўлоўскі сказаў:
“240 гадзін у грамадзкай прыбіральні – брудныя сьцены... 10 сутак без руху, нібыта ў нейкім хляве”.